З-за калонаў сярэднявечнага касцёла пачуўся далікатны званочак. Пад глыбокія і раскацістыя акорды аргана, які сціскаў сэрца яшчэ самога Людовіка XVI, раннія наведвальнікі касцёла ўзняліся, а ў бакавой наве паказаўся міністрант з крыжом, за якім роўна і нетаропка ішлі іншыя міністранты, цырыманімайстар і святар у зялёным арнаце і чорнай квадратнай шапцы.
Кожны рух гэтай невялікай працэсіі аддаваў настрой яе ўдзельнікаў, якія кіраваліся да алтара, каб адслужыць нядзельную святую Імшу.
Працэсійны крыж абыходзіў касцёл найдаўжэйшым магчымым шляхам, міністранты, злёгку кранаючы падлогу сутанамі, павольна ступалі на кожную нагу, а святар, нібыта ідучы на сваю смерць, засяроджана і панура глядзеў долу.
Вядома, аж такой драмы ў гэты нядзельны ранак не чакалася, але ў прасторы касцёла сапраўды вісела адчуванне таго, што людзі ў чорным, калі і не ідуць гэтым шляхам у апошні раз, то прынамсі рыхтуюцца рабіць вялікую справу.
Урачыстая атмасфера цалкам адпавядала месцу. Было гэта ў самым сэрцы Парыжа, на ўзбярэжжы Сены, у 500 метрах ад знакамітага Луўра — у знямелым турыстычным цэнтры горада, які ўжо праз паўгадзіны меў напоўніцца ахвотнікамі бясплатна паглядзець на шэдэўры сусветнага мастацтва. Аднак, пакуль турыст спаў, на гэтым месцы, у касцёле св. Германа Асерскага (Сэн-Жэрмэн-л’Асэруа) мела здзейсніцца рэч, прыгажэйшая за антычныя скульптуры і больш таямнічая за ўсмешку Моны Лізы.
Святар дайшоў да алтара, зрабіў знак крыжа і пачаў паціху прамаўляць уступныя малітвы: «Introibo ad altare Dei, ad Deum qui laetificat iuventutem meam…»
Арган цалкам заглушаў ягоны голас, але святар нібыта і не хацеў, каб мы яго пачулі. Нізка схіліўшыся перад алтаром, ён працягваў свой дыялог ці то з Богам, ці то з міністрантам. Да музыкі дадаліся галасы кантараў, якія спявалі лацінскія вершы на пакручастую мелодыю. У складанай харэаграфіі кожны рабіў сваю працу: святар маліўся, хор спяваў.
Вернікі ж далучаліся да гэтых цырымоній па-рознаму. Больш адукаваныя парафіяне паўтаралі малітвы за святаром, адсочваючы іх па невялікіх імшаліках з парадкам Імшы, больш таленавітыя падпявалі хору, а іншыя засяроджана ўглядаліся ўдалечыню, напэўна, молячыся сваімі словамі.
Побач са мною сядзела сям’я: бацька ў чорным гарнітуры і тры ягоныя дачкі ад сямі да дзевяці гадоў у белых карункавых хустках. Калі святая Імша ўвайшла ў свой рытм, дзяўчынкі выцягнулі кніжкі з малюнкамі і пачалі сачыць па іх за літургіяй.
Нязведанае адчуванне самастойнасці. Святар не вітае цябе, не бярэ за руку і не праводзіць праз святую Імшу шэрагам дыялогаў, час ад часу дадаючы ўказанні, калі табе сесці, а калі падняцца. Касцёл дае табе прастору і шанец на самастойнасць, рэалізаваць якую па-свойму здольныя дзіця і дарослы, разумны і просты, мясцовы жыхар і імігрант, шчаслівы чалавек і асоба ў роспачы.
Разам з тым, гэта і патрабаванне самастойнасці, патрабаванне шукаць дыялогу з Богам у найбольш спрыяльнай для гэтага атмасферы, у святых старажытных абрадах Каталіцкага Касцёла.
«Sequentia sancti Evangelii secundum Matthaeum». Святар пры алтары спрытна вымаўляў словы Евангелля на лацінскай мове. Часта кажуць, што лацінская мова перашкаджае вернікам удзельнічаць у святой Імшы. Што ж, цудоўным чынам менавіта лацінская мова прывяла мяне ў той дзень у касцёл св. Германа.
Як я апынуўся на лацінскай Імшы
Увогуле, гэта была ўжо трэцяя спроба наладзіць выкананне нядзельнага абавязку ў чужой краіне, у якой воляй Божага Провіду мне нечакана выпала пражыць тры месяцы запар.
Першая спроба правалілася ў знакамітым парыжскім Нотр-Даме, бо маліцца там аказалася цяжка з-за пастаяннай цыркуляцыі турыстаў, а таксама з-за абсалютна незнаёмай для мяне французскай мовы, не распазнавальнай ані на слых, ані на выгляд.
Таксама спадзяванні былі на парафію для польскай дыяспары, але адтуль прыйшлося сысці часткова праз польскую мову, а часткова праз тое, што мясцовы пробашч любіў перашкаджаць свайму вікарыю цэлебраваць Імшу, беручы мікрафон і выступаючы ў якасці канферансье для сабранай публікі.
Шукаючы іншыя магчымасці, я ўзгадаў пра існаванне святой Імшы на лацінскай мове і ўвёў у Інтэрнэце свой французскі максімум, на які быў здольны: «la forme extraordinaire». Так я апынуўся на гэтай цудоўнай Імшы, якая ўвогуле не патрабавала ад мяне ніякай мовы, нават слова «Амэн» падчас прыняцця святой Камуніі.
«Orate fratres». Падрыхтаваўшы хлеб і віно, святар запрашае нас далучыцца да Ахвяры, дзеля складання якой мы сабраліся. Гучыць гімн «Святы, святы, святы» — і раптам у касцёле наступае цішыня. Святар схіляецца над алтаром і пачынае чытаць тую вядомую нам эўхарыстычную малітву: «Міласцівы Ойча, пакорна просім і молім Цябе…», але робіць гэта так ціха, што пачуць яго могуць хіба што міністранты пры алтары.
Вам знаёмае адчуванне звону ў вушах? Той стан, калі за жыццё ты прызвычаіўся штосьці слухаць, а потым трапіў у абсалютную цішыню, і сама адсутнасць гукаў звонам б’е табе ў вушы. Больш за тое, гэтая цішыня бянтэжыць, як бянтэжыць той момант, калі ў арганіста ўпала старонка з нотамі, і ён на хвілінку перапыняе мелодыю, каб пашукаць свае ноты на падлозе.
Павінна штосьці гучаць, павінна штосьці адбывацца, але нічога не гучыць, а таго, што адбываецца, няможна ўбачыць, бо яно здзяйсняецца сам-насам паміж Богам і святаром, які адвярнуўся тварам да алтара. Але з часам у гэтай цішыні і таямнічасці становіцца магчымым разглядзець і пачуць Бога, які ў гэтыя хвіліны прыходзіць на алтар. Цішыню зноў пранізвае званок — і святар уздымае спачатку Гостыю, потым келіх, каб вернікі маглі ўшанаваць Пана Езуса у выглядзе хлеба і віна…
Такім было маё знаёмства з надзвычайнай формай рымскага абраду, таксама вядомай як Трыдэнцкая Імша, альбо традыцыйная лацінская Імша, у простай французскай парафіі, якой кіруюць дыяцэзіяльныя святары.
Сёння ж спаўняецца роўна 10 гадоў, як папа Бэнэдыкт XVI пажадаў вярнуць Заходняму Касцёлу ягоны спрадвечны старажытны абрад, які служылі св. Тамаш Аквінскі, св. Піо з П’етрэльчыны, які ў сваім «Дзённіку» апісвала св. Фаўстына і для якога сваю несмяротную музыку складалі Палестрына і Моцарт.
У апостальскім пасланні Summorum Pontificum, дадзеным па ўласнай ініцыятыве 7 ліпеня 2007 года, Папа аб’явіў, што традыцыйная і сучасная (альбо надзвычайная і звычайная) формы рымскага абраду маюць роўную годнасць і вартасць, а таксама дазволіў кожнаму святару без перашкодаў служыць святую Імшу паводле гэтага шанаванага абраду, які аформіўся ў часы св. Грыгорый Вялікага (VIст.), а з 1570 года да 1969 года быў універсальным абрадам для ўсяго Заходняга Касцёла.
На жаль, з часоў Другога Ватыканскага сабору адбыліся пэўныя падзеі, якія прывялі да заняпаду традыцыйнага рымскага абраду і стварылі вакол яго нездаровую атмасферу падазронасці. Адным фактарам з’яўляецца імкненне тагачасных касцёльных уладаў і прыхільнікаў літургічнай рэформы як мага хутчэй перайсці да новага абраду папы Паўла VI, любым коштам пазбавіўшыся ад спарахнелага і непатрэбнага старога абраду.
Як адказ на гэта паследавала рэакцыя католікаў, прывязаных да старой літургічнай формы, якая выяўлялася самымі рознымі спосабамі: ад параўнаўча мяккай рэакцыі, напрыклад, Джона Рональда Руэна Толкіна, які пасля ўвядзення новага парадку Імшы на англійскай мове супраціўляўся і працягваў гучна даваць адказы па-лацінску, да найбольш жорсткай рэакцыі французскага арцыбіскупа Марсэля Лефеўра, які ў 1988 годзе незаконна кансэкраваў чатырох біскупаў з заснаванага ім традыцыяналістычнага Святарскага брацтва св. Пія Х (FSSPX), з-за чаго ўсе пяцёра былі экскамунікаваныя.
Традыцыйная лацінская Імша і дагэтуль з’яўляецца візітнай карткай FSSPX, кананічны стан якога ў Касцёле дагэтуль застаецца спрэчным.
Як вынік, традыцыйны рымскі абрад пачаў асацыявацца з непаслухмянасцю Папу і аспрэчваннем рашэнняў Другога Ватыканскага сабору. Дыскусія паміж прыхільнікамі розных форм рымскага абраду перайшла з канструктыўнай сферы ў ідэалагічную і сышла да ўзаемных абвінавачванняў бакоў ў традыцыяналізме альбо мадэрнізме, што не пайшло на карысць ані літургічнаму жыццю Касцёла, ані несмяротным душам.
Нават пасля выхаду апостальскага паслання Summorum Pontificum, у якім наступнік святога Пятра вярнуў законнае месца старой літургічнай традыцыі і выказаў надзею на прымірэнне ў сэрцы Касцёла, несправядлівае стаўленне да яе амаль не змянілася, хоць у шматлікіх месцах традыцыйная рымская літургія павольна, але няўхільна ажывае.
Сёння варта аддаць належнае гэтаму ці не найбольш важнаму дакументу пантыфікату Бэнэдыкта XVI і пачаць шукаць магчымасці для суіснавання дзвюх формаў рымскага абраду, прывязанасць да якіх далёка не заўсёды звязана з ідэалагічнымі меркаваннямі.
Чым скончылася тая святая Імша ў Парыжы? Святар узяў келіх, апрануў квадратную шапку, пакланіўся крыжу і тым жа шляхам, разам з міністрантамі, пад гукі аргана сышоў у невядомым накірунку. Больш я яго ніколі не бачыў. Але тыя святыя цырымоніі «разбачыць» няможна, як няможна забыцца пра тыя адчуванні сур’ёзнасці, самастойнасці і незвычайнай цішыні, якія могуць цалкам змяніць нашае ўспрыманне літургіі Каталіцкага Касцёла, нашай Маці.