21 ліпеня, 6 гадоў назад, адышоў у вечнасць першы кардынал у Беларусі Казімір Свёнтэк. З гэтай нагоды публікуем размову Крыстыны Лялько з кардыналам з нагоды 70-годдзя яго святарства, якая была надрукавана ў часопісе «Наша вера» (№ 3, 2009 г.).
Напрыканцы лета Яго Эмінэнцыя знайшоў час і ласкава згадзіўся адказаць на некаторыя пытанні для квартальніка «Наша вера». Рыхтуючыся да гэтай размовы, я натрапіла на ранейшую нашу гутарку, якая была апублікавана ў часопісе «Ave Maria» пяць гадоў назад.
Памятаю, як тады на мае словы пра тое, што на яго святарскім і жыццёвым шляху было больш церняў, чым ружаў, Яго Эмінэнцыя адказаў пытаннем: «Чаму вы лічыце, што гэта былі церні? Гэта былі ружы...» І, бачачы маё здзіўленне, рашуча сцвердзіў: «Так, так! Толькі ружы бываюць рознага колеру — белыя, жоўтыя і, зразумела, чырвоныя. Але ўсё роўна гэта ружы!»
«А камера смерці, а дзесяць гадоў ГУЛАГу?» — па¬спрабавала я тады абгрунтаваць логіку свайго пытання і пачула ў адказ: «Я не разумею такога ўспрымання, такога размежавання паняццяў. Для мяне неістотна, дзе выконваць свае абавязкі і Божую волю: ці ў камеры смерці, чакаючы выраку, ці, скажам, прымаючы з рук Папы знак кардынальскай годнасці... І ў адным, і ў другім выпадку — адно і тое ж выкананне волі Божай. І там — ружа, і тут. Толькі колер у іх розны...»
На гэты раз я пазбягала пытаць у Яго Эмінэнцыі пра церні і размова вялася найбольш пра ружы... Толькі рознага колеру...
— Ваша Эмінэнцыя, 5 ліпеня ў Тракелях пасля каранацыі абраза Маці Божай Вы сказалі, што заўсёды былі шчаслівы, нават у самыя цяжкія і пакутлівыя хвіліны жыццёвых выпрабаванняў, якіх у Вашым жыцці, як вядома, было нямала. У чым заключаецца сакрэт гэтага шчасця?
— Вы ўжылі словы «сакрэт шчасця». Аднак я крыху не пагаджуся з такім азначэннем. Гэта не сакрэт, а сапраўдная, рэальная і бачная рэчаіснасць усяго майго жыцця, якое да драбніцаў падпарадкавана кіраванню Божага Провіду. Біблійныя словы пра тое, што ў чалавека і волас з галавы не ўпадзе без Божай волі, заўсёды спраўджваліся ў маім жыцці, нават у самых складаных сітуацыях. Вось некалькі прыкладаў інтэрвенцыі Божага Провіду ў найбольш крытычныя дні майго жыцця: проста цудоўнае ўхіленне ад смерці, калі дызентэрыя цалкам знішчыла мой арганізм у вязніцы ў Оршы. Я тады ўжо паміраў...
Затым, калі напад гітлераўскіх войскаў на Савецкі Саюз выратаваў мяне ад расстрэлу па прысудзе НКУС у Брэсце, а ўваход савецкіх войскаў у 1944 годзе ў Пружаны апярэдзіў мой расстрэл па загадзе гестапа: пад ранак мяне збіраліся вывесці ў лес і расстраляць... А пасля перад самым вызваленнем з ГУЛАГу маёр кадэбіст спытаўся: «Як Вам удалося ўсё гэта перажыць і застацца жывым?» Мне ж было выразна даведзена ў час следства: «На цябе шкада кулі, а прысуд так ці інакш будзе выкананы, калі цябе кінуць у лагер, адкуль ты жывы не выйдзеш».
Дык вось, на пытанне маёра я адказаў коратка: «Моцная, непахісная вера выратавала мне жыццё». І тады кадэбіст надоўга задумаўся: што са мною рабіць?.. Яму была дадзена інструкцыя не выпусціць мяне з лагеру жывым. Чым растлумачыць тое, што ён змяніў сваё рашэнне, парушыў гэтую інструкцыю? Пасля доўгага роздуму маёр усміхнуўся (гэта была першая ўсмешка кадэбіста за ўсе 10 гадоў майго зняволення) і сказаў, падпісваючы паперы: «Вы — свабодны». Ён жа мог паступіць зусім інакш...
І так было ўсё маё доўгае жыццё, прысвечанае Богу і Касцёлу. Гэта менавіта шчаслівая прыгода, бо я ведаю, Каму паверыў і Каму даверыўся.
Прыгоду гэтую я апісаў бы словамі з песні «Barka» («Пакліканне»): «О Езус, клічаш Ты за сабою, сёння імя маё ціха прамовіў». Вось мой «сакрэт шчасця».
— А позірк Пана Бога, Яго пакліканне Вы ўпершыню адчулі менавіта ў крыпце каля труны біскупа Лазінскага? Ці гэта адбылося яшчэ раней?
— Я да сённяшняга дня да драбніцаў памятаю здарэнне, якое адбылося са мною, калі мне было шэсць гадоў. Гэта было яшчэ ў Дукштах. Аднойчы мама прывяла мяне ў касцёл. Пасля ўрачыстай Імшы была адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і суплікацыя «Святы Божа...». Я стаяў на каленях... Да сённяшняга дня не магу зразумець, што са мною тады здарылася: я глядзеў на ксяндза, з ксяндза перавёў позірк на манстранцыю, з манстранцыі — на... постаць. Я не хачу сказаць, што меў нейкае аб’яўленне. Занадта рэальнае маё жыццё. Але там я адчуў першы позірк Бога...
Ведаеце, калі аднойчы Бог кагосьці зачапіў, то ўжо не адпусціць... Каля труны біскупа Лазінскага я выказаў просьбу заўсёды быць верным слугою Бога... І ён выслухаў мяне даслоўна... Калі я выходзіў з падзямелля пінскай катэдры ў тым далёкім 1933-м, то ўжо ведаў, што стану святаром.
Дагэтуль я збіраўся паступаць на філалагічны факультэт у Віленскі ўніверсітэт, але ўва мне раптам адбыўся нейкі пералом. Я сказаў сваім сябрам: «Я ў Вільню не паеду...» Але паколькі я тады быў вялікім жартаўніком, то сябры ўспрынялі гэта як чарговы жарт: «А куды ж, дазволь спытаць?..»
«Я еду ў Пінскую семінарыю», — адказаў я. Для іх гэта быў апошні і найлепшы анекдот, мне пляскалі ў ладкі... А я вярнуўся дадому і ў той жа дзень напісаў заяву ў семінарыю і быў прыняты «ў выглядзе выключэння», бо тэрмін прыёму ўжо скончыўся. Чаму было зроблена тое «выключэнне»? Далей — болей.
Праз два тыдні я раптам захварэў: у мяне пачаўся моцны задушлівы кашаль... Доктар патлумачыў, што для мяне шкодны палескі клімат: «Калі хочаш быць здаровы, ужо сёння павінен выехаць з Пінска. Бяры білет і вяртайся ў Баранавічы», — і выпісаў даведку. У семінарыі мне сказалі: «Нам хворыя не патрэбны...» Я вымушаны быў забраць дакументы і вярнуцца дадому. Праз пару тыдняў хатняга лячэння вярнуўся ў Пінск з тою лекарскаю даведкаю і пайшоў проста да труны біскупа Лазінскага. Укленчыў і кажу: «Ксенжа біскупе, гэта ж ты мяне скіраваў у семінарыю... І што мне цяпер рабіць?»
Памаліўся каля труны «Ойча наш...», зноў пайшоў да доктара і кажу яму: «Напэўна, вы мяне памятаеце? Я два тыдні таму быў у Вас». А той здзіўлена: «Чаго ж ты прыехаў?» — «Пане доктар, я маю да Вас адну просьбу: абследуйце мяне яшчэ раз». — «Ну, добра...» І вось, абследаваўшы мяне, ён пытаецца: «Гэта ты Свёнтэк Казімір?.. Можа, ты кагосьці іншага падставіў?..» — «Не, гэта я». — «Але таго, што напісана ў тваёй даведцы, сёння абсалютна няма! Лёгкія чыстыя!»
Я на крылах паляцеў у семінарыю да рэктара. Стукаю ў дзверы, ён выходзіць: «Чым магу дапамагчы?» Я расказаў яму пра тое, што зноў быў у доктара, і паказаў новую даведку. Моцна здзівіўшыся, ён кажа: «А колькі ты заплаціў таму доктару?»
Уяўляеце? Біскуп Лазінскі вымучыў мяне да апошняга пазногця! «Не, нічога я не плаціў, — кажу, — у мяне ёсць толькі адзін аргумент...» І распавёў яму пра тое, што перад візітам да доктара я хадзіў да труны біскупа Лазінскага.
«Слухай... — кажа мне рэктар. — Ідзі ў свой пакой і працягвай падрыхтоўку да святарства...» Ён вельмі шанаваў біскупа Лазінскага. Гэтыя жыццёвыя падрабязнасці — наглядны доказ дзеяння Божага Провіду ўжо на самым пачатку майго святарства.
— Што Вас найбольш захапляе ў гэтым жыцці, што Вам найбольш падабаецца?
— Ад мяне нічога задарма... (Смяецца.) Але і Бог не жмінда: захапляйся прыродаю... Выйдзі на ўзлесак, на балота... Пераначуй у стозе сена... Няхай цябе пакусаюць камары... Я жыў гэтым дзясяткі гадоў... Выправы з сабакам Асам на лодцы, начлегі каля ракі... Юшка з чыгунка... А такавання глушцоў не заменіць ніякі самы ўрачысты канцэрт!..