Пошук


Часам мне як святару даводзіцца чуць такое пытанне: «На якую частку святой Імшы неабходна паспець, каб лічылася, што я на Імшы быў?» Я асабіста чуў розныя меркаванні: на Евангелле, на Эўхарыстычную малітву, на момант кансэкрацыі…

Прапаную паглядзець на гэтае пытанне з біблійна-тэалагічнай перспектывы.

У Старым Запавеце Бог неаднаразова называе сябе Абраннікам, а выбраны народ — Абранніцай, хочучы паказаць, што повязі, якімі Ён хоча злучыцца з чалавекам, павінны пераўзыходзіць юрыдычныя адносіны, але знаходзіцца на ўзроўні значна глыбейшым, вышэйшым. Паводле задумы Бога, гэта павінны быць не проста повязі пачуццяў, але повязі сталай любові. Бог, які ёсць Любоў, стварае нас паводле свайго вобразу і падабенства. І калі стварае ўсё ў атмасферы любові, то і чалавека стварае так, што чалавечая асоба найбольш раскрываецца ў любові.

Найбольш яскравым, актуальным і даступным праяўленнем Божай любові з’яўляецца Эўхарыстыя. У Эўхарыстыі Езус дамаўляецца з намі аб сустрэчы, якую задумаў як спатканне з любімай асобай — канкрэтна са мною. Гэта месца, дзе Абраннік прагне сустрэцца з Абранніцай.

Кожнае запрашэнне асобы, якую мы паважаем і любім, выклікае ў нашым сэрцы прыемнае ўзрушэнне. Пачынаецца час падрыхтоўкі да сустрэчы, якая, як мы ведаем, з’яўляецца важнай не толькі для нас, але і для таго, хто нас запрасіў. Мы не адважымся адказаць на запрашэнне адмовай ці, прынамсі, непавагай у знешнім выглядзе. Па сутнасці, падрыхтоўка — гэта пачатак узбагачаючага працэсу спаткання. Падрыхтоўка змяняе мяне і стварае ўва мне якасці, неабходныя для творчага перажывання самой сустрэчы. Сукенка, касцюм, туалетная вада, макіяж не з’яўляюцца неабходнасцю ці сутнасцю сустрэчы. Але яны дапамагаюць выявіць мой удзел у справе стварэння сустрэчы.

Найбольш блізкім момантам сустрэчы падчас Эўхарыстыі з’яўляецца, безумоўна, момант Камуніі. Мы прыходзім у святыню не толькі дзеля таго, каб пачуць Божае слова і стаць сведкамі (ці толькі гледачамі) ахвяры, якая складаецца на алтары. Мы прыходзім дзеля таго, каб адчуць, што Божае сэрца б’ецца надзвычай блізка нашага сэрца, бо б’ецца ў нашым сэрцы. І не толькі б’ецца, але і надае яму рытм.

Дзеля перажывання гэтага моманту і патрэбна падрыхтоўка. І неабходна тут не толькі штогадовая ці штомесячная споведзь. Такая блізкая сустрэча патрабуе шторазовай падрыхтоўкі. Узрушанасць сэрца ў свядомасці таго, хто чакае мяне з любоўю, дарога да святыні ў атмасферы чакання, голас таго, хто любіць, які гучыць у чытаннях, сузіранне найвышэйшай ступені Яго любові ў ахвяры і… сустрэча.

Безумоўна, гэта сустрэча з Асобай, якая мяне любіць і прымае з усімі маімі праблемамі. Творчая сустрэча, якая стварае ўва мне новыя магчымасці адкрыцця Яго прысутнасці ў штодзённым жыцці і надае сілы для стварэння валадарства любові навокал сябе. Сустрэча, якую немагчыма забыць і якая абуджае тугу па наступным разе…
 
Тая асоба, якая адчувае сябе ў абсягу любові і любіць, не можа спазніцца.

Кс. Уладзімір Русак

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.