Хто з нас не прагне? Быць любімым і любіць. Хто не жадае мець сапраўднага шчырага сябра, з якім можна, як кажуць, пайсці і ў разведку? Жанчына марыць аб сапраўдным мужчыну, мужчына імкнецца сустрэць сапраўдную жанчыну. Шукаем нейкі ідэал. Таму што дзесьці вельмі глыбока, падсвядома жадаем дасканаласці (хаця большасць з нас ведае, якія мы на самой справе і як далёка нам да ідэалу).
Прагнем таксама справядлівасці, прынамсі патрабуем, каб іншыя ставіліся да нас па-справядліваму. Маем прагу прыгожага (асабліва жанчыны, якія самі ўпрыгожваюцца і імкнуцца прыхарашыць свет вакол сябе). Таксама мы змагаемся са старасцю. Ізноў жа дзесьці глыбока ўнутраны голас не згаджаецца з тым, што чалавек павольна памірае, прамінае (нават тое, што прыгожае, мы не ў стане затрымаць). Пазбягаем болю, цярпення. Хто з нас хоча хварэць альбо цярпець? А калі адзін аднаго віншуем з нейкім святам, то звычайна кажам папулярную фразу: жадаем не старэць (быць вечна маладым), не хварэць (быць заўсёды здаровым), адчуваць любоў акружаючых, жыць у радасці і ў шчасці.
Што за ілюзія, што за падман? Уся наша істота дамагаецца шчасця! Толькі ў рэчаіснасці выглядае інакш. Розныя праблемы ўвесь час ахінаюць нас, мы хварэем, старэем, з часам нават адкрываем, што на самой справе добра там, дзе нас няма, што ўсе мы людзі грэшныя, што вельмі часта зайздросцім, пляткарым, ненавідзім, ранім адзін аднаго. А самыя балючыя раны часта атрымоўваем ад тых, каго найбольш любім, каму давяраем. Заўважаем таксама тое, што як бы чалавек не стараўся ладзіць сувязі з іншымі людзьмі, ён, жывучы нават у самай лепшай сям’і, часамі адчувае сябе вельмі адзінокім, пакінутым і часта незразумелым. Але, нягледзячы на ўсе гэтыя з’явы, мы усё ж такі марым аб шчасці, аб радасці і… не перастаем шукаць. Што гэта? Нейкі нонсэнс, парадокс. Але ў гэтым парадоксе жыве ўсё чалавецтва. Адкуль гэта ў нас?
На самой справе прага шчаслівага жыцця дзесьці глыбока сядзіць у кожным з нас. Таму што мы створаныя быць вечнымі, неўміручымі, створаны, каб насычацца шчасцем. Нашым натуральным калыскавым месцам з’яўляецца рай, які мы згубілі. І гэтая памяць па страчаным раі моцна сядзіць у кожным з нас, у нашай падсвядомасці. У Бібліі апавядаецца пра тое, што першы чалавек быў выгнаны Богам з гэтага ўтульнага месца. Што перад уваходам у рай, які называўся Эдэм, быў пастаўлены херубім з вогненным мячом, «каб сцерагчы дарогу да дрэва жыцця» (Быц 3, 23-24). Гэта ўсё сімволіка і метафара, у якіх спрабуецца апісаць трагедыю першых людзей. Хутчэй за ўсё першыя людзі, а тым самым і ўвесь род чалавечы, самі пазбавілі сябе гэтага цудоўнага роднага месца, дзе сапраўды адчувалі сябе па-чалавечы, будучы ў цеснай сувязі з Богам. Пасля граху чалавек апынуўся ў недастасаваным, няўтульным, пашкоджаным грахом свеце, у якім трэба было выжываць. І таму зараз падсвядома кожны з нас прагне і шукае гэтага згубленага раю, шукае сваіх каранёў, шукае і не можа знайсці. Добра памятаем, чым маніпулявалі, маніпулююць і, на жаль, будуць маніпуляваць розныя ўтопіі, ідэалогіі, а таксама розныя здрадлівыя палітыкі — будучым бесклапотным жыццём. Гэта абяцанне раю, якога мы ўсе жадаем і які чалавек іншаму чалавеку не можа даць. Але мы ўсё ж такі верым у гэтыя казкі! Мы хочам верыць! Клюем, як рыба на прынаду.
Што сказаць! Адзін рай мы страцілі. Але Бог прапануе нам іншы рай. Прапануе жыццё з Сабою. Калі часам чытаеш у Бібліі пра вечнае сузіранне Бога, то закрадваецца нейкая падманлівая думка: як жа гэта нецікава і нудна — вечна сузіраць. Здаецца, стомішся праз гадзіну. А тут яшчэ вечнасць! Напэўна, цяжка нам, людзям, якія маюць цела і якія яшчэ да гэтага абцяжараныя першародным грахом, — наступствам чаго, між іншым, была страта духоўнага зроку, а тым самым і разумення Божых справаў і таямніцаў — нейкім нават больш-менш прыблізным спосабам зразумець і ўявіць Божае жыццё. Але прынамсі варта паспрабаваць гэта зрабіць. Святая Тройца знаходзіцца ў камуніі (communio). Гэта такі спосаб жыцця, у якім адзінства дасягаецца праз шматграннасць. Жыццё Божае з’яўляецца нейкай пульсацыяй (так, як кроў бегае ў нашай крываноснай сістэме). Гэта дынамічнае жыццё, якое ў трыніталогіі (навука аб Святой Тройцы) акрэсліваецца словам «пэрыхарэза» — узаемнае праніканне і адорванне. Этымалагічна сэнс гэтага слова — «танцаваць вакол», што выражае танец дваіх вакол сябе. Гэта метафара, у якой спрабуецца зразумець жыццё Святой Тройцы. Тры Боскія Асобы знаходзяцца ў такой супольнасці, што іх можна ўявіць як танцораў, якія кружацца ў супольным танцы: Сын увесь ёсць у Айцу, Айцец — увесь у Сыне, а фундаментам іх еднасці з’яўляецца сувязь у адзіным Духу Святым. І так яны разам танцуюць супольны, вечны, непаўторны танец жыцця. Што мае адзін, мае таксама і другі, што чыніць адзін — чыніць таксама разам з другімі. Да гэтага жыцця, да гэтага «танцу» запрошаны кожны з нас. «Дзверы» гэтага раю ўжо адчынены дзякуючы нашаму Збаўцу Езусу Хрысту. Мы пакліканы да вечнай радасці, да саду, які ніколі не адцвітае. Толькі шлях да гэтага раю, на жаль, цярністы і вузкі. Чаму цярністы? Таму, што грэх і схільнасць да граху мае ў нас моцныя карані, што нашая натура пашкоджана грахом, і мы патрабуем ачышчэння, аднаўлення, аздараўлення. Патрэбна штодзённая, карпатлівая праца над сабою і, канешне, Божая дапамога. Дарога да Божага дому каштуе (у сэнсе намаганняў), як каштуе ўсё прыгожае і сапраўднае. Таму што ёсць таксама вораг, д’ябал, які, ведаючы нашую прагу шчасця (шчасця, якое ён згубіў назаўсёды), прыгажосці, выкарыстоўвае гэта і падкідвае нам вельмі простыя і лёгкія вырашэнні гэтай праблемы. Колькі вакол нас залежнасцяў: наркаманіі, алкагалізму, абжорства, сексагалізму, працагалізму, інтэрнэтных залежнасцяў… Свет ілюзій. Колькі чалавек грашыць, каб дасягнуць «раю» — толькі гэты рай падманлівы. А дасягаючы яго, не задавольваецца, бо як можа задаволіць фікцыя.
Успамінаецца фільм «Matrix». Дзве пілюлі прапануюцца галоўнаму герою. Адна — каб вярнуцца ў ілюзію, у ірэальны свет; другая — каб усё ж такі пазнаць сапраўдны і жыць у ім штодзённа. Напэўна, Пан Бог не прапануе нам пілюляў, лёгкіх вырашэнняў (іх прапануе, хутчэй за ўсё, вораг чалавека). Напэўна, лягчэй нам жыць у ірэальным, туманным свеце, дзе няма ніякіх прынцыпаў, дзе ўсё знаходзіцца на адлегласці выцягнутай рукі. Лягчэй не пазнаваць, не шукаць, не змагацца. Але што будзе тады, калі мы станем калісьці перад Божым абліччам і пазнаем усю праўду аб сабе, аб сусвеце, пазнаем сапраўдную Любоў, якая можа быць ужо для нас недасяжнай? Нам выбіраць!
А. Віталій Сапега ОР