Пошук

06.06.2012 10:47  

Калі хочаш зарабіць шмат грошай, напішы што-небудзь кепскае пра Ватыкан. Убачыш, што не памылішся! Так дзяліўся сакрэтам поспеху на кніжным рынку дырэктар аднаго вялікага англійскага выдавецтва. Гэтую праўду падцвярджаюць амаль усе бестсэлеры, выдадзеныя ў апошнія часы: «Код да Вінчы» Дэна Браўна, «Папа Гітлера» Джона Корнвэла, «Іаана — жанчына на папскім прастоле» Донны Фулфарк Крос і многія іншыя.


Пра «вялікі кошт» легендаў і правакацый супраць Ватыкана сведчаць і сумныя падзеі, якія мы перажываем у сённяшнія дні. Адным з многіх паспяховых аўтараў апошніх дзесяцігоддзяў стаў англійскі пісьменнік і сцэнарыст Дэвід Яллоп. Ён праславіўся тым, што нібыта праліў святло на тайну смерці папы Яна Паўла І. Яго кніга «У імя Бога. Смерць папы Лучані» выйшла ў 1984 г. Яна была перакладзена на многія мовы і прададзена тыражом у 6 мільёнаў асобнікаў ва ўсім свеце. Дарэчы, гэта дазволіла аўтару набыць сабе маленькі сярэднявечны замак на поўдні Англіі.

У аснове сюжэту кнігі ляжыць супрацьстаянне папы Яна Паўла І і кардыналаў, якое закончылася забойствам Пантыфіка праз 33 дні пасля абрання на пасад св. Пятра. Яллоп паказвае Яна Паўла І як «прагрэсіўнага» Папу, які імкнуўся цалкам перагледзець пазіцыю Касцёла адносна пытанняў кантрацэпцыі і сексуальнай этыкі. Гэта, паводле пісьменніка, прывяло да змовы супраць яго і абрання новага Папы — традыцыяналіста і кансерватара Яна Паўла ІІ. Канешне, аўтар гэтай легенды не прыводзіць ніводнага аб’ектыўнага доказу праўдзівасці сваёй тэорыі, аднак гэта не перашкаджае яму сцвярджаць, што ён раскрыў вялікую таямніцу, што хавалася за ватыканскімі мурамі. Паспрабуем разабрацца, ці сапраўды яго ідэі адпавядаюць рэчаіснасці.

Трэба пагадзіцца, што галоўнага персанажа для свайго рамана Яллоп абраў вельмі паспяхова. Ян Павел І быў чалавекам, які выклікаў сімпатыю людзей незалежна ад іх жыццёвых і рэлігійных поглядаў. Будучы Пантыфік нарадзіўся ў сялянскай сям’і і на працягу ўсяго свайго жыцця цягнуўся да простых людзей; ён не быў курыяльным іерархам, але прайшоў шлях ад вясковага пробашча да Патрыярха Венецыі. Яго кніга «Славутыя», у якой ён віртуальна звяртаўся да розных гістарычных персанажаў, ад Езуса да Пінокіа, была сведчаннем яго простай, але глыбокай веры. Без сумніву — ён быў чалавекам, якога патрабаваў Касцёл у той час.

Паводле Яллопа, на чале змовы супраць Пантыфіка стаяў Дзяржсакратар кардынал Жан Марыя Віё. Менавіта гэты іерарх, як сцвярджае англійскі пісьменнік, быў першым, хто увайшоў у пакой, дзе знаходзіўся памерлы Папа, і забраў дакументы, якія Пантыфік трымаў у руках. Яллоп паведамляе чытачам, што гэта быў спіс новых прызначэнняў у Рымскай Курыі, складзены самім Янам Паўлам І. Зноў жа, паводле аўтара рамана, у гэтым спісе не было імені кардынала Віё.

Гэта не адпавядае рэчаіснасці. Па-першае, паводле касцёльных працэдур, кардынал Віё быў абавязаны забраць дакументы, якія былі пры Пантыфіку. Яны захоўваюцца да сённяшняга дня, і змест іх вядомы: гэта былі тэксты старых гамілій Папы. З іх дапамогай ён рыхтаваў новую прамову. Па-другое, кардынал Віё сам прасіў аб адстаўцы з прычыны слабога здароўя (ён памёр праз 6 месяцаў пасля Пантыфіка). Ян Павел І папрасіў яго застацца, прынамсі на некаторы час, бо давяраў яго вопыту і кампетэнцыі. Такім чынам, кардынал Віё не баяўся згубіць сваю пасаду.

Іншая гіпотыза Яллопа, аб тым, што Ян Павел І быў прыхільнікам легалізацыі кантрацэпцыі, таксама не адпавядае рэчаіснасці. Пасля публікацыі энцыклікі «Humanae vitae» («Чалавечае жыццё») Паўла VI менавіта кардынал Лучані, будучы папа Ян Павел І, быў адным з яе самых актыўных абаронцаў. Захаваліся шматлікія пастырскія лісты, у якіх будучы Пантыфік тлумачыў глыбокае значэнне гэтага дакумента. У першы дзень пасля свайго абрання Папам ён цытаваў фрагменты ІІ Ватыканскага Сабору, якія паўплывалі на напісанне дакумента аб каштоўнасці чалавечага жыцця. Акрамя таго, варта адзначыць, што Папа хацеў працягваць дактрынальную лінію, пачатую яго папярэднікамі, Янам ХХІІІ і Паўлам VI. Менавіта таму ён абраў імя Яна Паўла І.

Яшчэ адна хлусня, якая ўтрымліваецца ў кнізе Дэвіда Яллопа, датычыцца нібыта моцнага здароўя Папы. Паводле пісьменніка, Ян Павел І быў поўны энергіі і сіл Пантыфік, рашуча гатовы стаць промнем святла ў цёмных калідорах Ватыкана. Аднак гэта не так. Яшчэ ў 1973 г. кардынал Лучані прасіў Паўла VI не прызначаць яго Патрыярхам Венецыі з прычыны слабога здароўя. Падчас адной з аўдыенцый для хворых ён падзяліўся, што восем разоў быў гаспіталізаваны і перанёс чатыры аперацыі. Нягледзячы на тое, што Пантыфік часта ўсміхаўся, на самой справе ён вельмі пакутаваў ад хваробаў. Пра гэта сведчылі таксама яго блізкія, якія ведалі Папу лепш за іншых.

За дзень да смерці Ян Павел І пачаў адчуваць сябе не вельмі добра. 28 верасня 1978 г. надвор’е ў Рыме раптоўна пагоршылася, і Папа некалькі разоў скардзіўся на высокі ціск і болі ў грудзях, аднак забараніў выклікаць урача. Вечарам ён меў некалькі сустрэч і тэлефонных размоваў. Сярод іншых ён патэлефанаваў свайму доктару ў Венецыю, апісаў сімптомы, і той паабяцаў прыехаць у Рым як мага хутчэй з вынікамі ўсіх аналізаў, якія Пантыфік рабіў раней. Пасля гэтага Папа пажадаў добрай ночы сваім супрацоўнікам і зачыніўся ў пакоі.

Раніцай першай прывітаць Пантыфіка прыйшла законніца, якая прыгатавала сняданак. Аднак калі пастукала ў дзверы, ніхто ёй не адказаў. Тады яна адчыніла дзверы і ўбачыла, што Папа памёр. На стале гарэла лямпа, а Пантыфік быў пахілены над тэкстамі сваіх гамілій. Законніца паклікала кардынала Віё і асабістага ўрача Папы. Прыкладна праз паўтары гадзіны было афіцыйна абвешчана, што папа Ян Павел І памёр ад інфаркту.

Канешне, такая хуткая смерць Папы выклікала масу спекуляцый у СМІ. Яны з’явіліся даволі хутка і працягваюцца да сённяшняга дня. Акрамя таго, што ў наш час пануючага рэлятывізму яны дазваляюць паказаць чорным тое, што лічыцца святым, кніга Дэвіда Яллопа з’яўляецца цудоўным прыкладам, наколькі «чорныя легенды» аб жыцці ў Ватыкане могуць быць прыбытковымі.


Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа