Напэўна, многія з нас добра памятаюць той фрагмент Евангелля, дзе Езус Хрыстус літаральна быў выдалены са свайго роднага горада, выгнаны з зямлі, дзе выхоўваўся, дзе сталеў і дзе дарастаў да сваёй будучай місіі. І, напэўна, таксама добра памятаем, як адрэагаваў на гэта Збаўца, зазначаючы між іншым, што няма прарока ў сваёй бацькаўшчыне (пар. Мк 6, 1-10; Лк 4, 16-30).
Нам сапраўды цяжка бывае прыслухоўвацца да людзей, з якімі мы разам выхоўваліся, з якімі суіснавалі на працягу многіх гадоў. Наогул нялёгка змагацца з такім псіхалагічным механізмам, асабліва калі ведаем, як нам здаецца, аб чалавеку амаль усё і ў дадатак негатыўнага больш, чым пазітыўнага. А таму мудрым з’яўляецца той чалавек, які пасля шматгадовага сумеснага жыцця ўсё ж такі шукае ў блізкім штосьці добрае, цэніць яго, заўважае добрыя бакі яго характару, цешыцца з духоўнага і інтэлектуальнага прагрэсу (а да добрага мы вельмі хутка прызвычайваемся і таму яго вельмі часта не заўважаем і не цэнім); тым больш, калі прызнае яго правату і верыць у тое, што Дух Святы таксама прамаўляе праз яго.
Штосьці падобнае адбываецца і з аўтарытэтамі ў нашым жыцці. Вельмі часта той чалавек, якім мы на пачатку вельмі захапляліся, хто быў для нас узорам у пэўных справах, быў нават кумірам, праз некаторы час гэтым узорам перастае быць. У адным з англійскіх дамініканскіх кляштараў аднойчы прыйшоў да свайго магістра (выхаваўцы) малады брат і заявіў, што ён ужо стомлены гэтым манаскім жыццём, што яго ўжо мала што цікавіць, што тыя браты, якімі ён калісьці захапляўся, ўжо раздражняюць яго, і больш за тое — ён адкрыў, што яны такія ж звычайныя людзі, са сваімі слабасцямі і праблемамі. На што настаўнік яму адказаў, што ў жыцці гэтага маладога манаха калісьці быў час захаплення, а зараз прыйшоў час любові…
Але, як бы там ні было, мы ўсё ж такі, ўсведамляючы гэта ці не ўсведамляючы, шукаем прыкладаў, шукаем правадыроў, настаўнікаў, шукаем тых, ад каго можна павучыцца. І добра, калі такія правадыры знаходзяцца. Як знайшоўся ў свой час Майсей, які вывеў свой народ з няволі і прывёў да абяцанай зямлі, альбо калі адрэагавала на апаганьванне святыні сям’я Махабэяў, стаючы на баку Бога Ізраэля, тым самым абараняючы рэлігійныя каштоўнасці і веру. Свет наогул патрабуе герояў, патрабуе пэўных ідэалаў, але герояў, здаецца, становіцца ўсё менш (іх усё больш выпускае Галівуд), а ідэалы таксама з цягам жыцця дзесьці губляюцца чалавекам. Шкада, але так ёсць, што большасць з нас не згаджаецца на ролю герояў, пэўных аўтарытэтаў, бо прасцей жыць, як усе, не высоўвацца. Навошта? — кажам мы сабе.
Але ўсё ж такі, дзякуй Богу, аўтарытэты ёсць. Варта толькі ведаць аб тым, што калі справа датычыцца аўтарытэтаў, гэта значыць людзей, якія з’яўляюцца нейкім эталонам для іншых, важнай справай з’яўляецца адрозніваць аўтарытэты маральныя, якія з’яўляюцца своеасаблівым голасам сумлення для народа, ад аўтарытэтаў прафесійных, ці, лепш сказаць, прафесіяналаў у нейкай галіне чалавечай дзейнасьці. Добра памятаць, што не абавязкова, каб аўтарытэт маральны быў аўтарытэтам прафесійным і наадварот. Вядома, напрыклад, што папа Пій X «экзарцызмаваў» цягнікі, наогул неразумеючы і не прымаючы новых тэхнічных вынаходніцтваў, хаця быў чалавекам святым, альбо, ізноў жа, рэнэсансавы мастак Караваджа (XV–XVI ст.), карцінамі якога (зрэшты, біблійнага накірунку) захапляецца свет дагэтуль; у жыцці ён быў чалавекам вельмі нязносным, дзе б ні з’яўляўся — там заўсёды былі бойкі і нязгоды. Варта аб гэтай розніцы памятаць, таму што некаторыя людзі, якія з’яўляюцца прафесіяналамі ў нейкай галіне, напрыклад, эстрадныя зоркі, вельмі часта становяцца для іншых людзей аўтарытэтамі таксама і ў маральным ракурсе. Часта здараецца, што той чалавек, які змяніў ужо пятага сужонка, павучае іншых, як трэба паводзіць сябе ў сямейным жыцці.
Напэўна, ад маральнага аўтарытэта патрабуецца тое, каб яго жыццё, прынамсі часткова, супадала з тым, аб чым ён кажа альбо чаму навучае. Не проста так першыя філасофскія школы, а пазней таксама і хрысціянскія (напрыклад, школа Арыгена ў Александрыі) засноўваліся на тым, што вучні не толькі слухалі сваіх настаўнікаў, але таксама прыглядаліся да таго, як яны паводзяць сябе, жывучы разам з імі і дзелячы ўсе клопаты штодзённага жыцця. Дарэчы, само слова «філасофія» (у перакладзе з грэчаскага — любоў да мудрасці) азначала мастацтва жыцця. І філосафы перадусім сваім жыццём павучалі іншых, як трэба жыць у гэтым свеце.
Варта таксама памятаць аб тым, што мы, шукаючы для сябе аўтарытэтаў, самі, у большай ці меншай ступені, таксама ўплываем на іншых людзей. Жывучы ў соцыуме, мы увесь час па-свойму ўздзейнічаем адзін на аднаго: альбо захапляем дабром, альбо заражаем злом. І, напэўна, асабліва варта памятаць, што гэтых аўтарытэтаў, прыкладаў для жыцця, у першую чаргу шукаюць і патрабуюць тыя, хто толькі фарміруецца, падрастае і ўзрастае ў сваёй чалавечай годнасці. Маю на ўвазе тут дзяцей і падлеткаў. Наогул, першымі аўтарытэтамі ў жыцці дзіцяці становяцца яго бацькі. Часам можна пачуць дзіцячыя спрэчкі, у якіх кожны з іх спрабуе даказаць, што менавіта яго тата самы моцны і самы разумны. Так ёсць, што ў гэтым узросце бацькі для дзяцей з’яўляюцца самымі неаспрэчнымі аўтарытэтамі. Таму пажадана, каб тата і мама былі людзьмі маральна ўстойлівымі, якія не толькі павучаюць сваіх нашчадкаў, як трэба жыць, але і самі стараюцца жыць тым, аб чым кажуць. Але значна пазней, асабліва у час гарманальнага сталення, маладыя людзі звычайна пачынаюць бунтаваць супраць усялякіх аўтарытэтаў (аб чым, зрэшты, сведчыць іх удзел у розных субкультурных групах, а таксама жаданне праз знешні выгляд вылучыцца з натоўпу і звярнуць тым самым на сябе ўвагу), адначасова ўсё ж такі падсвядома прагнучы і стала шукаючы узораў жыцця. Бацькі ў гэты перыяд, як пэўныя аўтарытэты, адыходзяць у большасці на другі план у жыццёвай вандроўцы дзяцей. З’яўляюцца новыя куміры, і добра, калі гэтыя новыя ўзоры адпаведныя.
Напэўна, кожны з нас, прызнаемся мы сабе ў гэтым ці не, шукае аўтарытэтаў, і добра, калі такія аўтарытэты, на каго можна было б раўняцца, знаходзім мы ў сваім жыцці. Могуць быць таксама аўтарытэты на нейкі перыяд нашага жыцця, якія дадзены нам Небам, каб мы маглі развівацца, пашыраючы межы свайго сэрца, а таксама інтэлектуальныя гарызонты. Пажадана мець удзячнае сэрца ў адносінах да людзей, якія дачыніліся да нашага развіцця, нават калі з цягам часу мы адкрываем у іх пэўныя слабасці і недахопы. Але як бы там ні было, першым маральным аўтарытэтам для веруючага чалавека ўсё ж такі павінен быць Сын Божы — Езус Хрыстус. І вельмі важна як мага часцей не толькі слухаць Яго навучанне (чытаць і разважаць над Божым словам), але і прыглядацца да Яго спосабу паводзінаў ў той ці іншай сітуацыі. Важна таксама браць пад увагу тое, аб чым навучае Каталіцкі Касцёл, памятаючы, што Касцёл — містычнае Цела Хрыста — знаходзіцца пад уздзеяннем Духа Святога, які, як і Хрыстус, пасланы на зямлю Богам Айцом, каб кожнага прывесці да Божага Валадарства, каб ніхто не загінуў.
А. Віталій Сапега ОР