Пошук


Яшчэ перад Ферара-Фларэнтыйскім саборам у Вялікім княстве Літоўскім з'явіліся прынамсі тры ініцыятывы па адбудаванні царкоўнага адзінства (г.зн. уніі) паміж католікамі і праваслаўнымі. Чым жа скончылася ініцыятыва мітрапаліта Грыгорыя Цамблака, аб якой была гаворка ў папярэдняй частцы артыкула.

На жаль, пасля шматлікага праваслаўнага пасольства на саборы ў Канстанцы і прамоваў у падтрымку справы аднаўлення царкоўнага адзінства не наступіла рашучых крокаў ані з боку Папы Марціна V, ані з боку мітрапаліта Грыгорыя1. Сам Грыгорый Цамблак у нядоўгім часе пасля гэтага памёр — так кажа афіцыйная версія і гістарычныя крыніцы2. Праваслаўныя вернікі Вялікага княства Літоўскага і Галіцыі зноў апынуліся пад юрысдыкцыяй рэзідуючага ў Маскве мітрапаліта Фоція, які цалкам прымірыўся з Вітаўтам і заходнерускімі біскупамі, і свабодна наведваў вернікаў у гарадах ВКЛ і Галіцыі. Прымаў ён удзел у перамовах аб скліканні унійнага сабору і быў прысутны, разам з маскоўскім князем, на прыгатаваннях да каранацыі Вітаўта папскаю каронаю ў Троках у 1430 г.3 Хаця сама каранацыя так і не адбылася, але факт прыбыцця праваслаўнага мітрапаліта для ўдзелу ў падобнай цырымоніі можа сведчыць аб прыхільным яго стаўленні да ідэі адбудавання царкоўнага адзінства.

Вялікі князь Вітаўт памёр у 1430 г., а мітрапаліт Фоцій — у 1431 г. У гэтым часе ў Вялікай Русі трывала вайна паміж князямі за ўладанне Масквой, таму новаму літоўскаму вялікаму князю Свідрыгайлу ўдалося паставіць свайго кандыдата — Герасіма — на мітрапаліта ўсяе Русі з благаславенствам канстанцінопальскага патрыярха. Новы мітрапаліт паходзіў з Масквы і там пачынаў сваю царкоўную дзейнасць (варта звярнуць на гэта ўвагу), потым быў біскупам на Валыні, прымаў удзел у заходнерускіх саборах пры выбары Грыгорыя Цамблака. Пазней ён быў пераведзены на смаленскую кафедру і тут пакуль што застаўся рэзідаваць як мітрапаліт (ад восені 1433 г.), бо і ў Маскве, і ў ВКЛ трывалі міжусобныя войны4.

Свідрыгайла, хаця сам католік, падтрымліваў інтарэсы рускіх праваслаўных князёў, якія складалі большасць шляхты ВКЛ. Ён актыўна распачаў перамовы адносна уніі і ў сваіх лістах спасылаўся на прыхільнасць да уніі з боку мітрапаліта Герасіма. Не захавалася выказванняў непасрэдна Герасіма адносна гэтай справы, таму многія гісторыкі не прызнаюць яго прыхільнікам уніі. Аднак яго ахвотнае прызначэнне на мітрапаліта канстанцінопальскімі ўладамі хутчэй сведчыць аб яго прыхільнасці да уніі, бо тады ў Канстанцінопалі ўжо паважна падрыхтоўваліся да унійнага сабору і згодна з гэтым прызначалі царкоўных іерархаў.

На жаль, Свідрыгайла не быў разважлівым палітыкам, таму яго унійная ініцыятыва так і не споўнілася, хаця ўмовы для поспеху былі вельмі спрыяльныя. У карэннай Літве паўстала моцная апазіцыя, якая трымалася лініі збліжэння з Польшчаю. Яны разам з Ягайлам паставілі свайго вялікага князя Жыгімонта, і распачалася вайна, якая мела рысы міжканфесійнага канфлікту5. Жыгімонт быў супраціўнікам уніі і імкнуўся замацаваць перавагу рымска-каталіцкай веры ў дзяржаве.

Трагічную кропку на Свідрыгайле, як на аўтарытэтным уладцы, паставіў ягоны загад спаліць на вогнішчы мітрапаліта Герасіма вясной 1435 г. па падазрэнні ў дзяржаўнай здрадзе — перапісцы з Жыгімонтам. Пасля такой падзеі праваслаўныя князі адвярнуліся ад  Свідрыгайлы, ён пацярпеў вайсковае паражэнне і знік з палітычнай арэны.

Якія высновы можна зрабіць аб унійных ідэях на нашых землях адносна перыяду канца XIV — першай трэці XV ст.? Калі унійная ініцыятыва Ягайлы і мітр. Кіпрыяна магла заставацца невядомай шырокім колам вернікаў, то аб шматлікім пасольстве Грыгорыя Цамблака на каталіцкі сабор, як здаецца, павінны былі даведацца на ўсіх усходнеславянскіх землях, таму яго унійная ініцыятыва, пэўна, абмяркоўвалася сярод шырокага кола вернікаў. Таксама, прынамсі сярод дзяржаўнай і царкоўнай эліты, ведалі аб унійнай ініцыятыве Свідрыгайлы, бо вёў ён вельмі актыўную навакольную перапіску. Пры ўсім гэтым не сустракаем актыўнай антыўнійнай палемікі, паходзячай з гэтага часу.

Хутчэй за ўсё, сярод праваслаўных вернікаў і духавенства было прагненне адбудавання царкоўнага адзінства з Рымам, але не шляхам кампрамісу ці адыходу ад сваёй веры, але праз сумесны Сусветны Сабор, які б вырашыў існуючыя супярэчнасці. Менавіта такі сэнс яны ўкладалі ў слова «унія». Землі паўночна-ўсходняй Русі маглі сабе “дазволіць” не засяроджвацца пільна на справе міжканфесійнага падзелу, бо каталіцкіх вернікаў там амаль не было, таму і унійныя ініцыятывы там не з'яўляліся. Зусім інакш было ў заходнерускіх землях. Тут міжканфесійны падзел быў паважнай праблемай для суіснавання, таму само жыццё падштурхоўвала для пошуку шляхоў яго пераадолення.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. Пар. Чубатий М. "Історія християнства на Руси-Україні", т.2, ч.1, с. 132 – 134.
  2. Некаторыя гісторыкі на пач. XX ст. трымаліся гіпотэзы, што нібы насамрэч мітрапаліт патаемна пад іншым іменем адышоў у малдаўскі манастыр, але цяпер гэта версія не падтрымліваецца большасцю. Пар. Чубатий М. "Історія християнства на Руси-Україні", т.2, ч.1, с. 134 – 135; Правасл. Энцыклапедыя, Григорий Цамблак.
  3. Пар. митр. Макарий (Булгаков) «История Русской Церкви», гл. 4; Б.Н. Флоря «Исследования по истории Церкви»: Переговоры об унии … в конце XIV – 1-й трети XV в.; Чубатий М. "Історія християнства на Руси-Україні", т.2, ч.1, с. 136 – 138.
  4. Пар. Правасл. Энцыклапедыя, Герасим; Б.Н. Флоря «Исследования по истории Церкви»: Переговоры об унии … в конце XIV – 1-й трети XV в.; K. Chodynicki «Kościół prawosławny a Rzeczpospolita Polska: 1370-1632», с. 48(74)-49(75).
  5. Пар. Чубатий М. "Історія християнства на Руси-Україні", т.2, ч.1, с. 140 — 147.

 

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.