Пошук


Сацыяльныя прагнозы сталіся часткаю нашага жыцця. Прагназуюць усё. Напрыклад, якія касцюмы на бліжэйшы Хэлоўін будуць у топе. Аказалася, на думку некаторых, гэта будзе касцюм віруса Эбола альбо касцюм урача-вірусолага.

Шкада толькі, што не робяцца прагнозы на тое, колькі часу сярэднестатыстычны прадстаўнік грамадства можа пражыць без маскі. Сучасны балаганны гіпермаркет прапануе вельмі шырокі асартымент на любы густ, памер і нагоду. Ёсць маскі спачувальнасці і цынізму, нецярпімасці і талерантнасці, рэлігійнасці і секулярызму, любові і нянавісці, хамства і паліткарэктнасці. Ёсць розныя коштавыя катэгорыі: для ніжэйшых слаёў і для вышэйшых. Праводзяцца акцыі і майстар-класы ў інтэрнэце па азнаямленні з новай прадукцыяй. Стаць членам клуба спажыўцоў вельмі лёгка. Амаль бясплатна: першая маска — бонус.
    
Шмат публікацый на тэму непрымальнасці Хэлоўіна хрысціянамі. Але гэты дзень стаўся толькі аднаразовай штогадовай маніфестацыяй штодзённасці. Можна асуджаць тых, хто святкуе свята друідаў, апрануўшы маску, маску… ну, тут кожны сам выбірае, якую. Вось такі перманентны хрысціянскі хэлоўін.
    
Каб перамагчы вірус, арганізм патрабуе антыцелаў на вірус. Хрысціяне знаходзяцца ў нядрэннай сітуацыі, бо «Ён узяў на сябе нашую слабасць і панёс нашыя хваробы» (Іс 53, 4, Мц 8, 17). Езус не апрануў вобраз (маску) чалавечнасці, але стаўся чалавекам, каб аздаравіць нас ад вірусаў граху, а не займацца сімптамацыйным лячэннем.

Эбола будзе пераможаны, калі кожны скіне маску і нарэшце не пабаіцца разгледзець у сабе вобраз Божы, Божае дзіця, здольнае любіць, як яго Нябесны Айцец.

Кс. Уладзімір Русак

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця