У пэўным сэнсе можна сказаць, што ад мітрапаліта Ісідара распачынаецца гісторыя уніі на нашых землях, а менавіта гісторыя практычнай спробы адбудавання згубленага царкоўнага адзінства паміж католікамі і праваслаўнымі на Русі (у шырокім значэнні гэтай геаграфічнай назвы).
Аб мітрапаліце Ісідары было ўжо напісана ў адным з папярэдніх артыкулаў (гл. тут), таму абмяжуемся цяпер толькі характарыстыкай яго дзейнасці на ўсходнеславянскіх землях.
Пасля трагічнай смерці мітрапаліта Герасіма ў 1435 годзе, а таксама пасля перамогі ў міжусобнай вайне (1436 г.), маскоўскі князь Васілій ІІ выслаў у Канстанцінополь свайго кандыдата на пасаду Мітрапаліта ўсяе Русі — Іону, епіскапа Разанскага. Аднак, калі Іона прыбыў у візантыйскую сталіцу, то даведаўся, што на гэтую пасаду Патрыярх ужо прызначыў грэчаскага архімандрыта Ісідара, а Іоне паабяцаў толькі, што зробіць яго мітрапалітам пасля Ісідара1. Амаль усе гісторыкі згодныя ў тым, што прызначэнне Ісідара было непасрэдна звязана з падрыхтоўкай да сабору, на якім планавалася падпісанне уніі паміж католікамі і праваслаўнымі. Ісідар быў гарачым прыхільнікам паяднання, умелым дыпламатам і аўтарытэтным, добра адукаваным тэолагам, шанаваным таксама і ў кансерватыўных царкоўных колах. Нават Марк Еўгенік (Эфескі) у лісце з нагоды прызначэння Ісідара мітрапалітам пісаў: «Чалавек, які сапраўды адлюстроўвае ў сабе Хрыста (…), рэдкае спалучэнне прастаты і праніклівасці з дарам прамовы, якая пераўзыходзіць плынь ракі, да таго шчодры і просты, што аддасць апошнюю адзежу ў выпадку патрэбы»2. Праваслаўны гісторык Я. Е. Галубінскі прыводзіць доказы таго, што праваслаўныя бачылі ў Ісідары годнага прадстаўніка на саборы, які б быў надзейным абаронцам прававернасці і не схільным да зманлівых кампрамісаў3. Гэта ўжо пазнейшая антыўнійная палемічная літаратура «прыпячатала» яго стэрэатыпным вобразам здрайцы.
З Канстанцінопаля Мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі Ісідар скіраваўся непасрэдна ў Маскву ў суправаджэнні Іоны і шматлікай світы, не наведваючы ані Кіева, ані іншых гарадоў Літвы і Польшчы4. Калі прыбылі ў Маскву вясной 1437 года, то князь Васілій ІІ быў вельмі незадаволены тым, што яго кандыдата Іону адправілі ні з чым. Аднак пасля размовы з высокапастаўленым імператарскім паслом, які спецыяльна прыбыў разам з Ісідарам, і пасля бліжэйшага знаёмства з мітрапалітам Ісідарам, які ведаў славянскую мову і мог гаварыць без перакладчыка, уражаны яго пакораю і ведамі, згадзіўся прыняць новапрызначанага мітрапаліта «яко отца и учителя со многою честию и благим усердием»5.
Ісідар правёў у Маскве пяць месяцаў і актыўна займаўся царкоўнымі справамі, а ў верасні выехаў на Ферара-Фларэнтыйскі сабор з вялікай дэлегацыяй (каля 100 чалавек). Многія летапісы і іншыя славянскія крыніцы падкрэсліваюць, што маскоўскі князь быў супраць паездкі мітрапаліта на «лацінскі сабор» і той паехаў нібы самавольна. Аднак усе гэтыя крыніцы былі напісаны ўжо значна пазней, калі рашэнні сабору былі адкінутыя ў паўночна-ўсходняй Русі. Некаторыя праваслаўныя гісторыкі, супастаўляючы ўсе вядомыя факты, прыйшлі да высновы, што ўсё было якраз наадварот. Напрыклад, Б. Н. Флора піша: «Склікаць Сусветны Сабор для абмеркавання спрэчных дагматычных пытанняў было традыцыйным жаданнем таксама і ў Маскве. З 20-х гадоў XV ст. «маскавіты» былі ў курсе вядзення перамоваў паміж Рымам і Канстанцінопалем, таму маглі быць толькі задаволенымі з таго, што лацінскі бок выразіў згоду [на скліканне такога сабору]»6. Усе факты — шматлікасць дэлегацыі, яе матэрыяльная забяспечанасць, прысутнасць у ёй Аўрамія, епіскапа Суздальскага, і іншых духоўных, вельмі гасцінны прыём дэлегацыі ў Цверы, Ноўгарадзе і іншых рускіх гарадах — сведчаць аб падтрымцы ідэі міжканфесійнага паяднання маскоўскім князем і рускімі элітамі. Варта, аднак, мець свядомасць, што жаданне царкоўнага паяднання злучалася з моцным перакананнем у правільнасці сваёй веры і спадзяваннем, што грэкі пераканаюць лаціннікаў у саборнай дыскусіі і такім чынам мае адбыцца паяднанне.
А вось адносіны мітрапаліта Ісідара з элітамі Вялікага княства Літоўскага і Польшчы ў гэты час былі даволі халоднымі. Узяць хаця б той факт, што руская дэлегацыя на сабор у Італію ехала навакольнай дарогай праз Рыгу і Германію, а ў яе складзе не было прадстаўнікоў з Літвы і Польшчы. Адной з прычынаў гэтага магло быць тое, што «вялікая схізма» ў Каталіцкім Касцёле не была яшчэ да канца пераадолена і каталіцкая шляхта Польшчы і Літвы ў той час не прызнавалі Папу Яўгенія IV, які абвясціў сабор у Ферары7.
Руская праваслаўная дэлегацыя прыбыла на сабор у жніўні 1438 года, а ў ліпені 1439 г. быў урачыста падпісаны і абвешчаны акт царкоўнага паяднання. Ведаем, што мітрапаліт Ісідар з’яўляўся адным з вядучых удзельнікаў сабору. А які быў удзел іншых прадстаўнікоў рускай дэлегацыі? Якую вестку яны панеслі ў родныя землі і як фларэнтыйскае паяднанне было тут прынята? Пра гэта ў наступных артыкулах.
Бр. Яраслаў Крыловіч
- Гл. напр. пазнейшы Ліст мітр. Іоны ў "Акты исторические, т.1", № 47 (с. 95, 2-я колонка). Пар. Чубатий М. "Історія християнства на Руси-Україні", т.2, ч.1, с. 156.
- На жаль, не атрымалася знайсці першакрыніцу. Цытата з Н. І. Кочан "Флорентійська унія і Київська митрополія", с. 33 (6), дзе аўтарка спасылаецца на працу J. Gill 'a.
- Пар. Голубинский Е. Е. «История Русской Церкви», т.2, ч.1, с. 425.
- Пар. Чубатий М. "Історія християнства на Руси-Україні", т.2, ч.1, с. 157.
- Гл. пазнейшы Ліст князя Васілія ІІ ў "Акты исторические, т.1", № 39, с. 73 (93).
- Флоря Б. Н. "Исследования по истории Церкви", 2007 – Восточная Европа и Флорентийский Cобор; падрабязней гл. Голубинский Е. Е. «История Русской Церкви», т.2, ч.1, с. 432-438.
- Пар. Чубатий М. "Історія християнства на Руси-Україні", т.2, ч.1, с. 159, 166-167; Флоря Б. Н. "Исследования по истории Церкви", 2007 – Восточная Европа и Флорентийский собор.