Пошук


У XIV стагоддзі паміж Канстанцінопалем і Рымам працягваўся дыялог адносна паяднання падзеленых Касцёлаў, аднак характарызаваўся ён спецыфічнымі рысамі, якія ніжэй паспрабуем адзначыць і зразумець.

Пачынаючы ад Андроніка ІІІ (імп. 1328—1341), візантыйскія імператары паслядоўна прадпрымалi намаганні для пераадолення расколу з Рымам. Аднак папярэдняя вельмі няўдалая спроба Міхаіла Палеолага зрабіць гэта пры дапамозе насілля (у 1274—1282 гг.)  заставалася ў жывой памяці народа, таму імператары падтрымлівалі цяпер дыялог аб уніі, як бы хаваючыся, без публічнага рэзанансу1. Яны арганiзоўвалi нягучныя тэалагічныя дэбаты з легатамі Рымскага Папы, адпраўлялі неафіцыйных пасланцоў у Рым і Авіньён. А iмператар Іаан V Палеолаг (імп. 1355—1376) падчас свайго візіту ў Рыме нават асабiста перайшоў у каталiцкую веру, абяцаючы прывесцi да адзiнства з Рымам усiх сваiх падданых. Але патрыярхi i большасць вернiкаў ва ўсiх гэтых намаганнях iмператараў удзелу амаль што не прымалi. Агульнае стаўленне большай часткi грамадства да "лацiнянаў" працягвала заставацца негатыўным, i гэта ў тагачаснам мысленнi цесна злучалася з падкрэсленнем "праваслаўнасцi" грэчаскай веры ў параўнаннi з лацiнскай.

Рэальная палiтычная ўлада канстанцiнопальскiх iмператараў была вельмi слабая i абмяжоўвалася фактычна толькi Канстанцiнопалем з прадмесцямі. З'явiлiся незалежныя праваслаўныя дзяржавы: Балгарыя, Сербiя, Русь (цяпер ужо асобна: Лiтоўская, Маскоўская i Галiцкая) i iнш. Многiя былыя вiзантыйскiя падданыя знаходзiлiся цяпер пад уладай туркаў або арабаў. Усе гэтыя вернiкi хаця па-рознаму, але прызнавалi над сабою ўладу патрыярха Канстанцiнопаля i праз патрыярха, паводле вiзантыйскай традыцыi, шанавалi ўладу iмператара. Такiм чынам стварылася своеасаблiвая садружнасць незалежных дзяржаў, аб'яднаных вiзантыйскай хрысцiянскай традыцыяй. Паводле гэтай традыцыi, якую патрыярхi пастаянна прыгадвалі ўладарам і царкоўным iерархам iншых краiн, канстанцiнопальскi iмператар з'яўляўся ўладцам усiх хрысцiянаў2. Варта заўважыць, што патрыярхi пры гэтым прыгадвалi перадусiм клопат iмператараў першага тысячагоддзя аб адзiнстве Касцëла i тое, што праз iх былi склiканы сем Сусветных Сабораў. Мне здаецца, што нельга пра гэта забываць, калi мы ацэньваем унiйныя намаганнi iмператараў, i абмяжоўваць iх iнтэнцыi толькi да прагнення ваеннай дапамогi з Захаду, як часам чытаем у працах некаторых гiсторыкаў. Iдучы за вiзантыйскай царкоўна-дзяржаўнай логiкай, адсутнасць адзiнства з бiскупам Рыма адчувалася як паважны недахоп, якi павiнен быць пераадолены.

Тое, як адбываліся перамовы паміж Апостальскім Пасадам і прадстаўнікамі імператара, вельмі добра адлюстроўвае добра аднатаваная ў лацінскіх крыніцах дыпламатычная місія Варлаама Калабрыйскага ў Авіньён да Рымскага Папы3. Рэальна ацэньваючы пазiцыю грэкаў, ëн казаў, што паяднанне немагчыма без Сусветнага Сабору з вялiкай колькасцю прадстаўнiкоў на ім ад Усходняй Царквы. На Саборы павінны разважацца спрэчныя дагматычныя пытаннi, а асаблiва дадатак «i Сына» ў Сiмвале веры. Аднак Папа i кардыналы лiчылi, што на такi Сусветны Сабор нельга згадзіцца, бо ëн паставiў бы пад сумненне папярэднiя Саборы, напр. Лiëнскi Сабор 1274 г., дзе ўсе гэтыя спрэчныя пытаннi былi канчаткова вырашаны. Варлаам таксама апавядаў пра негатыўныя пачуццi грэкаў адносна "лацiнянаў", што з'яўляецца паважнай перашкодай для поспеху унii. На пачатку, казаў ëн, трэба змянiць гэты настрой народа праз аказанне ваеннай дапамогi супраць мусульманаў, а потым заняцца справай унii. На Захадзе, аднак, схiльныя былi не давяраць грэкам, таму патрабавалi на пачатку унii, а потым – ваенная дапамога. У такiм больш-меньш духу цягнулiся перамовы на працягу XIV стагоддзя.

Варта, як здаецца, некалькi радкоў прысвяцiць i самой асобе архiмандрыта Варлаама. Паходзiў ëн з Калабрыi – рэгiëну на поўднi Iталii, дзе большасць насельнiцтва складалi грэкi. Паводле тэрыторыi яны апынулiся пад уладай лацiнскiх каралëў i, адпаведна, засталіся ў лучнасцi з Рымскiм Пантыфiкам. Цiкава, што гэтых грэкаў нiхто не называў "унiятамi". Былi гэта проста парафii i манастыры грэчаскага абраду пад юрысдыкцыяй лацiнскiх бiскупаў. Вядома, заходняя культура мела ўплыў на насельнiцтва Калабрыi. Таксама i Варлаам гаварыў па-грэчаску з iтальянскiм акцэнтам i меў погляды ў духу заходняй схаластыкi, якая ў пазнаннi праўды абапiралася перадусiм на лагiчнае разуменне. Прыехаў ён у Канстанцiнопаль як калабрыйскi манах у перакананнi, што тут знайшоў сапраўдную праваслаўную веру, напiсаў некалькi палемiчных трактатаў супраць лацiнскiх тэалагiчных адметнасцяў. Аднак, забягаючы наперад, скажам, што потым ëн паяднаўся з Каталiцкiм Касцëлам і быў прызначаны дыяцэзiяльным бiскупам у роднай Калабрыi, а нават ездзiў потым у Канстанцiнопаль ужо як прадстаўнiк Папы для перамоваў аб унii.

Варлаам Калабрыйскі быў таленавітым філосафам і тэолагам, таму хутка стаў уплывовай асобай сярод візантыйскай эліты. З яго іменем звязана распачацце вострай унутрыцаркоўнай палемікі, якая мела вельмі важны ўплыў на далейшы лёс хрысціянскага Усходу і на магчымасць пераадолення падзелу з Захадам. Аб гэтым — у наступным артыкуле.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. Пар. А. Л. Катанский “История попыток к соединению Церквей греческой и латинской” с. 190-191.
  2. Пар. Пасланне канстанцінопальскага патрыярха Антонія маскоўскаму князю Васілію, с. 215-216.
  3. Гл. Успенский Ф. И. «Очерки по истории византийской образованности», с. 283-296.


Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.