Выкарыстоўваючы тэрмiналогiю праваслаўных аўтараў, прыведеную ў папярэдняй частцы артыкула, можна сказаць, што каталiцкая эклезiялогiя з’яўляецца адначасова i ўнiверсальнай, i эўхарыстычнай, не губляючы нічога з абодвух аспектаў. Паспрабуем прааналiзаваць дакладна дагматычныя фармулëўкi, каб убачыць iх добрую збалансаванасць i празрыстасць.
Дагматычная канстытуцыя «Pastor Aeternus» Першага Ватыканскага Сабору (1870 г.), якая мела перадусім мэту апалагетычную (пар. 3-ці абзац Уступа), засяродзілася толькі на адной праўдзе каталіцкай эклезіялогіі — ролі біскупа Рыма ў Хрыстовым Касцёле. Прызнаючы Рымскаму Пантыфіку поўню пастырскай улады ва ўсім Касцёле, канстытуцыя дадае вельмі важнае сцвярджэнне:
«Аднак гэтая ўлада, якую мае Вярхоўны Пантыфік, не з’яўляецца перашкодай для звычайнай і непасрэднай юрыдычнай улады, якую [атрымалі] біскупы, пастаўленыя Духам Святым у месца Апосталаў, як сапраўдныя пастыры давераных ім авечак (…), а наадварот, [пастырская ўлада біскупаў] пацвярджаецца, умацоўваецца і абараняецца Вярхоўным сусветным пастырам» (разд. 3).
Гэтыя словы вартыя глыбокага разважання. На жаль, многія праваслаўныя крытыкі каталіцкага навучання пакідаюць іх без належнай увагі1.
Дагматычная канстытуцыя «Lumen Gentium», прынятая Другім Ватыканскім Саборам (1964 г.), з’яўляецца інтэгральным выкладам каталіцкай эклезіялогіі. Вось некаторыя цытаты, якія згодныя з логікай разважанняў праваслаўных аўтараў, прыведзеных у папярэдняй частцы артыкула:
«Паасобныя біскупы — гэта бачны і трывалы падмурак еднасці ў іх мясцовых Касцёлах, сфарміраваных на вобраз паўсюднага Касцёла, у якіх існуе і з якіх складаецца адзін і адзіны каталіцкі Касцёл (…) Прасякнутая духам еднасці разнастайнасць мясцовых Касцёлаў яшчэ цудоўней дэманструе паўсюднасць непадзельнага Касцёла» (23).
«Біскуп, надзелены паўнатой сакрамэнту пасвячэння, з’яўляецца распарадчыкам ласкі найвышэйшага святарства, асабліва ў Эўхарыстыі, (...) дзякуючы якой няспынна жыве і ўзрастае Касцёл. Гэты Хрыстовы Касцёл сапраўды прысутнічае ва ўсіх правамоцных мясцовых супольнасцях вернікаў, якія, застаючыся пры сваіх пастырах, самі таксама называюцца ў Новым Запавеце Касцёламі» (26).
«Не трэба лічыць біскупаў намеснікамі Рымскага Пантыфіка, бо яны спаўняюць належную ім уладу (…), [якую] не паглынае вышэйшая і паўсюдная ўлада, а наадварот, пацвярджае яе, умацоўвае і абараняе, у той час як Дух Святы бездакорна ахоўвае ўстаноўленыя Хрыстом формы кіравання ў Яго Касцёле» (27).
«Дыяцэзія (епархія), (…) трываючы пры сваім пастыры і сабраная ім у Духу Святым праз Евангелле і Эўхарыстыю, [утварае] мясцовы Касцёл, у якім праўдзіва прысутнічае і дзейнічае адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі Хрыстовы Касцёл» (Дэкрэт пра пастырскае служэнне біскупаў, 11).
Варта яшчэ дадаць, што біскуп Рыма сам прыналежыць да калегіі біскупаў — яны з’яўляюцца яго братамі ў служэнні2.
У 1999 годзе Кангрэгацыя Веравучэння выдала дакумент «Першынства Наступніка Пятра ў таямніцы Касцёла», у якім сцвярджаецца:
«Служэнне Наступніка Пятра не дзейнічае звонку на паасобныя мясцовыя Касцёлы, але ўпісана ў самое сэрца кожнага мясцовага Касцёла, у якім праўдзіва прысутнічае і дзейнічае Хрыстовы Касцёл. (…) Гэтая ўнутраная сувязь служэння біскупа Рыма з кожным мясцовым Касцёлам выражае ўзаемнае праніканне Касцёла Паўсюднага і Касцёла мясцовага» (6).
Таму «кожная сапраўдная цэлебрацыя Эўхарыстыі выражае гэтую паўсюдную камунію з Пятром і з усім Касцёлам, або прызывае яе аб’ектыўна, як гэта адбываецца ў выпадку Касцёлаў, якія не знаходзяцца ў поўнай камуніі з Апостальскім Пасадам» (11).
У наступнай, заключнай частцы артыкула паспрабуем зрабіць з нашых разважанняў практычныя высновы для экуменічнага дыялогу.
Бр. Яраслаў Крыловіч
- Пар. Прот. Максим Козлов, Д. П. Огицкий «Западное христианство: взгляд с Востока», с. 53-55. Дарэчы, гэта адзін з найбольш распаўсюджаных падручнікаў па параўнальным багаслоўі ў праваслаўных семінарыях.
- Пар. Ян Павел ІІ. Энцыкліка «Каб усе былі адно!» 95