У папярэднiх частках мы разважалi пра межы дагмату, пра тое, што навучанне Папаў нiколi не выходзiла па-за гэтыя межы, а таксама пра тое, што хрысцiяне першага тысячагоддзя не цураліся думкi аб асаблiвай ролi бiскупа Рыма ў распазнаваннi дакладных межаў прававернасцi i ерасi. Наступны крок — задумацца над прычынамi такой вялiкай насцярожанасцi праваслаўных адносна дагмата аб беспамылковым навучаннi Папы.
Прапаную ў разважаннях абаперцiся на два артыкулы вядомага праваслаўнага тэолага а. Аляксандра Шмемана, бо ў iх, як мне здаецца, добра прасочваюцца два лагiчныя напрамкi, тыповыя для духоўнага вопыту праваслаўных. Першы артыкул — «Свобода в Церкви». Прачытаўшы яго, можна зрабiць выснову, што для хрысцiянiна ўсходняй традыцыi пазнанне праўды — гэта не столькi пазнанне чагосьцi (лагiчных праўдаў веры), колькi духоўны вопыт пазнання Праўды-Асобы. Такi падыход цалкам згодны з каталiцкiм навучаннем (пар. Iнструкцыя пра паклiканне тэoлaга ў Касцëле, 3 – 8), аднак, калi ўвесь акцэнт пакласцi толькi на духоўны вопыт, а выключыць рацыянальны шлях пазнання праўды (а такую тэндэнцыю можна заўважыць у прыведзеным артыкуле), то
па-першае, з’яўляецца пратэст супраць дакладнага акрэслення праўд веры пры дапамозе мовы, бо духоўны вопыт не паддаецца такiм акрэсленням;
па-другое, iснаванне iнстанцыi беспамылковага навучання ўспрымаецца як спакуса, каб скiнуць з сябе адказнасць за захоўванне Традыцыi ў нескажонасцi i каб не рабiць духоўнага намагання мiстычнага пазнання Праўды-Асобы. Спакуса такая, можа, i iснуе, але гэта не азначае, што трэба ëй паддавацца.
Аднак, iдучы толькi за логiкай першага прыведзенага артыкула а. Аляксандра Шмемана можна дайсцi да абмежавання ролi iерархiчнага святарства толькi да «тэхнiчнай» функцыi цэлебрацыi сакрамэнтаў, бо аўтар нiчога не ўзгадвае пра настаўнiцкi аўтарытэт бiскупаў i прэзбiтэраў, хоць i не беспамылковы. Гэты недахоп дапаўняюць разважаннi яго артыкула «По поводу богословия Соборов». Як сцвярджае аўтар, соборность, пад якой можна разумець менавiта той прынцып iснавання Касцëла i пазнання Праўды, пра якi мы чыталi ў першым артыкуле, не з’яўляецца растварэннем асобаў у безасабовым адзiнстве. Соборность iерархiчная. Асноўным «асяроддзем» саборнасцi з’яўляецца парафiя — эўхарыстычная супольнасць на чале са святаром. Аўтар слушна ўзгадвае пра паслушэнства, якое не нiшчыць свабоды, а таксама пра тое, што святар мае харызматычны дар — уладу выражаць духоўны вопыт Божага народу, выражаць звышпрыроднае пачуццë веры ад імя вернікаў.
Паўстае пытанне: навошта існуе служэнне бiскупаў, калi Касцëл, як здаецца, у поўнi выражаецца ў эўхарыстычнай супольнасцi? Яно патрэбнае, бо парафiяльнай супольнасцi, тлумачыць аўтар, можа не хапаць унiверсальнасцi (каталiцкасцi), напр. адна парафiя можа быць вясковай, iншая пераважна студэнцкай i г.д. Бiскуп надае Касцëлу ўнiверсальнасць — каталiцкасць. Менавiта ў такiм сэнсе можна параўнаць разам са св. Кiпрыянам Карфагенскiм служэнне бiскупа разам з прэзбiтэрамi да ролi Пятра сярод Апосталаў — ролi «скалы» касцëльнага адзiнства.
Калi ж, аднак, разам з а. Аляксандрам Шмеманам даходзiм да выражэння каталiцкай унiверсальнасцi на ўзроўнi Паўсюднага Касцëла, то iерархiчнасць нелагiчна знiкае i соборность выражаецца безасабовым адзiнствам бiскупаў. Як гэта тлумачыць аўтар? Вельмi коратка: «Гэтая праўда не патрабуе абгрунтавання, бо яна пацвярджаецца ўсëй Традыцыяй». Гэта — другая прычына насцярожанасцi праваслаўных да дагмата аб беспамылковым навучаннi бiскупа Рыма: абмежаванне ўсëй хрысцiянскай Традыцыi толькi да вiзантыйскай традыцыi, а асаблiва выключэнне са спадчыны Традыцыi самасвядомасцi Рымскiх Папаў.
Нарэшце, яшчэ адна прычына, якую варта ўлiчваць: некаторые рускiя праваслаўныя святыя XIX стагоддзя крытыкавалi, як яны гэта называлi, ерась папiзму (напр. еп. Игнатий Брянчанинов, вялiкi аскетычны аўтарытэт для сучасных праваслаўных1). Але варта памятаць пра важную асаблiваць каталiцкай тэалогii таго часу: пакуль Першы Ватыканскi Сабор не акрэслiў ясна межаў i сэнсу дагмата аб беспамылковым навучаннi, многiя тэолагi выказвалiся пра кампетэнцыi i ўладу Папы значна больш радыкальна, памяншаючы ролю бiскупаў. Пра сапраўдны сэнс дагматаў аб ролі Рымскага Пантыфіка вельмі добра напісаў Ёзаф Ратцынгер у 60-х гадах мінулага стагоддзя, падводзячы вынiкi Першага Ватыканскага Сабору: «Ватыканум анiяк не з’явiўся папросту перамогаю папалiзму, як гэта можа здавацца павярхоўнаму назiральнiку (...), але асуджэннем як папалiзму, так i епiскапалiзму [у iх вузкiх формах] (...) У вялiкай гiстарычнай барацьбе памiж гэтымi дзвюма тэалагiчнымi плынямi Сабор не становiцца анi на той, анi на другi бок, але акрэслiвае становiшча, якое перавышае чалавечае спасцiжэнне»2. Такiм чынам, еп. Игнатий Брянчанинов i iншыя праваслаўныя святыя таго часу крытыкавалi, i слушна, менавiта скрайнiя формы папалiзму.
Бр. Яраслаў Крыловіч
- Еп. Игнатий (Брянчанинов), «Понятие о ереси и расколе», III.
- Ёзаф Ратцынгер «Прымат, калегія біскупаў і апостальская пераемнасць», стар. 13.