У сераду ў Каталiцкiм Касцёле пасыпаннем галоваў попелам распачынаецца Вялiкi пост. Як адзiн з фактараў рэлiгiйнага жыцця пост шырока практыкаваўся ўжо ў часы Старога Запавету. I галоўнай яго мэтай было нагадванне чалавеку аб тым, што ён з’яўляецца iстотай недасканалай, грэшнай i цалкам залежнай ад Бога (пар. Лев 16, 29–34).
Таму пост у першую чаргу быу выразам скарэння чалавека перад Богам. Ён практыкаваўся таксама як спосаб падрыхтоўкi чалавека да сустрэчы з Богам, як гэта было з Майсеем на Сiнайскай гары (пар. Зых 34, 28), таксама каб выпрасiць у Бога асаблiвую ласку, дапамогу перад прыняццем важных жыццёвых рашэнняў альбо перад выкананнем нейкага знакавага задання (пар. Ёэл 2, 12–14; Суд 20, 24–28), i вельмi часта прымяняўся, каб вымалiць у Бога прабачэнне як за асабiстыя, так i за калектыўныя грахi (пар. 2 Вал 12, 16; Ён 3, 5).
Пост быў абавязковым атрыбутам падчас штогадовага свята Ём Кiпур — так званага Дня, калі даравалiся ўсе грахi. Так, менавiта ў час гэтага свята былi абавязковымi малiтва i пост. У гэты дзень — а быў гэта заўсёды дзясяты дзень сёмага месяца — адбываўся адмысловы рытуал, якi складаўся з двух этапаў. На першым этапе архiсвятар на самым пачатку складаў на алтары цяля як ахвяру за свой грэх, а таксама за грэх усiх святароў. Пазней уваходзiў у Святое Святых — што адбывалася толькi адзiн раз у год, — дзе акаджваў i акрапляў крывёю складзенай ахвяры залатую плiту, якая называлася каппорэт, што ў перакладзе азначае ўмiласцiўленне. Пазней складаў ахвяру з казляня, што сiмвалiзавала грaхi ўсiх людзей, iзноў уваходзiў у Святое Святых, паўтараючы рытуал акраплення. Гэта было свята, падчас якога ўвесь народ прызнаваўся ў свaёй недасканаласцi, а таксама ў патрэбе ачышчэння ад грахоў.
У часы Езуса Хрыста пост таксама досыць шырока практыкаваўся. Пасцiў Ян Хрысцiцель i яго вучнi. Пасцiў сам Божы Сын. Толькi ў часы Езуса Хрыста пост пачаў адзначацца больш фармальнымi рысамi, а менавiта стаў постам для самога посту, а не спосабам пакуты, навяртання i зблiжэння з Богам. На гэта асаблiва звяртаў увагу наш Пан, кажучы аб адыходзе ад сэнсу посту (пар. Мц 6, 16–18). З Евангелля таксама вядома, што Збаўца быў заведзены Святым Духам у пустыню, дзе знаходзiўся сорак дзён i начэй (зрэшты, адсюль у Касцёле з’явiлася традыцыя саракадзённага Вялiкага посту) і перажыў спакушэнне сатаною (пар. Мц 4, 1–11). Тым самым, між іншым, паказваецца, што ў барацьбе з ворагам чалавечага збаўлення пост, спалучаны з малiтваю, атрымлівае незвычайную каштоўнасць i сiлу.
У штодзённым разуменнi словa «пост» вельмi часта асацыiруецца з устрыманнем ад нейкiх прадуктаў харчавання, звычайна мясных. Дарэчы, у старажытнасцi мяса каштавала досыць дорага, i таму некаторыя хрысцiянe падчас посту, устрымліваючыся ад мясных страваў, значна эканомiлi, а зэканомленыя грошы звычайна аддавалi на мiласцiну.
Зараз у свеце чымсьцi вельмi папулярным з’яўляюцца розныя дыеты, аўтары якiх прапануюць розныя спосабы для пахудзення. Як тэлебачанне, так i Інтэрнэт агрэсiўна рэкламуюць дыеты, спасылаючыся часта на досвед шматлiкiх слынных людзей. Можна сказаць, што свет звар’яцеў ад гэтых дыет. Але хрысцiянiн, як вучыць у сваiм пасланнi святы апостал Ян, не павiнен браць прыкладу з гэтага свету (пар. 1 Ян 2, 15), а хутчэй павiнен аднаўляць сваё мысленне, прымяняючы Божыя меркi. Кажучы прасцей, павiнен мыслiць па-хрысцiянску, тым самым больш крытычна гледзячы на свет вакол сябе. Пост не датычыцца толькi i выключна нашага страўнiка. Пост трэба разумець у больш шырокiм сэнсе. У першаю чаргу ён з’яўляецца часам, дадзеным нам Богам для паглыблення нашай сувязi з Iм i для нашага асабiстага навяртання. Добра было б, калi б у гэты час мы зразумелi, што з’яўляемся людзьмi смяротнымi, i свой позiрк накiравалi далей, у вечнасць. А гэта, у сваю чаргу, павiнна дапамагчы нам мудра распараджацца сваiм жыццём i дадзеным нам часам, цэнячы тым самым кожную хвiлiну.
Пост — гэта таксама такi лiтургiчны перыяд у жыццi Касцёла, калi мы павiнны быць асаблiва салiдарнымi з нашым Збаўцам Езусам Хрыстом, стараючыся, дзякуючы велiкапосным набажэнствам, хоць крыху наблiзiцца да таямнiцы нашага адкуплення.
Пост — гэта і час, калi мы павiнны навучыцца прымяняць розныя аскетычныя практыкi. Не трэба баяцца слова «аскетызм», бо ў перакладзе са старажытнагрэчаскай мовы яно дакладна азначае практыкаванне альбо трэнiроўку. А як ведаем з жыцця, цяжка дасягнуць якiх-небудзь вынікаў без сістэматычнай сталай працы. У чым павiнен практыкавацца хрысцiянiн — дык гэта ў цноце. Набываць цноты — гэта, проста кажучы, азначае выкараняць у сабе дрэнныя схiльнасцi i заганы i ўсё больш схiляцца ў бок дабра. Напрыклад, калi я маю схiльнасць да моўных грахоў, да абгавору, паклёпу, асуджэння, тады лепш скарыстацца ў гэты перыяд ласкi лекам маўчання i знаходзiць больш часу на размову з Богам, адначасова стараючыся пазбягаць людзей, якiя штурхаюць мяне да гэтых грахоў. Калi ёсць, напрыклад, схiльнасць да марнавання часу ў Інтэрнэце, карыстаючыся непатрэбнымі або нават непрыстойнымі сайтамі, то добра было б абмежаваць сябе, а часам нават радыкальна адмовiцца ад гэтага карыстання. Менавiта гэты час можа яскрава выявiць нашыя залежнасцi i неўпарадкаваныя прывязанасцi. Наогул, дзякуючы разумнаму аскетызму, узмацняецца наша воля, а рабiць дабро становiцца лёгка i прыемна.
У перыяд посту добра таксама пазмагацца за тое, каб знайсцi час для чытання i разважання над Божым словам. Думаю, што калi чалавек сустрэнецца на старонках Бiблii з жывым Богам, то, хутчэй за ўсё, будзе прымяняць гэтую збавенную практыку ў сваiм далейшым жыццi.
I, канешне, якi пост без мiласцiны? Сустракаючыся з Богам, немагчыма быць абыякавым да людзей вакол нас. Бог — гэта любоў, а любоў не можа быць iнертнай.
А. Віталій Сапега ОР