Пошук


Нядаўна ў Каталіцкім Касцёле ва ўсіх дыяцэзіях свету былі ўрачыста адчынены так званыя «Брамы Міласэрнасці», дзякуючы чаму кожны вернік на працягу года мае магчымасць атрымаць індульгенцыі (адпусты) — ачышчэнне ад часовых караў. З гэтай нагоды варта больш грунтоўна паразважаць над гэтай рэчаіснасцю ў Касцёле.

Можа, над гэтай тэмай варта паразважаць і таму, што мы памятаем, які рэзананс выклікалі калісьці індульгенцыі ва ўсім хрысціянскім, і не толькі, свеце. Столькі адбылося недарэчнасцяў і супярэчнасцяў, нават, у нейкім сэнсе, навука аб індульгенцыях стала прычынаю падзелаў.

Само слово «індульгенцыя» мае лацінскія карані і перакладаецца як паблажлівасць або дабрыня. Таму, нягледзячы на ўсе гістарычныя кантраверсіі, варта не баяцца гэтага слова, як усяго таго, з чым да нас звяртаецца Бог. На тэрыторыі Рэчы Паспалітай слова «індульгенцыя» з цягам часу было заменена на больш для нас зразумелае слова «адпусты» (адпускаць, прабачаць каму-небудзь што-небудзь).

Ці трэба баяцца гэтага слова?

Вельмі часта мы дзесьці падсвядома носім цені былых часоў. Маем розныя стэрэатыпы і страхі. Ворагам Каталіцкага Касцёла вельмі выгодна скрывіць праўду, сфальсіфікаваць, каб такім чынам падарваць яго аўтарытэт. Таму, канешне, варта ўвесь час працаваць над верай.

Праца над верай — гэта не толькі даверлівая трывалая малітва, але і інтэлектуальныя пошукі, спроба бараніць свае погляды перад секулярызацыяй і прымітывізмам. Чалавек з’яўляецца істотай разумнай. Функцыя розуму — пазнаванне створанага сусвету і пошук праўды. А знаходзячы праўду, трэба не баяцца яе бараніць. На самой справе шчаслівыя тыя, якія, нягледзячы ні на што, шукаюць праўду і стараюцца застацца вернымі ёй.


Не ведаю, як сёння, але ў мае часы на занятках па гісторыі вучылі, што індульгенцыі, асабліва ў XVI стагоддзі, выклікалі шмат нязгоды і кантраверсій.

Хцівасць да грошай як корань усіх бедаў

Каталіцкі Касцёл крытыкавалі за ашуканства, за падман, за тое, што з індульгенцый меў добрыя заробкі. У свой час савецкія ідэолагі, жадаючы скапраметаваць Каталіцкі Касцёл, учапіліся за асаблівы гістарычны факт, а менавіта за дамініканскага манаха і лейпцыгскага прыёра Ёхана Тэцэля, які, як сцвярджалі, злоўжываў індульгенцыямі, проста кажучы, прадаваў іх. І сапраўды, дзесьці ў гэтым усім ёсць нейкая частковая праўда. А праўду трэба вучыцца прымаць.

Ведаем, што Касцёл сам па сабе святы, таму што яго галавой з’яўляецца Хрыстус. Толькі складаецца ён з нас, людзей грэшных, якія не заўсёды з Божай дапамогай імкнуцца перамагчы свае слабасці. Ведаем, што гандаль адпустамі – гэта была не адзіная грашовая паталогія на целе Каталіцкага Касцёла. Варта тут узгадаць пра сыманію — гандаль касцёльнымі пасадамі, альбо даволі актыўны ў Сярэднявеччы рэліквіярны бізнес.

Святы Павел выразна піша ў сваім Пасланні да Цімафея (1 Цім 6, 10), што, паводле яго меркавання, коранем усіх бед на зямлі з’яўляецца хцівасць да грошай. З гэтым карэннем зла нават свядомаму хрысціяніну прыходзіцца часамі змагацца да канца свайго жыцця.

Якой была пазіцыя Марціна Лютэра?

Лютэр у некаторым сэнсе меў рацыю, павесіўшы 95 тэзісаў на дзвярах Вітэнбергскага сабора ў 1517 г. Вядомы факт, што напачатку аўгустыянскі манах зусім не імкнуўся да падзелаў, але хацеў звярнуць увагу на зло, якое закаранілася ў Каталіцкім Касцёле. Варта таксама заўважыць, што назіраў ён у большасці сітуацыю Касцёла ў Германіі і не ў стане быў ацаніць практыку індульгенцый у іншых частках свету (таму нельга сказаць, што ўсе прадстаўнікі Касцёла гандлявалі індульгенцыямі).

Лютэр лічыў, што адпусты не маюць ніякай дзейснай сілы і створаны папскім пасадам выключна таму, каб прыносіць адпаведныя грашовыя набыткі (вядома, што менавіта ў XVI стагоддзі распачалося досыць буйное дойлідства ў Рыме і на першым плане была пабудова велічнай базылікі св. Пятра).

Таксама Лютэр не жадаў прыняць так званай скарбонкі ласкаў Хрыста і заслуг святых (аб практыцы індульгенцый мы не прачытаем у Бібліі, на што, зрэшты, ізноў звяртаюць увагу хрысціяне іншых канфесій; яна з’яўляецца чыста касцёльнай практыкай, у якой, дзякуючы заслугам Езуса Хрыста, Багародзіцы і святых, веруючыя могуць атрымоўваць пэўныя духоўныя прывілеі), з якой мог чэрпаць Каталіцкі Касцёл.

У рэшце рэшт Лютэр выступаў не супраць індульгенцый, а выключна супраць спосабу карыстання імі. Ён лічыў, што калі б іх прапаведвалі згодна з намерам Папы Рымскага, то праблемы вырашыліся б самі сабой. Тым не менш, ён асабіста лічыў, што лепш добраахвотна цярпець кары за грахі, чым пазбягаць іх, дзякуючы практыцы адпустаў.

Чаму індульгенцыі існавалі толькі ў Каталіцкім Касцёле?

Але ўсё ж вернемся да пачатку ўзнікнення практыкі індульгенцый. Адпусты пачалі практыкавацца толькі і выключна ў Рыма-Каталіцкім Касцёле, так званым Заходнім; Усходняя Царква (Праваслаўная) ніколі імі не карысталася. Чаму?

Таму што ерасі, якія ўзнікалі на землях Усходняй Царквы, заўсёды мелі больш дагматычную спецыфіку, як, напрыклад, арыянізм, нестарыянства, манафізіцтва, іканаборства. У сваю чаргу, у Заходнім Касцёле праблемы мелі больш маральную аснову (рыгарызм, пелагіянізм, квецізм, янсенізм).

Акрамя таго, варта падкрэсліць, што Заходні Касцёл быў пераймальнікам Рымскай імперыі, што азначае ў нейкім сэнсе і рымскага мыслення, дзе падыход да рэчаіснасці быў заўсёды больш юрыдычны.


Вядома таксама, што ў першых стагоддзях хрысціянства грэх заўсёды разумеўся як разрыў сувязі з Богам, а гэта значыць і з Касцёлам, Яго нявестай (часта тыя, хто каяўся, пасля літургіі слова вымушаны былі пакінуць храм і знаходзіцца разам з тымі, хто рыхтаваўся да хросту, у атрыуме — памяшканні, якое знаходзіцца перад уваходам у галоўную залю святыні).

Таму духоўныя настаўнікі перасцерагалі вернікаў перад небяспекай граху і яго наступствамі, а свядомыя хрысціяне стараліся змагацца з грахом, асабліва цяжкім, памятаючы, што за гэта парушэнне Божага права іх чакае суровая пакута.

Часам гэтае пакаянне трывала некалькі гадоў і мела публічны рэзананс, як кампенсацыя за ўчыненае зло і сведчанне сапраўднага навяртання. Пазней Касцёл пачаў скарачаць пакаянне, часткова або цалкам замяняючы яго малітоўнай практыкай або накіроўваючы тых, хто каецца, да святых месцаў.

Лісты супакою (libelli pacis) і практыка адпушчэння

Таксама варта тут прыгадаць аб лістах супакою (libelli pacis), якія скіроўваліся ў III стагоддзі да мучанікаў, каб такім чынам скарыстацца іх заслугамі. Акрамя гэтага, малітвы і добрыя ўчынкі таго, хто каецца, ахвяраваліся ў інтэнцыі памерлых. Усе гэтыя элементы пазней паўплываюць на само разуменне практыкі пакаяння і адпустаў.

Варта таксама ўспомніць пра карыстанне пэнітэцыярнымі кнігамі ў X і XI стагоддзях (кожнаму граху было нададзена адметнае пакаранне), што таксама паўплывала ў будучыні на практыку індульгенцый.

Вядома і тое, што само слова «індульгенцыя» пачало ўжывацца з XI стагоддзя. Гісторык Жак ля Гоф сцвярджае, што на пераломе XII і XIII стагоддзяў адбыліся пэўныя змены ў разуменні жыцця пасля смерці: тэолагі пачалі рухацца ад выключна дуалістычнай мадэлі — пекла-рай — у бок мадэлі траістай (гэта тычылася асабліва Заходняга Касцёла), дадаючы гэтым самым рэчаіснасць чысца.

Адным словам, тэолагі, засноўваючыся на інтуіцыі Айцоў Касцёла, прызналі ачышчэнне душы і пасля смерці чалавека. А Сабор у Ліёне ў 1274 годзе абвясціў практыку індульгенцый як сродак духоўнай дапамогі душам, церпячым у чысцы.

Пра першыя практыкі адпустаў

Першыя практыкі адпустаў былі ўжыты з нагоды наведвання капліц ці святых месц – з нагоды пілігрымавання. Вядома, што ўпершыню практыка пілігрымкі з намерам адпусту была ўжыта Понцыяй, Арлескім біскупам, і звязана з наведваннем капліцы Святога Крыжа ў абацтве Монтмажур.

Адпуст рымскім пілігрымам быў дадзены Аляксандрам III у 1181 г. і Мікалаем IV у 1289 г. Ведаем, што вандраванне да святых месцаў было старадаўняй практыкай, якая служыла ўзрастанню веры пілігрымаў.

Пазней гэтая практыка таксама набыла экспіяцыйныя (пакаяння) адценні. У Сярэднявеччы, напрыклад, пілігрымаванне мела на ўвазе тры мэты: узрастанне пабожнасці, адпустовая практыка і пазбяганне кроўнай помсты.

Той, хто меў дачыненне да нейкага забойства, накіроўваўся ў санктуарый. Трэба сказаць, што ў той час практыка пілігрымавання была вельмі небяспечнай: на дарогах было шмат рабаўнікоў, драпежнікаў, да таго ж была сур’ёзная пагроза падчапіць нейкую вірусную інфекцыю або памерці ад холаду ці голаду.

Нямногія дасягалі мэты свайго вандравання. Але, дзякуючы пілігрымцы пакаяння, удавалася пазбягаць войнаў, сціхалі шматгадовыя канфлікты.

Таксама практыка індульгенцый выкарыстоўвалася ў крыжовых паходах. З гэтай нагоды Папы давалі поўныя адпусты. Упершыню вызваліцелям Святой Зямлі ўдзяліў адпусты ў 1063 годзе Папа Аляксандр II, а ў 1095 г. Урбан II, выпраўляючы крыжакоў на радзіму Хрыста і даючы ім асабістыя збаўленчыя прывілеі.

Пазней практыка адпустаў пачала ўжывацца і ў юбілейныя гады. Папа Баніфацый VIII (1294-1303) абвясціў першы паўсюдны Юбілей у 1300, Святы Год, які тычыўся ўсіх пілігрымаў, прыбываючых у Святы Горад і наведваючых тым самым гроб святога Пятра ў Рыме на гары Ватыкан. Гэтым Папа даў ім незвычайную магчымасць ачысціцца з грахоў і атрымаць поўны адпуст.

Што прадпісвала була «Unigenitus Dei Filius»?
 
Першы дакумент, які падрабязна тлумачыў практыку адпустаў, была була «Unigenitus Dei Filius», выдадзеная ў 1343 годзе Папам Кліментам VI. Була мела на ўвазе абвяшчэнне практыкі індульгенцый кожны пяцідзясяты год, таму што апошні юбілей, устаноўлены Папам Баніфацыем VIII, меў незвычайную папулярнасць.

Тады, у 1300 годзе, Рым наведала каля міліёна пілігрымаў. Пазней Папа Павел II устанавіў юбілейны рытм, а менавіта кожныя дваццаць пяць гадоў. Гэты рытм праіснаваў да нашых дзён, за выключэннем 1800, 1850, 1875 гг. у сувязі з міжнароднымі падзеямі (Французская рэвалюцыя, Вясна Людзей і акупацыя Рыма Гарыбальдзі).

Пій XI, абвяшчаючы юбілей 1925 года, у сваёй буле заручыўся, што той, хто выканае практыкі адпустаў у час трывання юбілейнага года, атрымае шмат заслуг і дароў. Святы Ян Павел II пісаў, што адпуст з’яўляецца адным са знакаў, якія належаць да традыцыі святкавання юбілею. Бачым, што ў апошнія гады пачалося больш шырокае выкарыстанне практыкі індульгенцый, што пацвярджае, між іншым, Год Міласэрнасці, абвешчаны Папам Францішкам.


Такі больш-менш гістарычны нарыс з’яўлення практыкі індульгенцый у Каталіцкім Касцёле. Як хрысціяне павінны падыходзіць да гэтай практыкі і які ёсць дагматычны сэнс адпустаў, паразважаем у наступны раз.

А. Віталій Сапега ОР

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця