Яшчэ часам ад часу ў размове можна пачуць у адрас не зусім сціплага і добрага чалавека наступны выраз: «Ты ж нават Бога не баішся». Калісьці гэта выраз меў сваю сілу і ўздзеянне на людзей, калі амаль што ўсе навокал сур’ёзна ставіліся да рэлігійных аспектаў жыцця. Сёння ж ён амаль ні да каго не прамаўляе, тым больш не нясе ўжо сваю маральную нагрузку.
Прычынаю гэтага з’яўляецца адыход сучаснага чалавека ад Бога, ад Божых прынцыпаў і каштоўнасцей. Гэты працэс набраў сілу асабліва пасля францускай рэвалюцыі, мэтай якой было вызваленне грамадства ад старых забабонаў: ад манарха, Божага памазанніка, ад Касцёла, а гэта значыць, і ад самога Бога. Гэта быў момант, як лічылі французскія рэвалюцыянеры, калі чалавецтва цалкам павінна вызваліцца ад сярэднявечнага мыслення, калі словы Бог, жыццё вечнае альбо пекла і Божая кара прысутнічалі ў штодзённым жыцці чалавека. Пазней яшчэ ва ўсе бязбожныя ідэі XIX стагоддзя зрабіў свой уклад нямецкі філосаф Фрыдрых Ніцшэ (1844–1900), абвясціўшы тэзу аб тым, што Бог на самой справе «памёр», а таму сумленне чалавека ўжо нічога не абавязвае, і толькі зараз можа ён адчуваць сябе свабодным. Такім чынам, з цягам часу бездухоўная, бязбожная эрозія распаўсюдзілася па ўсім свеце, нішчачы сумленне людзей.
Сёння сучасны чалавек Бога не патрабуе (больш давярае навуцы, якая, як яму здаецца, павінна адказаць на ўсе яго пытанні). Тое, што было чымсьці зразумелым для нашых продкаў, стала абсалютна абсурдным і непатрэбным для сённяшняга чалавека. Наогул, калі ў размове ўзгадваеш нейкія рэлігійныя аспекты, то некаторыя кажуць, што не варта вяртацца да цёмнага Сярэднявечча. Маем на двары ўжо XXI стагоддзе. Хтосьці заўважыў, што сучасны чалавек проста згубіў страх Божы. Так, сапраўды згубіў. Але, калі згубіў бязбожнік, то веруючы чалавек павінен яго мець. Толькі чым на самой справе ёсць гэты страх перад Богам? Паспрабуем паразважаць.
Калі наогул кажам пра страх, то маем на ўвазе перадусім нейкую псіхалагічную з’яву. Страх на самой справе ёсць чымсьці нармальным, таму што ён вельмі часта дапамагае чалавеку быць асцярожным самому, а таксама бараніць жыццё сваіх блізкіх. Гэта нармальна, калі чалавек мае страх перад экзаменам, перад вышынёй ці глыбінёй, перад нейкім невядомым этапам у сваім жыцці, нарэшце, перад смерцю. Хаця многія святыя і прагнулі смерці, якая павіна была вызваліць іх ад гэтага марнага недасканалага жыцця, як напрыклад святая Тэрэза Авільская, якая «памірала» ад таго, што памерці не можа, альбо св. Францішак, які смерць называў сваёй сястрой, ўсё ж такі большасць з іх перажывала трымценне і страх перад смерцю, як перад чымсьці невядомым, тым больш што кожны з іх дасканала ведаў, што пасля смерці трэба будзе стаць перад справядлівым Суддзёю і разлічыцца са свайго жыцця.
Святы Кас’ян, заснавальнік адной з першых манаскіх супольнасцяў у Заходняй Еўропе, які пакінуў шмат парадаў для паслядоўнікаў манаскага жыцця, пісаў між іншым аб асноўных этапах духоўнага жыцця, якіх паводле яго тры. Першы этап — этап нявольніка, які вызначаецца тым, што чалавек, пазнаўшы праўду аб існаванні Бога, жадае Яму служыць, але ўспрымае Створцу выключна як Суддзю і, калі захоўвае Божыя запаведзі, то больш з-за боязі перад Божай карай. Напэўна, такі страх перад карай ужо з’яўляецца ў нейкім сэнсе пачаткам духоўнага шляху і дачыняецца да збаўлення чалавека, але гэты страх, як вучыць Каталіцкі Касцёл, ёсць яшчэ страхам недасканалым. Наступны этап — гэта этап слугі, калі чалавек толькі таму стараецца захаваць Богу вернасць, што чакае ад Яго нейкай узнагароды ўжо тут, на зямлі (пастка для пачынаючых хрысціян), альбо ў жыцці вечным. Трэба прызнацца, што большасць з нас чакае ўзнагароды, тым больш што свецкае жыццё больш прамаўляе да нашай грэшнай натуры і не заўсёды хочацца ісці дарогаю пакуты і ахвяры. Толькі мы вельмі часта забываемся, што першай і найважнейшай узнагародай з’яўляецца сувязь з Богам тут, на зямлі, а пазней жыццё ў Валадарстве Шчасця і Супакою, дзе сам Бог ёсць для нас Узнагародай. І апошні этап, які ўжо ў нейкім сэнсе сведчыць аб духоўнай сталасці чалавека, — гэта этап сыноўства, калі чалавек, пазнаўшы Божую любоў, хоча, нягледзячы на пераследы і выпрабаванні, быць з Ім і Яму служыць.
Таму, калі кажам пра страх Божы, то маем перадусім на ўвазе не страх перад Богам, які ёсць самой Любоўю, а страх перад грахом і яго наступствамі (страх дасканалы), аб чым зрэшты сведчыць малітва аб сямі дарах Духа Святога, у якой між іншым просім Бога мець, можна так сказаць, адчуццё граху, просім баяцца яго больш, чым смерці. У лацінскай мове ёсць некалькі слоў, якія перакладаюцца як страх, як напрыклад pavor альбо terror. Гэта менавіта страх перад пагрозай, перад небяспекай. Але ёсць таксама і іншае слова, якое, дарэчы, найчасцей сустракаецца ў Вульгаце (лацінскі пераклад Бібліі), і гэтым словам з’яўляецца timor, якое можна перакласці як радаснае трымценне, страх каго-небудзь пакрыўдзіць, параніць. Калі мы каго-небудзь вельмі моцна любім, то ўсімі сіламі стараемся адгарадзіць яго ад нейкай негатыўнай інфармацыі, не знерваваць. Так і ў адносінах з нашым Створцам: калі мы любім Яго ўсім сваім сэрцам, усёю душою, усім розумам (пар. Мц 22, 37), то будзем старацца асцерагацца граху і імкнуцца, як вучыць св. Павел у пасланні да Піліпянаў, «са страхам і трымценнем» клапаціцца аб сваім збаўленні (пар. Піл 2, 12). Трэба больш за ўсё баяцца граху, бо менавіта грэх, які аддаляе нас ад Бога, ўдарае не толькі ў нас саміх, але і ў нашыя зносіны з людзьмі навокал, грэх нас дысгарманізуе, сціраючы Божы вобраз і пагружаючы нас у сапраўднае рабства.
А. Віталій Сапега ОР