Пошук


“...каб адкінуць ранейшыя паводзіны старога чалавека, які знішчае сябе зманлівымі пажадлівасцямі. Таму аднавіце дух вашага розуму і апраніцеся ў новага чалавека” (Эф 4, 22-24).

Кожны з нас, хутчэй за ўсё, чытаў у дзяцінстве байку Крылова “Лебедзь, рак і шчупак”. Памятаеце, што тады сталася і якая пачалася неразбярыха, калі кожны з герояў пачаў цягнуць воз у свой бок. Воз не зварухнуўся, стаяў на адным месцы. Пэўна, задумкай аўтара было паказаць, якой важнай справай з’яўляецца супольная, наладжаная, скіраваная ў адзіным напрамку праца людзей. І што людзі, якія не здольныя паміж сабою дамовіцца, якія не ў стане разам супрацоўнічаць, не могуць выконваць пастаўленых перад сабою задачаў і дасягаць пэўных мэтаў.

Але, на мой погляд, гэтая байка мае таксама алегарычнае значэнне і ў нейкім сэнсе можа прадстаўляць нашае духоўнае жыццё. Вельмі часта нашыя ўнутраныя супярэчлівасці: амбіцыі, неўмеркаваныя жаданні, жарсці, грэшныя схільнасці альбо часам няведанне таго, чаго мы хочам, недахоп мэты ў нашым жыцці, могуць перашкаджаць нашаму духоўнаму развіццю ці жыццю ўвогуле.

У кожнага з нас ёсць нейкія таемныя, схаваныя ад людскіх вачэй унутраныя “буры”, якія вельмі часта перашкаджаюць нам нармальна духоўна развівацца, а тым самым і выконваць волю Бога. Часам тым, што нам перашкаджае, з’яўляюцца нашыя неўпарадкаваныя амбіцыі, жарсці. Слова “амбіцыя” мае лацінскія карані і перакладаецца як стараннае імкненне да нейкай мэты альбо як хцівасць, пыха, пагоня за папулярнасцю. Слова гэтае з’явілася ў старажытным Рыме дзякуючы кандыдатам, якія рыхтаваліся прыняць нейкія будучыя ўладныя абавязкі. Кожны з кандыдатаў шукаў падтрымкі з боку ўплывовых людзей. Так вось такі прыём некаторымі разглядаўся як штосьці пазытыўнае і само па сабе нармальнае, а некаторыя бачылі ў такіх паводзінах корань усялякага зла. Здаецца таксама, што ў сённяшнім разуменні слова “амбіцыя” мае ў большасці пеяратыўны сэнс і выяўляе перадусім чалавека, які імкнецца ўсялякай цаной дасягнуць нейкай мэты.

Аднак, на мой погляд, амбіцыі, у больш шырокім разуменні, самі па сабе не з’яўляюцца чымсьці негатыўным. Хутчэй за ўсё гэтае слова мае нейтральнае значэнне. Як зрэшты і нашыя пачуцці, якія самі па сабе не добрыя і не благія. Усё толькі залежыць, у якім накірунку і з якою мэтай чалавек іх выкарыстоўвае. Ці, ужываючы іх, хоча такім чынам дасягнуць дабра або зла. Таксама пад амбіцыямі можна разумець нашыя імкненні і нашыя жаданні, унутраныя сілы, а таксама сродкі, якія мы выкарыстоўваем для дасягнення пэўных мэтаў. Напрыклад, вучань, каб добра напісаць кантрольную працу, павінен вельмі пастарацца і адначасова пазмагацца з самім сабою (самадысцыпліна, уседлівасць, вытрымка), каб дасягнуць добрых вынікаў. Каб навучыцца іграць на нейкім музычным інструменце, таксама трэба папрацаваць. Чалавек, які дасягнуў якой-небудзь добрай мэты, ведае, якую ўнутраную радасць прыносіць гэтае дасягненне. Святыя таксама былі ў нейкім сэнсе людзьмі амбітнымі. Трэба было прыкласці намаганні, трэба было пазмагацца, каб пайсці Божым шляхом, каб не спалохацца, не здацца. Усё згодна са словамі нашага Збаўцы, што менавіта гвалтоўныя людзі (гэта значыць людзі адважныя і мэтанакіраваныя) дасягаюць Валадарста Божага (пар. Мц 11, 12).

Калі казаць пра “жарсці”, то гэтае слова, на мой погляд, мае шырэйшае значэнне, чым “амбіцыі”, і цалкам адмоўнае значэнне. Чалавек жарслівы - гэта той, які ідзе на павадку сваіх інстынктаў, неўпарадкаваных амбіцый, дзе не ўлічваецца дабро іншага чалавека, а толькі свая ўласная карысць.

Добрая справа, калі ўсе нашыя жаданні і імкненні падпаракоўваюцца нашаму розуму, а розум, у сваю чаргу, аддаецца Божай волі. Аднім словам, пажадана, каб мы любілі Бога і хацелі Яму служыць усім сэрцам, душою, усім розумам, усімі нашымі сіламі (пар. Мц 22, 37), усім нашым чалавецтвам. Усё ў жыцці хрысціяніна павінна быць падпарадкавана Богу, а тады і жыццё чалавека пачынае ўпарадкоўвацца. Тады адбываецца працэс гарманізацыі, тады “інструмент” Божы – чалавек – набірае сваю прыгажосць і пачынае гучаць новая песня для Пана, Божая мелодыя (пар. Пс 96). Напэўна, нялёгкае заданне для чалавека гарманізаваць самога сябе, нялёгка валодаць над сваімі пачуццямі, інстынктамі, жаданнямі. “Лебедзь”, “рак” і “шчупак” часамі “разрываюць” нас на часткі. Але варта, думаю, змагацца і ўпарадкоўваць сябе.  

У гэтым кантэксце прыгадваюцца мне візантыйскія іконы, на якіх прадстаўлены святыя, на чыіх тварах няма, здаецца, ніякіх эмоцый, але на якіх адлюстроўваецца нейкі ўнутраны супакой і раўнавага. Іканапісцы праз гэта, хутчэй за ўсё, хацелі звярнуць увагу, што гэтыя людзі перамаглі ў сабе “старога” чалавека са сваімі жарсцямі і неўпарадкаванымі амбіцыямі, што яны цалкам падпарадкаваліся Божай волі і з Божай дапамогай стварылі ў сабе новага, духоўна адноўленага чалавека. Чалавека, унутры якога жыве Божы Дух, Дух праўды і справядлівасці.

А. Віталій Сапега OP

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа