Пошук

10.08.2017 08:44   Кс. Уладзімір Гуляй / Catholic.by

Ёсць пытанні, якія ў касцёльным асяроддзі будуць уздымацца заўсёды. Адна з тэм, якая не страчвае сваёй актуальнасці, датычыць несакрамэнтальных саюзаў. Адказы на асноўныя пытанні на гэтую тэму падрыхтаваў кс. Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна.

Што такое несакрамэнтальны саюз?
Сітуацыя разведзеных, якія раней заключылі сакрамэнт сужэнства
Стаўленне Касцёла да тых, хто жыве ў паўторных саюзах
Пра духоўную апеку над разведзенымі і непрыняцце разводаў
Ці могуць прымаць сакрамэнты тыя, хто жыве ў несакрамэнтальным саюзе?
«Недаравальныя» грахі
Касцёл святы, але складаецца з грэшнікаў

Што такое несакрамэнтальны саюз?

Можна вылучыць дзве жыццёвыя сітуацыі, якія падпадаюць пад такое акрэсленне.  Першая, калі людзі жывуць як муж і жонка, але не заключылі касцёльнага шлюбу і перашкод да гэтага ў іх няма.

Другі выпадак — гэта паўторныя саюзы пасля грамадзянскага разводу, дзе хаця б адзін з бакоў звязаны раней сакрамэнтальным спосабам, г.зн. атрымаў сакрамэнт сужэнства. Спрошчана можна сказаць, што гэта сем’і разведзеных. У Касцёле няма разводаў, але звычайна такія людзі разводзяцца згодна з дзяржаўнымі нормамі. Папярэдні шлюб для такой катэгорыі асоб становіцца перашкодай да заключэння сужэнства. Толькі смерць можа разлучыць сужэнцаў.

У абодвух выпадках несакрамэнтальны саюз можа прымаць форму ці грамадзянскага шлюбу ці нефармальнага, так званы вольны саюз, сужыцельства. Некаторыя памылкова грамадзянскім шлюбам называць менавіта сужыцельства.  

Сітуацыя разведзеных, якія раней заключылі сакрамэнт сужэнства

Розныя матывы становяцца прычынай таго, што, нягледзячы на абавязак вернасці, які вынікае з сужэнскай прысягі, складзенай перад алтаром, разведзеныя асобы згаджаюцца на паўторны грамадзянскі саюз. Часам страх адзіноты, нечаканае пачуццё новага кахання, неабходнасць забеспячэння стабільнасці аказваюцца мацнейшымі, чым асэнсаванне наступстваў, якія вынікаюць з заключэння чарговага, толькі грамадзянскага саюза ахрышчаных асоб.

Калі падчас гэтых новых адносін з'яўляюцца дзеці, тады, у пэўнай ступені, сітуацыя становіцца незваротнай. Аднак, з цягам часу такія каштоўнасці, як вера, Касцёл і сакрамэнты пачынаюць успрымацца разведзенымі з іншага боку. Блізкасць другога чалавека, дзеці, дом аказваюцца недастатковымі. Пачынае нечага не хапаць, нараджаецца туга па нечым большым. А потым узнікае пытанне: «Ці я яшчэ належу да Касцёла, ці магу спадзявацца, што траплю на неба?»

Такія пытанні не могуць быць адкінуты заўвагамі іншых людзей: «Самі вінаватыя, ведалі, на што адважыліся». Матывы, якія стаяць за чалавечымі рашэннямі, не заўсёды ясныя, але нельга ў кожным выпадку бачыць злую волю.

Многія з разведзеных і надалей практыкуюць сваю веру, нягледзячы на тое, што яны часамі адчуваюць сябе католікамі другой катэгорыі і балюча перажываюць немагчымасць спавядацца і прымаць Камунію. Іх пошукі формаў кантакту з Богам часам даюць дзіўны плён. Часта ў гэтых абставінах спаўняюцца словы св. Паўла: «Дзе памножыўся грэх, там яшчэ больш памножылася ласка» (Рым 5, 20).

Як правільна ацэньваць такія сітуацыі, калі нехта, нягледзячы на тое, што знаходзіцца ў несакрамэнтальным саюзе, рэгулярна моліцца Ружанец, устае раней за ўсіх членаў сям'і, каб мець час на чытанне Святога Пісання, рэгулярна посціць і актыўна ўдзельнічае ў ініцыятывах адносна любові да бліжняга?

Ці такія людзі насамрэч жывуць у варожасці з Богам? Ці Божая ласка не праяўляецца ў іх жыцці?

Як гэта ні парадаксальна, але несакрамэнтальны саюз можа прывесці да рэлігійнага абуджэння. Больш за тое, вера такіх людзей часам больш выразная, чым многіх «стандартных» католікаў, якія не маюць перашкод, хоць бы ў прыняцці сакрамэнтаў, але робяць гэта эпізадычна.

Стаўленне Касцёла да тых, хто жыве ў паўторных саюзах

Касцёл абавязвае пастыраў дапамагаць гэтай групе вернікаў. Святы Ян Павел II у Апостальскай адгартацыі Familiaris Consortio у 1981 годзе пісаў: «Разам з Сінодам я шчыра заклікаю пастыраў і ўсю супольнасць вернікаў дапамагаць разведзеным, імкнуцца з вялікім стараннем і любоўю да таго, каб яны не адчувалі сябе аддзеленымі ад Касцёла, а, калі можна, наадварот як ахрышчаныя павінны ўдзельнічаць у яго жыцці».

Іх варта заахвочваць да таго, каб слухалі Божае слова, каб прысутнічалі на святой Імшы, каб маліліся, каб рабілі свой уклад у справы міласэрнасці і справядлівасці, каб выхоўвалі сваіх дзяцей у хрысціянскай веры, каб умацоўвалі дух і практыку пакаяння, каб такім спосабам выпрошвалі сабе Божую ласку.

Няхай Касцёл моліцца за іх, няхай дадае адвагі, няхай будзе для іх міласэрнай маці, падтрымліваючы ў веры і надзеі…

Тым не менш, Касцёл па-новаму пацвярджае практыку, заснаваную на Святым Пісанні, аб недапушчэнні да святой Камуніі разведзеных асоб, якія заключылі паўторны саюз.

«Касцёл, — тлумачыць Ян Павел II, — створаны для таго, каб прывесці ўсіх людзей, асабліва ахрышчаных, да збаўлення, не можа пакінуць на волю лёсу тых, хто, ужо звязаны сакрамэнтальным саюзам, спрабаваў уступіць у новы шлюб. Ён нястомна будзе рабіць намаганні, каб прапанаваць людзям сродкі выратавання. Касцёл з упэўненасцю лічыць, што нават тыя, якія адышлі ад Божых запаведзяў і да гэтага часу працягваюць жыць у такім стане, могуць атрымаць ад Бога ласку навяртання і выратавання, калі выстаяць у малітве, пакаянні і міласэрнасці» (FC, 84).

Пра духоўную апеку над разведзенымі і непрыняцце разводаў

Некаторыя хочуць прыпісаць Богу міласэрнасць, якая адмяняе законы, устаноўленыя Ім. Несакрамэнтальны саюз супярэчыць Евангеллю, а вучэнне Хрыста па гэтым пытанні адназначнае (гл. Мц 5, 31-32; Мц 19, 5-9; Мк 10, 7-12; Лк 16, 18; 1 Кар 7, 10-11).

Ва ўзгаданым дакуменце Папы Familiaris Consortio, нягледзячы на словы, якія даюць надзею тым, хто знаходзіцца ў несакрамэнтальным саюзе, выразна сказана пра абавязак разысціся (FC, nr 84), вядома, калі гэта толькі магчыма або калі такая сувязь толькі пачынаецца ці знаходзіцца на этапе планавання. Але, калі гэта не з'яўляецца магчымым па многіх прычынах, усё павінна быць зроблена, каб дапамагчы такім людзям падтрымліваць сувязь з Хрыстом і Касцёлам.

Духоўная апека над асобамі, звязанымі несакрамэнтальным шлюбам, не накіравана на тое, каб прыняць разводы або легалізаваць несакрамэнтальныя саюзы. Яе мэта заключаецца ў тым, каб забяспечыць духоўную дапамогу католікам, у якіх складанае сужэнскае жыццё і якое знаходзіцца ў нявырашанай сітуацыі.

Душпастырства асоб, якія жывуць у несакрамэнтальным саюзе, павінна служыць умацаванню здаровай мадэлі сям'і. У адваротным выпадку гэта будзе памылкай і шкодным праслаўленнем таго, што сярод ахрышчаных і веруючых не павінна быць нормай.

Неабходна гаварыць праўду пра зло, якое нясе развод, пра правал нерэалізаванай да канца любові, нават тады, калі муж і жонка разышліся спакойна і культурна. Асабліва звяртаць увагу на псіхічныя раны, якія атрымліваюць у гэтых сітуацыях дзеці, пакідаюць глыбокі след і значны ўплыў на фарміраванне іх асобы. Незаменнымі паставамі з’яўляюцца дабрыня, клопат і цвёрдасць, а таксама намер не адкідаць Евангелле, якое заклікае ўсіх людзей пакаяцца і змяніць сваё жыццё.

Душпастырства разведзеных не мае гатовых рэцэптаў, гэта хутчэй за ўсё шлях, які раскрывае свой сэнс па меры крочання па ім.

Ці могуць прымаць сакрамэнты тыя, хто жыве ў несакрамэнтальным саюзе?

Адным з галоўных пытанняў, якія задаюць тыя, хто жыве у несакрамэнтальным саюзе, з’яўляецца пытанне аб магчымасці споведзі і прыняцця святой Камуніі.

Пытанням далучэння да святых сакрамэнтаў Ян Павел II прысвяціў у сваёй апостальскай адгартацыі два наступныя абзацы ўзгаданага нумару 84. У першым з іх тлумачыць, чаму людзі, якія жывуць у несакрамэнтальных саюзах, не могуць быць дапушчаны да святой Камуніі і споведзі. У другім выпадку ён фармулюе ўмовы, выкананне якіх дазваляе прымаць сакрамэнты.

Папа ўказвае на дзве спецыфічныя ўмовы для гэтай сітуацыі: пакаянне і шкадаванне за распад сакрамэнтальнага саюза і незахаванне сужэнскай вернасці; рашэнне жыць у чыстасці, г.зн., між іншым, поўнае адмаўленне ад інтымных актаў.

Гэта апошняя ўмова дзейнічае толькi тады, калi нельга выканаць патрабаванне разысціся. Такім чынам, патрабаванне сексуальнага ўстрымання не варта разглядаць як легалізацыю несакрамэнтальных саюзаў ці зялёнага святла для гэтага тыпу адносін.

Некаторыя пастыры ўказваюць на яшчэ адну ўмову, якую павінны выканаць тыя, хто жыве ў несакрамэнтальных саюзах, каб у поўнай меры ўдзельнічаць у Эўхарыстыі: імкнуцца пазбягаць даваць дрэнны прыклад іншым вернікам. На практыцы гэта азначала б прыняцце св. Камуніі за межамі сваёй парафіі.

Апрача ўзгаданых умоў існуе абавязак кампенсацыі нанесенай шкоды мужу або жонцы, дзецям і ўсім, хто пацярпеў у выніку распаду першага шлюбу. Гэта адна з агульных умоў далучэння да сакрамэнту пакаяння.

У надзвычайнай сітуацыі, якой з'яўляецца небяспека смерці, кожны вернік можа паспавядацца і прыняць Камунію, калі верыць і шкадуе за грахі.

«Недаравальныя» грахі

Людзі, якія жывуць у несакрамэнтальных саюзах, часам уздымаюць пытанне: чаму адзін і той жа грэх у іх сітуацыі недаравальны, а ў выпадку нявернага мужа ці жонкі ў сакрамэнтальным саюзе даравальны?

Знаходжанне ў несакрамэнтальным саюзе — не самае цяжкае злачынства, якое можа дапусціць чалавек. Аднак варта адзначыць, што асноўнай умовай адпушчэння граху з’яўляецца абяцанне выправіцца. Калі чалавек, які спавядаецца ў сужэнскай нявернасці, не хоча разбурыць адносіны, якія прыводзяць яго да граху, ён не можа атрымаць адпушчэнне грахоў. Такім чынам, абодва выпадкі — несакрамэнтальны саюз і сужэнская нявернасць — з'яўляюцца перашкодай для атрымання адпушчэння грахоў. Гэта не столькі цяжар граху, колькі стан знаходжання ў ім. Такім чынам, немагчымасць адпушчэння грахоў з боку святара вынікае з унутранай логікі сакрамэнту пакаяння — з адсутнасці волі спыніць сітуацыю, якая супярэчыць Божаму закону.

Касцёл святы, але складаецца з грэшнікаў

Не трэба рабіць выгляд, што Касцёл з'яўляецца элітным клубам выдатных людзей. Яго неабходна ахарактарызаваць як супольнасць тых, хто, адчуваючы сваю слабасць, адкрывае прысутнасць Збаўцы, які ідзе ім насустрач. Касцёл з’яўляецца святым у першую чаргу з-за прысутнасці ў ім Бога, а таксама моцы навяртання, якая ажыўляе яго, а не дзякуючы асабістай святасці асобных яго членаў, хоць і такіх у ім шмат.

Касцёл — як навучае Другі Ватыканскі Сабор — аб’ядноўвае вакол сябе грэшнікаў, святых і адначасова заўсёды патрабуе ачышчэння, пастаянна прымае пакуты і аднаўленні. Таму Касцёл не адштурхоўвае тых, хто адчувае сябе грэшнікам, а наадварот, прагне прыцягваць іх і з'яўляецца тым месцам, дзе можна знайсці Бога і адрадзіцца.

Абноўлена 16.08.2017 12:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа