«Растлумачце, калі ласка, чаму запалаў гнеў Пана на прарока Балаама (Ліч 22,22). Бо на першы погляд здаецца, што Балаам быў ва ўсім паслухмяны Богу» (Ян)
Гісторыя аб прароку Балааме ў Кнізе Лічбаў мае багаты і неверагодны сюжэт, і, як вынік, паўстаюць розныя пытанні: ці сапраўды асліца магла прамаўляць, як дзейнічала моц благаслаўлення і праклёну падчас ваенных дзеянняў, ці прарок мог супраціўляцца пачутаму Слову Божаму і інш.
Часткова адказ на пытанне пра гнеў Божы ў дачыненні да Балаама (Ліч 22, 22) змешчаны ў самім тэксце, гэты ж фрагмент удакладняецца і ў іншых кнігах Святога Пісання.
Найперш звернемся да натхнёнага тэксту.
Kîhōlēkhû’ (даслоўна азначае «таму што (або: у той час калі) ён пайшоў сам» (Ліч 22,22). У перакладзе немагчыма адлюстраваць тое, што нясе ў сабе займеннік hû’ («ён, сам»).
Калі гэты займеннік выкарыстоўваецца ў сказе з дзеясловам, а форма дзеяслова ўжо змяшчае ў сабе ІІІ асобу адзіночнага ліку мужчынскага роду, той функцыяй яго з'яўляецца т.зв. эмфаза — звяртанне ўвагі чытача.
Іншымі словамі гэты займеннік тут лішні, яго не павінна быць. Чытач, які ведае граматыку габрэйскай мовы, заўважыўшы тут гэты займеннік, адразу засяродзіць на ім увагу. Што з гэтага вынікае для разумення тэксту?
Гнеў Божы запалаў, бо Балам пайшоў «сам, на ўласны розум, на ўласную адказнасць», а не падпарадкоўваючыся Божаму Слову, якое пачуў ноччу (Ліч 22,20). Таму патрэбна была ўся гэта гісторыя з асліцай і Анёлам Божым, каб з другой спробы Балаам усё ж дакладна выканаў Божую волю (Ліч 22,35).
Аднак гэтае «на ўласны розум» азначае вельмі канкрэтную правіну прарока, пра якую мы даведваемся з паралельных тэкстаў. А з'яўляецца гэтай непаслухмянасцю прага грошай.
Звернем увагу на цытату з Кнігі Другазаконня: «бо яны не сустрэлі вас з хлебам і вадою ў дарозе, калі вы ішлі з Егіпта, і таму што яны нанялі супраць цябе Балаама, сына Бэоравага з Пэтора Месапатамскага, каб праклясці цябе» (Дрг 23,4). Падкрэслім тут слова «нанялі».
Чытаем у Другім Пасланні св. Пятра: «пакінуўшы простую дарогу, яны заблукалі і пайшлі па слядах Балаама, сына Басоравага, які палюбіў плату несправядлівую, але быў выкрыты ў сваім беззаконні: нямая асліца, загаварыўшы чалавечым голасам, спыніла безгалоўе прарока» (2 П 2,15-16). Звернем увагу на словы «які палюбіў плату несправядлівую».
Такім чынам, часта нават не ведаючы граматычных канструкцый арыгінальнага тэксту, мы можам праз паралельныя месцы ў Святым Пісанні знайсці тлумачэнне складаных на першы погляд фрагментаў.
Ксёндз Валерый Марціноўскі, святар Віцебскай дыяцэзіі, дактарант Інстытута Біблейскіх Навук Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ.
Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць Святога Пісання, дасылайце іх на адрас director@catholic.by. У тэме ліста пазначце: «Цяжкія старонкі Бібліі».