Яшчэ перад Ферара-Фларэнтыйскім саборам у Вялікім Княстве Літоўскім з'явіліся прынамсі тры ініцыятывы па адбудаванні царкоўнага адзінства (г.зн. уніі) паміж католікамі і праваслаўнымі. Першая спроба адбылася ў 1396 г. пры Кіпрыяне, праваслаўным мітрапаліце ўсяе Русі.
Падрабязней пра гэта было напісана раней у артыкуле «Русь у XIII-XIV ст.» , а цяпер паспрабуем паразважаць над некаторымі акалічнасцямі гэтай падзеі.
Мітрапаліт Кіпрыян быў чалавекам вонкавым, не тутэйшым[1]. Паходзіў ён з Балгарыі, быў манахам на Афоне, потым у Канстанцінопалі. Патрыярх выслаў яго ў Літву з дыпламатычнай місіяй, пасля чаго па просьбе Вялікага князя Альгерда ён быў у 1375 г. праз патрыярха прызначаны мітрапалітам. Адным з галоўных прыярытэтаў яго дзейнасці як царкоўнага пастыра было з'яднанне праваслаўных вернікаў падзеленай Русі ў адной мітраполіі з цэнтрам у Маскве. Гэта было нялёгка і яму давялося дазнаць шмат прыніжэнняў (нават фізічных) ад маскоўскага князя Дзімітрыя Данскога, з якім Кіпрыян меў складаныя адносіны, хаця нават нягледзячы на гэта, ён і далей працягваў бачыць у Дзімітрыі і яго наступніках князя ўсіх рускіх. Канчаткова Кіпрыян асягнуў сваю мэту ў 1390 г. і кіраваў, рэзідуючы ў Маскве, усімі праваслаўнымі вернікамі Вялікай Русі, Літвы і Галіцыі да канца свайго жыцця (1406). Пры гэтым ён захоўваў добрыя адносіны і з вялікім князем Вітаўтам, і з Ягайлам, каралём Польшчы.
Кіпрыян добра ведаў усе існуючыя падзелы ў грамадстве і можна меркаваць, што шляхам для іх вырашэння ён бачыў пераадоленне канфесійнага падзелу. Гэта можна было здзейсніць праз скліканне унійнага Сусветнага Сабору, а Вялікае Княства Літоўскае, на яго думку, было найлепшым месцам і «глебаю» для правядзення такога сабору і падпісання уніі паміж католікамі і праваслаўнымі (усімі, а не толькі мясцовымі)[2]. У гэтым мітрапаліт Кіпрыян можа служыць для сучасных праваслаўных, якія яго ўшаноўваюць як святога, добрым прыкладам здаровага экуменічнага мыслення, якое заўсёды павінна выходзіць па-за межы інтарэсаў нацыянальнай супольнасці.
Наступнік Кіпрыяна, мітрапаліт Фоцій, быў грэчаскага паходжання і прыбыў на Русь з Канстанцінопаля ў 1409 г. На пачатку ён правёў паўгады ў Кіеве, пазнаёміўся з сітуацыяй у Вялікім Княстве Літоўскім, а потым пераехаў у Маскву і адтуль працягваў кіраваць мітраполіяй, наведваючы Літву і Галіцыю[3]. Аднак, Фоцію не ўдалося захаваць спакойнае суіснаванне вернікаў у рамках адзінай мітраполіі. Вялікае Княства Літоўскае пасля перамогі ў Грунвальдскай бітве перажывала пэўны палітычны пад’ём, таму ў 1414 г. паўстала спроба аддзяліць праваслаўныя епархіі Літвы і Польшчы ад цэнтра ў Маскве і стварыць асобную заходне-рускую мітраполію. Абмежаванасць у гістарычных крыніцах не дазваляе дакладна выясніць, хто быў галоўным ініцыятарам гэтай справы. Многія гісторыкі сцвярджаюць, што падзел адбыўся пад націскам вялікага князя Вітаўта[4], але нельга выключаць і таго, што значная частка праваслаўных біскупаў і ўплывовых вернікаў магла жадаць звароту царкоўнай сталіцы ў Кіеў, які цяпер належаў да ВКЛ. Быў і вельмі добры кандыдат на пасаду мітрапаліта — Грыгорый Цамблак, хутчэй за ўсё пляменнік папярэдняга мітр. Кіпрыяна, таксама родам з Балгарыі. Быў гэта адзін з найвыбітнейшых славянскіх прапаведнікаў і хрысціянскіх пісьменнікаў таго часу, а таксама здольны дыпламат, добра вядомы ў Кастанцінопалі, Сербіі і Малдавіі. Аднак, спроба аддзяліцца ад Кіеўскага-Маскоўскага мітрапаліта Фоція выклікала вострую негатыўную рэакцыю як у Фоція, так і ў канстанцінопальскага патрыярха, нягледзячы на ўплывы Цамблака і падтрымку з боку сабору заходне-рускіх праваслаўных біскупаў. Тады ў канцы 1415 г., без іх згоды, наступны сабор заходне-рускіх біскупаў абвясціў Літоўскую мітраполію і паставіў Грыгорыя Цамблака мітрапалітам.
У гэтыя часы Каталіцкі Касцёл перажываў вельмі паважны крызіс папскай улады. Для яго пераадолення быў скліканы сабор у Канстанцы[5]. Але такая важная падзея як сабор стварала магчымасць вырашыць таксама іншыя праблемы хрысціянскага свету, між іншым — адбудаванне адзінства паміж католікамі і праваслаўнымі. У пэўным сэнсе знакавай для гісторыі з’яваю было прыбыццё на Канстанцкі сабор на пачатку 1418 г. вялікай праваслаўнай дэлегацыі з Вялікага Княства Літоўскага, Вялікага Ноўгарада, Малдавіі і Арды на чале з мітрапалітам Грыгорыем Цамблакам[6]. Пры гэтым на саборы ўжо прысутнічалі прадстаўнікі Кастанцінопальскага патрыярхата і ёсць сведчанні, што мітр. Цамблак разам з імі цэлебраваў Эўхарыстыю, а гэта азначае, што наступіла прымірэнне літоўскага мітрапаліта з патрыярхатам, нягледзячы на заняцце ім пасады без згоды і ў канфлікце з патрыярхам. Захаваліся дзве прамовы Грыгорыя Цамблака на саборы ад імя праваслаўнай дэлегацыі, у якіх выразна прасочваецца яго шчырая руплівасць пра пераадоленне існуючага падзелу. Пры гэтым, адзіным шляхам да адзінства ён бачыў скліканне Сусветнага Сабору, на якім праваслаўныя і католікі маглі б вырашыць існуючыя тэалагічныя непаразуменні.
Некаторыя гісторыкі схіляюцца да меркавання, што прыбыцце дэлегацыі адбылося пад вялікім націскам вялікага князя Вітаўта і па палітычных матывах. Як аргумент прыводзіцца тое, што на соборы аб гэтым пасольстве гаварылі ўжо ў 1415 г., а дэлегацыя прыбыла толькі ў 1418 г. Аднак, трэба памятаць, што толькі ў канцы 1417 г. быў абраны Папа Марцін V, якога аднадумна прызналі большасць краінаў, а дагэтуль трывала вялікая схізма сярод саміх католікаў і не было яснасці, з кім весці дыялог. Іншы доказ адсутнасці прымусу ў тым, што не сустракаем сярод твораў і дакументаў таго часу актыўнай палемікі адносна уніі і вядзення перамоваў з католікамі, а выезд такой вялікай дэлегацыі на сабор у Канстанцы не мог прайсці незаўважна для вернікаў гэтых земляў. Творы, у якіх Цамблак крытыкуецца за «лацінства» і называецца «уніятам» даследчыкі адносяць да пазнейшага перыяду[7]. Больш верагодным здаецца прыхільнае стаўленне вернікаў да ідэі склікання унійнага сабору.
У некаторых апрацаваннях Грыгорый Цамблак называецца супраціўнікам уніі, бо быў аўтарам трактату супраць «лацінян». Аднак яго аўтарства адносна гэтага трактату не даказана, што прызнаюць нават праваслаўныя даследчыкі[8].
Аб далейшым развіцці падзеяў гэтага перыяду — у апошняй частцы артыкула.
[1] Пар. K. Chodynicki «Kościół prawosławny a Rzeczpospolita Polska: 1370-1632», с. 20(46)-26(47), 43(69). Гл. таксама ў афіцыйным Праваслаўным календары.
[2] Пар. качатковыя высновы і спасылкі ў артыкуле «Русь у XIII-XIV ст.».
[3] Пар. Чубатий М. "Історія християнства на Руси-Україні", т.2, ч.1, с. 112(116) – 114(118).
[4] Пар. Правасл. Энцыклапедыя, Григорий Цамблак; а таксама М. Грушевський «Історія України-Руси», т.V, розд.VI-1.
[5] Пар. Каталіцкая Энцыклапедыя, «Великий западный раскол» і «Концстанцский собор».
[6] Пар. А.А.Суша "Дзейнасць мітр. Рыгора Цамблака па дасягненню міжканфесійнага паразумення ў ВКЛ"; Ю. Афанасенко "Литва и Русь в эпоху Констанцского собора: первые попытки церковной унии".
[7] Пар. Яцимирский А.И. "Григорий Цамблак", с. 433-434 (465-466).
[8] Пар. аб дыскусіі адносна твора «Стязания с латиною» у Правасл. Энцыклапедыі.