Пошук


Каб правiльна зразумець падзеi, звязаныя з падпiсаннем Лiëнскай унii, варта цяпер прыгледзецца да iх як бы знутры Царквы.

Першая хваля царкоўнага, на чале з патрыярхам, пратэсту супраць iмператара была звязана з немаральным захапленнем iм улады праз асляпленне малалетняга наследнiка папярэдняй дынастыi. Непакорлiвы патрыярх быў адпраўлены на выгнанне, а яго месца заняў Герман III. Быў гэта чалавек годны, з манаскага асяроддзя. А. П. Лебедзеў, вядомы праваслаўны гiсторык, якi абапiраецца на сведчаннi з тых часоў, прадстаўляе нам Германа як манаха, якi сапраўды ўмеў спалучыць здаровы аскетызм з хрысцiянскай любоўю i мiласэрнасцю, чаго вельмi часта не хапала тагачасным манахам з iх паказной суровасцю i асуджэннем iншых1. Таксама сучаснiкi сведчаць пра поўную бескарыслiвасць Германа i пагарду да грошай. Меў ëн добры характар i заступаўся перад iмператарам за пакрыўджаных. Быў чалавекам адукаваным i iмкнуўся пашырыць адукацыю царкоўную. Таксама сумленне не дазволiла яму афiцыйна дараваць вiну iмператару, звязаную з захапленнем iм трону. Аднак царкоўны народ не прыняў выбару Германа патрыярхам на месца несправядлiва выгнанага папярэднiка, таму патрыярх Герман праз год папрасiў адстаўку i адышоў у манастыр.

Герман III быў прыхiльнiкам унii з Рымам i асабiста прымаў удзел у яе падпiсаннi некалькi гадоў пазней у складзе дэлегацыi на Лiëнскi Сабор. У Праваслаўнай Энцыклапедыі чытаем, што прыхiльнiкам унii Герман стаўся значна раней пад уплывам ерузалемскага патрыярха Атаназiя II (пазней мучанiка), калi прабываў у палесцінскiх манастырах2. Гэта сведчыць аб тым, што iдэя унii з Рымам была распаўсюджана сярод царкоўнай элiты яшчэ задоўга перад праўленнем Мiхаiла Палеолага, хаця i былi гэта погляды толькi меншасцi.

Наступнiк Германа, якi паводле А. П. Лебедзева "не варты, каб пра яго казаць у гiсторыi канстанцiнопальскiх патрыярхаў"3, не падпiсаў Лiëнскую унiю, каб не мець праблем4, i ў 1274 г. зышоў з пасады.  

А вось пра яго наступнiка Iаана Векка праваслаўны гiсторык А. П. Лебедзеў кажа так: калi не лiчыць яго "цяжкага граху унii"5, то належыць ëн да найлепшых прадстаўнiкоў патрыяршага трону гэтай эпохi. Па-першае, ëн дзеля праўды не баяўся выступiць супраць улады. Калi ў 1268 г. iмператар пераконваў касцëльную iерархiю да унii з Рымам па палiтычных матывах, то выступiў супраць, за што быў пасаджаны ў суровую вязнiцу разам са сваiмi блiзкiмi. Але нават гэта яго не зламала. Аднак, дакладней вывучаючы выказваннi Святых Айцоў, ëн радыкальна змянiў свае перакананнi. Галоўнай тэмай антыунiйнай палемiкi ў тую эпоху быў лацiнскі дадатак "i Сына" ў Сiмвале веры:
Веру ў Духа Святога (...), якi ад Айца i Сына паходзiць.

Iаан Векк зрабiў выснову, што гэтая фармулëўка раўназначна выказванню "ад Айца праз Сына паходзiць", што цалкам згаджаецца з выказваннямi старажытных Айцоў, таму лацiнскі дадатак не скажае праваслаўнай веры.

Па-другое, Iаан Векк перавышаў усiх сваiх сучаснiкаў па здольнасцях i багаслоўскiх ведах. Таму яго аргументацыя на карысць унii мела моц i была вартая ўвагi ў вачах сучаснiкаў. Сталася так, што дагматычная палемiка адносна паходжання Духа Святога хвалявала ў тыя часы ўсiх i ўсюды, i была гарачай нават сярод простых вернiкаў6.

Нарэшце, патрыярх Iаан Векк праславiўся як заступнiк несправядлiва пакрыўджаных7, за што вельмi часта адчуваў на сабе гнеў iмператара. Аднак, нягледзячы на ўсе гэтыя пазiтыўныя якасцi патрыярха, вернiкi ў сваëй масе захавалi варожасць да унii з Рымам i, адпаведна, да патрыярха Iаана Векка. Пасля смерцi iмператара Мiхаiла Палеолага наступiла жорсткая рэакцыя супраць унii, i Векк адправiўся на выгнанне. Здавацца магло б, што пытанне пра унiю вырашана i ў Царкве наступiць супакой. Але супакой не наступiў. Гарачая палемiка з Iаанам Веккам і яго паплечнікамі, уплывовымі архідыяканамі Канстанцінам Мелітэніотам і Георгіем Метахітам, працягвалася да канца іх жыцця.

У наступным артыкуле паспрабуем паразважаць пра наступствы Ліёнскай уніі і спробы адбудавання адзінства ў XIV стагоддзі.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. Гл. А. П. Лебедев «Исторические очерки состояния Византийско–восточной церкви от конца XI до середины XV века», гл. IV (гл. тут).
  2. Гл. Православная Энциклопедия, Герман ІІІ.
  3. Гл. тут.
  4. Там жа.
  5. Гл. тут і наступную старонку.
  6. Пар. А. Л. Катанский “История попыток к соединению Церквей греческой и латинской”, с.167-168.
  7. Гл. тут і наступную старонку.


Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця