Наша грамадства настолькі рэлігійна талерантнае, што ў адным горадзе можна знайсці і хрысціянскую святыню, і святыню мастацтва, і святыню спорту, і святыню гандлю… Закон аб свабодзе сумлення і веравызнання не забараняе, па сутнасці, наведваць кожную з іх. Абы толькі не было вайны — гэта значыць, толькі каб не было пагрозы для грамадства. Чым жа лепш наведванне адной святыні за наведванне другой?
Сказаць, што нам не патрэбны гандаль, мы не можам. Не дбаць пра фізічную форму — сабе горш. Мастацтва — тут і так усё зразумела. Не, я асабіста ніколі не пастаўлю ўдзел у літургіі Касцёла нароўні з пакупкамі, спортам ці выхадам на мегапрэм’еру ў тэатр. Не таму, што не мушу сабе гатаваць ежу, і не таму, што маю не вельмі спартыўны выгляд. І не таму, што святар.
Усё таму, што ў касцёле адбываецца літургія. Ужо старажытныя грэкі мелі ў сваёй мове слова λειτουργέω, што паходзіць ад двух іншых: λειτος (супольны) і εργον (праца, справа, служба). І тэрмін гэты грэкі ўжывалі не толькі для таго, каб акрэсліць рэлігійныя, культавыя дзеянні, але літургіяй было ўсё, чым яны займаліся разам, супольна і для дабра ўсіх — ці то пабудова стадыёну, ці рамонт мосту.
Ідучы ў краму, мы ўступаем у адносіны тыпу прадавец — пакупнік. Займацца спортам можна індывідуальна альбо ў камандзе супраць іншай каманды. У тэатры мы займаем месца па гэты ці па той бок рампы. І толькі літургія праяўляе ў нас адзінства містычнага Цела Хрыста, у якім, што праўда, кожны выконвае сваю функцыю, але для супольнага дабра. Не-не, Касцёл няможна параўноўваць з тэатрам аднаго акцёра (альбо некалькіх у залежнасці ад таго, колькі асоб „з таго боку“ алтара). Тут людзі не іграюць роляў і не з’яўляюцца гледачамі, якія перапоўнены эмоцыямі альбо без іх у залежнасці ад майстэрства акцёраў. Літургія — гэта сустрэча з Панам і ў Пану, гэта адчуванне быцця часткаю Ягонага Цела, вельмі важнай часткаю, адзінаю і непаўторнаю. Тут кожная частка выконвае сваё, прызначанае ёй, заданне. Разам мы ствараем містычнае Цела Хрыста. Удзел верніка ў літургіі — гэта не толькі ахвяра з нагоды справавання Імшы ў той ці іншай інтэнцыі. Удзел вернікаў — гэта тыя просьбы, што шэпчуць нашыя сэрцы пасля закліку святара «Молімся», гэта праслаўленне Бога разам з нябесным Касцёлам словамі «Аллелюя» ці «Святы, Святы, Святы», гэта прынясенне ў ахвяру самога сябе, сваіх спраў і сваіх праблем тады, калі над алтаром уздымаецца беззаганная Гостыя.
Калісьці ўжо святы Ян Златавусны чуў ад вернікаў: «Што ж, я не магу памаліцца дома?» Сёння, калі развіццё тэхнікі дазваляе нам не толькі ў прамым эфіры трансліраваць Імшу па радыё, але і відэа ў рэжыме рэальнага часу, можа, гэтае пытанне загучала б па-іншаму. Штосьці накшталт: «А што я не магу стварыць віртуальную парафію В контакте ці на Facebook?» Плод з райскага дрэва таксама выглядаў прывабна, а той, хто яго прапаноўваў пакаштаваць, гарантаваў прагрэс. Я не супраць развіцця высокіх тэхналогій і, лічачы іх плёнам талентаў, што ў нас заклаў Створца, сам імі штодня карыстаюся. Небяспека ў тым, што чалавек сучаснай эпохі хутчэй здольны змяніць свой вобраз, характар, звычкі, засланіўшыся маніторам камп’ютара ці смартфона. Не хапае яму, на жаль, сілы, каб змяніць сябе ў рэальным жыцці. Так, для гэтага трэба больш намаганняў, чым проста пастукаць па клавіятуры. У «рэале» не ўдасца пачаць усё нанова, змяніўшы нік. Пагроза ў тым, што да такой «парафіі» будуць належаць не рэальныя людзі, а іх выдуманыя вобразы.
Хрыстус жа не чакае, пакуль мы дасягнем сваіх уяўных ідэалаў. Ужо зараз Ён запрашае нас наблізіцца да Сябе і да іншых. Віртуальныя зносіны не могуць замяніць сустрэчы з маімі рэальнымі братамі і сёстрамі ў Хрысце на літургіі. Падчас літургіі я не адзін і не мушу ўцякаць ад самоты, ужываючы тую ці іншую маску дзеля акцэптацыі з боку іншых. Літургія — гэта справа людзей, якія ўсведамляюць свае абмежаванні, сваю слабасць і памылкі. Літургія — месца, дзе кожны з’яўляецца самім сабою, інакш удзельнічаць у ёй немагчыма. Літургія — гэта магчымасць рэальна змяніць сваё жыццё, пачуўшы слова Праўды і ўмацаваўшыся ласкаю Хрыста, што выплывае з сакрамэнтаў. Літургія — гэта тое, што мы здзяйсняем разам з Хрыстом — Усемагутным і такім блізкім.
З самой этымалогіі вынікае, што літургія не з’яўляецца справаю адной асобы, нават калі гэтая асоба — святар. Літургія патрабуе па сваёй сутнасці супольнасці, а хрысціянская супольнасць патрабуе па сваёй сутнасці літургіі, каб заставацца супольнасцю сапраўды хрысціянскай. Касцёл жыве дзякуючы літургіі.
Ці я адчуваю сябе часткаю Касцёла? Ці я захачу заняць сваё месца ў літургічнай супольнасці?
Кс. Уладзімір Русак