На світанку 13 кастрычніка 1307 г. сакрэтная паліцыя французскага караля Філіпа IV Прыгожага правяла аперацыю, якую можна параўнаць з дзейнасцю спецслужбаў таталітарных рэжымаў ХХ ст. За адну ноч ва ўсёй Францыі былі арыштаваны амаль усе да аднаго члены манаскага рыцарскага ордэна тампліераў.
Многія з іх нават не паспелі прачнуцца і ўстаць са сваіх ложкаў, як былі закаваны ў кайданы і адвезены ў турмы. Вакол гэтага факту існуе шмат розных пытанняў: тампліеры аддаліліся ад каталіцкай веры? Кароль Францыі жадаў папоўніць казну за кошт іх багаццяў? Ці, можа, існуе яшчэ больш таямнічая гісторыя? Паспрабуем разабрацца ў гэтым.
Гісторыя тампліераў пачалася ў 1119 г., калі дзевяць шляхетных рыцараў пажадалі прысвяціць сваё жыццё ахове хрысціянскіх святыняў, што знаходзіліся ў Святой Зямлі. Справа ў тым, што крыжакі пасля некалькіх гадоў паходаў спяшаліся вярнуцца дамоў, а адваяваныя імі землі заставаліся без абароны. У такіх умовах маленькая група рыцараў звярнулася да Іерусалімскага Патрыярха з просьбай дазволіць застацца ў Святой Зямлі, каб жыць паводле статутаў манахаў аўгустынцаў: у беднасці, чысціні і паслухмянасці, адначасова баронячы пілігрымаў і святыні ад нападаў няверных. Адказ быў станоўчым і рыцары змаглі пасяліцца каля храма Саламона. Па французску слова «храм» гучыць як «templier» — так з’явілася назва ордэна «тампліеры».
Ордэн пачаў разрастацца. Каб стаць тампліерам, кожны рыцар быў абавязаны адмовіцца ад усялякай прыватнай маёмасці на карысць супольнасці. Такім чынам, пачаліся накаплівацца пэўныя багацці. Рыцары выклікалі захапленне сваёй адвагай і сціпласцю, верай і жорсткасцю ў адносінах да ворагаў Хрыста. Усе каралі і заможныя людзі Еўропы лічылі за гонар ахвяраваць тампліерам частку сваёй маёмасці ці золата. Напрыклад, арагонскі кароль Альфонс І падарыў ордэну трэцюю частку свайго каралеўства. Частку сваіх земляў рыцарам-законнікам ахвяравалі таксама магнаты Францыі, Англіі, Шатландыі, Фландрыі, Партугаліі. Многія каралі давяралі тампліерам на захаванне свае багацці ці, наадварот, пазычалі грошы, калі ўзнікала патрэба. Так узнікла першая ў Еўропе банкаўская сістэма — было дастаткова пакінуць грошы тампліерам у Парыжы, каб, прадставіўшы спецыяльную квітанцыю, атрымаць іх, напрыклад, у Барселоне.
Нягледзячы на фінансавую магутнасць, ордэн пачаў цярпець ваенныя паражэнні ў Святой Зямлі. Пад націскам мусульман рыцары былі вымушаны пакінуць адваяваныя тэрыторыі і вярнуцца ў Еўропу. Але тут праз некаторы час яны былі абвінавачаны ў ерасі, што ў той час адпавядала здрадзе Радзіме, і былі асуджаны на спаленне на кастры.
У сваёй кнізе «Код Да Вінчы» Дэн Браўн прадстаўляе арышт тампліераў як ініцыятыву папы Клімента V, але на самой справе менавіта Пантыфік імкнуўся абараніць ордэн ад французскага караля Філіпа IV Прыгожага, якога, у сваю чаргу, цікавілі вялікія багацці ордэна. Яны былі патрэбны каралю для папаўнення казны, амаль спустошанай у выніку вельмі дарагіх будоваў: касцёла Нотр-Дам і Парыжскага замка. Каб завалодаць вялікімі багаццямі, кароль задумаў вельмі складаную гульню.
З яго дапамогай на Пасад св. Пятра быў абраны французскі арцыбіскуп Бертран дэ Го, які нават не быў кардыналам. Ён прыняў імя Клімента V і заставаўся заўсёды каля караля ў французскім мястэчку Авіньён. Менавіта з Клімента V пачаўся перыяд «авіньёнскага палону» — часу, калі Пантыфікі, амаль на працягу 100 гадоў не маглі вярнуцца ў Рым.
Каб мірным шляхам завалодаць багаццямі тампліераў, Філіп IV з дапамогай Папы вырашыў аб’яднаць ордэны гаспітальераў і тампліераў пад сваім кіраўніцтвам у адзін, нібыта для патрэбаў новага крыжовага паходу. Але генерал тампліераў Жак дэ Мале адмовіўся ад аб’яднання, тлумачачы, што ордэны выконваюць розныя функцыі.
Тады кароль пастанавіў сам за адну ноч вырашыць усе праблемы свайго каралеўства. Амаль на працягу месяца пад яго кіраўніцтвам рыхтавалася аперацыя па раптоўнаму арышту ўсіх законнікаў і іх маёмасці. Пасля гэтага пад пыткамі з іх выбіваліся прызнанні ў пакланенні ідалам, магіі і здрадзе Хрысту. Але большасць з тампліераў далі мужнае сведчанне сваёй адданасці каталіцкай веры і прынялі смерць як мучанікі.
Французскі кароль заклікаў таксама і іншых еўрапейскіх манархаў скончыць з супольнасцю «ератыкоў», як ён назваў тампліераў, але ніхто яго не падтрымаў. Усе чакалі, што скажа Папа.
Клімент V, нягледзячы на тое, што знаходзіўся ў французскім палоне, выступіў з пратэстам: ён напісаў ліст, у якім абвінаваціў французскага караля ва ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы Касцёла. Аднак хутка пад ціскам і пагрозамі манарха быў вымушаны выдаць загад аб канфіскацыі ўсёй маёмасці тампліераў у Еўропе на карысць Касцёла.
Многія манархі рабілі гэта з вялікай неахвотай: напрыклад кароль Партугаліі на некалькі гадоў прыняў законнікаў у сябе ў замку і адносіўся да іх як да вельмі дарагіх гасцей. Затым, калі ордэн спыніў сваё афіцыйнае існаванне, у Партугаліі з дапамогай караля быў заснаваны новы — «Рыцары Хрыста». Яны атрымалі ў спадчыну ўсю маёмасць тампліераў у гэтай краіне і падтрымлівалі сваімі сродкамі падарожжы ў Амерыку ў XV і XVI ст. Законнікі засталіся вернымі свайму пакліканню і на працягу доўгіх гадоў служылі Касцёлу і людзям.
Такім чынам, можна зрабіць выснову, што прычынай знішчэння ордэна тампліераў былі карыслівыя памкненні свецкага манарха і слабасць Пантыфіка. Акрамя таго, насуперак існуючым легендам аб захапленні тампліераў магіяй, акультызмам і пакланеннем ідалам, яны былі законнікамі, якія заставаліся да канца жыцця адданымі каталіцкай веры і памерлі як мучанікі.
Аляксандр Панчанка