Пошук


А што далей? Чаканне таго, пакуль дадуць загад на новыя акцыі з новых нагод?
А можа, чаканне гэтых акцый у ролі гледача, крытыка, заўзятара (у каго лепш выйшла)?
І, калі мінулы год быў Годам веры, то наступны – не-год-веры (як варыянт: год нявер’я)?
Не, далей урачыстасць Нараджэння Пана!

Скончыўся Год веры.

Знік банэр з Catholic.by і адмысловыя дэкарацыі з касцёлаў.

У парафіяльных хроніках скончаны запісы пра акцыі, якія ладзіліся на працягу года дзеля ажыўлення веры…

Гэта ўсё ўжо за намі.

Гэта ўсё ўжо гісторыя.

Гэта ўсё ўжо ў архіў?..

А што далей?

Чаканне таго, пакуль дадуць загад на новыя акцыі з новых нагод?

А можа, чаканне гэтых акцый у ролі гледача, крытыка, заўзятара (у каго лепш выйшла)?

І, калі мінулы год быў Годам веры, то наступны – не-год-веры (як варыянт: год нявер’я)?

Не, далей урачыстасць Нараджэння Пана! Ялінка, падарункі, калядныя спевы…

Пан прыходзіць!
 
Для нашай веры надзвычай важна, каб усе акцыі і знешнія святкаванні не захілялі нашыя сэрцы покрывам узрушанасці. Бо не ў эмоцыях сутнасць веры. Яны – толькі знешняя дэкарацыя.

Калісьці на прасторах сеціва я знайшоў цікавы тэкст:

Калі я ўпрыгожваў мой дом галінкамі ялінкі, гірляндамі і лямпачкамі, але не зразумеў сэнсу святаў Нараджэння Пана, то я не больш, чым дэкаратар.

Калі я працую з раніцы да вечара на кухні, гатуючы кілаграмы тартоў, пірожных і іншых прысмакаў, запрашаю гасцей за ідэальна падрыхтаваны стол, але пры гэтым у маім сэрцы няма радасці з нараджэння Езуса, то я не больш, чым кухар.

Калі я працую ў дабрачынных арганізацыях, спяваю песні ў дамах састарэлых і ўсе свае зберажэнні аддаю на дабрачынныя мэты, але пры гэтым не маю любові да сваёй сям’і, то ўсё гэта бессэнсоўна.

Калі я ўпрыгожваю ялінку бліскучымі анёлкамі і зорачкамі, удзельнічаю ў тысячы святаў і спяваю ў хоры, але ў маім сэрцы няма месца для Езуса, тады я не зразумеў, у чым галоўны сэнс святаў.

Любоў да Езуса перапыняе працу на кухні для таго, каб абняць дзіця.

Любоў пакідае ўпрыгожванне кватэры, каб пацалаваць жонку.

Любоў прыязная, нягледзячы на стрэс і недахоп часу.

Любоў не зайздросціць прыгожаму дому іншых і колеру падабраных сурвэтак.

Любоў не крычыць на дзяцей, таму што яны блытаюцца пад нагамі, наадварот, яна ўдзячная, што яны ёсць і што яны могуць блытацца пад нагамі.

Любоў дае не толькі тым, якія могуць даць у адказ. Наадварот, з вялікай радасцю яна адорвае менавіта тых, якія ў адказ нічога падарыць не могуць.

Любоў усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць. Любоў ніколі не мінае.

Падарункі забудуцца і сапсуюцца, печыва будзе з’едзена, калядная ялінка высахне. Але падарунак Бога ў асобе Езуса Хрыста застанецца назаўсёды!

А што далей, залежыць толькі ад кожнага з нас асабіста.

Кс. Уладзімір Русак

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.