Аб адпусце мы не прачытаем у Бібліі. Таму, ізноў жа, браты і сёстры іншых веравызнанняў могуць мець, здавалася б, сэнсоўную крытыку ў бок католікаў. Таму, думаю, каб лепш скарыстацца з гэтай збаўчай практыкі і быць больш свядомым хрысціянінам-католікам, варта яе глыбей разумець.
У сакрамэнце паяднання (споведзі) грэшніку даруюцца яго грахі. Дзякуючы гэтаму ён можа дасягнуць вечнага збаўлення, пазбягаючы тым самым вечнай смерці – пекла. Але атрыманне прабачэння за грахі не вызваляе чалавека ад часовых караў – на зямлі або пасля смерці, у чыстцы. Гэтыя наступствы каталіцкая традыцыя называе «слядамі ад грахоў». Кара выступае ў ролі лекаў у той меры, у якой чалавек пакліканы да глыбокага навяртання. Трэба адзначыць, што такі павінен быць сэнс кожнага карнага «мерапрыемства» – змена паводзінаў.
Кара за грэх – паняцце біблійнае. У Старым Запавеце напісана, што мець кары пасля таго, як чалавек атрымаў прабачэнне, з’яўляецца чымсьці нармальным і справядлівым. Бог кажа аб сабе, что Ён «міласэрны і літасцівы, доўгацярплівы і шматміласцівы, і праўдзівы, які захоўвае міласэрнасць на тысячы пакаленняў, які даруе беззаконне, злачынства і грэх, але нічога не пакідае беспакараным і за беззаконне айцоў карае дзяцей і ўнукаў да трэцяга і чацвёртага пакалення» (Зых 34, 6-7).
Кароль Давід скараецца перад Богам у тым, што зграшыў, і Бог дорыць яму прабачэнне, але гэта не вызваляе яго ад справядлівай кары (2 Сам 12, 11; 16, 21). Айцоўская любоў не выключае кары, хаця яе варта заўсёды разумець як Божую міласэрнасць (Гбр 12, 4-11).
Адпусты – гэта таксама Божая міласэрнасць. Езус з’яўляецца для чалавецтва ў нейкім сэнсе самым вялікім «адпустам». Адпустовая практыка служыць дапамогаю ва ўдасканаленні чалавека і ачышчэння яго любові з усялякіх формаў грэшнага эгаізму. Як відаць, працэс унутранага ўзбагачэння працягваецца таксама пасля сакрамэнту пакаяння.
Створца імкнецца да таго, каб чалавек ужо на зямлі быў аздароўлены ад негатыўных наступстваў, якія ў ім пакінуў грэх. Наступствы граху таксама не дазваляюць чалавеку больш шырока адкрыцца дзеянню Божай ласкі ў яго душы. Таму больш шырока сэнс адпустаў трэба разглядаць як магчымасць поўнай адновы чалавека ў моцы ласкі Хрыста Адкупіцеля праз службу Касцёла.
Як і ўсё ў Пана Бога, адпуст даецца дарма. Але яго размеркаванне не трэба разумець у сэнсе нейкага «аўтаматычнага распаўсюжвання», як бы гэта былі нейкія рэчы.
Калі больш уважліва будзем разглядаць дагматычную частку адпустовай практыкі, то заўважым, што адпусты ніколі не з’яўляліся нейкай асаблівай «скідкай», якая б вызваляла ад абавязку навяртання, працы чалавека над сабою, але хутчэй за ўсё былі дапамогай у больш радыкальным і рашучым пастанаўленні быць больш дасканалым і святым.
Гэта зрэшты пацвярджае адна з умоваў атрымання поўнага адпусту, а менавіта абудзіць у сабе намер адарвання ад усялякага, нават лёгкага, граху.
Гэтая ўмова засцерагае чалавека ад так званай «духоўнай хітрасці», якая заключаецца ў тым, што чалавек жадае атрымаць шмат, нічога не робячы. Таму св. Ян Павел II у адной са сваіх прамоваў наконт адпустаў сказаў, што памыляецца той, хто лічыць, што можна атрымаць гэты дар пасля выканання некалькі звычайных знешніх, лёгкіх практык.
Права раздаваць адпусты Каталіцкі Касцёл атрымаў ад Езуса Хрыста, які сказаў сваім апосталам: «Сапраўды кажу вам: што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана ў небе, і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана ў небе» (Мц 18, 18). І, канешне, успамінаюцца «ключы», атрыманыя Пятром ад самога Збаўцы (Мц 16, 19). Заслугі Езуса Хрыста, Багародзіцы і святых перад Богам Айцом, складзеныя ў самім Касцёле, называюцца скарбам. Гэта так званы духоўны скарб, які для чалавека далёкага ад Бога цалкам незразумелы. Мы, веруючыя, маем прывілей карыстання з гэтых заслугаў.
Адпуст бывае поўны або частковы. Поўны адпускае нам кару чыстца (той, хто пасля адпусту не грашыў бы да самай смерці, мае магчымасць адразу ўвайсці ў Валадарства Айца, а хто гэты адпуст ахвяраваў бы за душу ў чыстцы, адразу ж вызваліў бы яе адтуль).
Частковы ж адпуст, як нам паказвае само слова, вызваляе толькі ад нейкай часткі кары за грахі.
Як гэта разумець? Ці лепш сказаць, як гэта памерыць? Тым больш, калі вядома, што ў будучым жыцці няма часу. Усё гэта трэба прывязваць да першых касцёльных практык, калі выдавалася пакаянне з акрэсленым часам: год, два або некалькі гадоў. Гэта значыць, што чалавеку адпускалася столькі чыстцовай кары, колькі яе магла б заступіць падобная колькасць дзён або гадоў пакаяння на зямлі. Але на самой справе ніколі невядома, наколькі мы ачышчаны і колькі нам патрэбна яшчэ ласкі, каб увайсці ў Божае Валадарства.
Варта нагадаць таксама аб умовах атрымання адпустаў. Каб атрымаць поўны трэба: быць католікам, знаходзіцца ў стане святой ласкі (сталай прысутнасці Бога ў нашай душы), значыць без смяротнага граху, мець раскаянне (шкадаваць за свае грахі) і ненавідзець усялякі грэх, нават лёгкі, штодзённы.
Таксама чалавек, які мірыцца з Богам і адмаўляецца ад кожнай формы зла, павінен імкнуцца зрабіць так званы адпустовы ўчынак. Гэты ўчынак зацверджаны Папам Паўлам VI у 1968 годзе ў «Enchiridion indulgentiarum»: больш працяглае чытанне Бібліі, прынамсі трыццаць хвілін, або трыццаціхвіліннае ўшанаванне Святых Дароў, Крыжовы шлях ці святы Ружанец, здзейсненыя з пашанай, і г.д. У Юбілейныя Гады гэта таксама наведванне спецыяльна вызначаных капліц або храмаў.
Акрамя гэтага, трэба прыняць святую Камунію, памаліцца якой-небудзь малітвай (звычайна гэта малітвы «Ойча наш» і «Вітай, Марыя») у намерах Папы Рымскага ў касцёле або якой-небудзь публічнай капліцы. Менавіты малітвы ў намерах Папы з’яўляюцца выразам любові да Бога і Касцёла. У гэтай малітве трэба абудзіць жаданне, каб Касцёл, нявеста Хрыста, пашыраўся і ачышчаўся.
Канешне ж, чалавек, які імкнецца атрымаць адпуст, павінен быць пакорлівым. Разумець, што сам па сабе з’яўляецца чалавекам слабым і ўсё на самой справе ёсць Божай ласкай. Варта таксама адзначыць, што поўны адпуст можна атрымаць толькі адзін раз на працягу дня, пасля адной святой Камуніі і адпаведна адной малітвы ў намерах Папы Рымскага.
У сваю чаргу частковае адпушчэнне караў атрымоўваюць тыя, які стараюцца выканаць умовы поўнага адпусту, але робяць гэта недасканала. Напрыклад, хтосьці прывязаны да лёгкіх грахоў і не жадае з імі развітацца. Частковы адпуст атрымоўваюць таксама людзі міласэрныя, якія з любоўю да Бога прысвячаюць сябе служэнню тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, або аддаючы ім свае сілы і час, або дзелячыся сваімі матэрыяльнымі рэсурсамі. Тут варта памятаць, што напісана ў Бібліі, што міласэрная любоў закрывае шмат грахоў (1П 4, 8).
Таксама частковы адпуст атрымоўвае той, хто стараецца сумленна выконваць свае абавязкі, пераносячы тым самым штодзённую «спёку» жыцця і пакорліва аддаючы сябе ў Божыя рукі, дадаючы пры гэтым, нават у думках, які-небудзь пабожны заклік, напрыклад: «Езу Хрыстэ, Сын Божы, змілуйся нада мной, грэшным». У атрыманні адпустаў важную ролю мае любоў. Наогул кожны ўчынак, зроблены з любоўю, адгукаецца ачышчэннем чалавека і кампенсацыяй Богу за грахоўныя ўчынкі, а такім чынам у пэўным сэнсе скарачае, калі выказацца нашай зямной мовай, знаходжанне ў чыстцы.
Можа, варта таксама звярнуць увагу на тое, што кажуць пра адпусты святыя.
Святы Францішак Сальскі, напрыклад, сцвярджаў, што ніхто ніколі не можа быць упэўненым у тым, што атрымаў поўны адпуст, таму што для гэтага патрэбна велізарная чысціня сэрца і моцная любоў да Бога.
Але, калі нават хрысціянін не мае такой упэўненасці, то ўсё роўна, як піша святы, павінен клапаціцца, каб атрымаць адпуст і ахвяраваць яго за сябе або за душы, церпячыя ў чыстцы.
Напрыканцы трэба ўзгадаць аб тым, што збаўленне, якое «прапануе» нам Бог, заўсёды большае за наш чалавечы высілак. Створца заўсёды першы выходзіць насустрач і падтрымлівае чалавека сваёй ласкай.
Разумеем, што чалавек прыходзіць на споведзь таксама дзякуючы Божай дапамозе. Асабліва гэты прывілей Бога відаць у дачыненні да паміраючых. Нават калі чалавек, адыходзячы з гэтага свету, не мае магчымасці прыняць сакрамэнтальнага Езуса, то атрымлівае поўны адпуст, калі перад гэтым меў малітоўны навык і адпаведны ўнутраны стан для прыняцця адпусту.
А. Віталій Сапега ОР