Пошук


Пазнаёмімся з некаторымі аспектамі сучаснай праваслаўнай эклезіялогіі, якія могуць мець значэнне для экуменічнага дыялогу.

Важнай рысай праваслаўнага навучання аб сутнасці Касцёла з’яўляецца адсутнасць дакладных дагматычных фармулёвак, падобных да тых, якія выражаюць таямніцу Найсвяцейшай Тройцы або Божага Уцелаўлення. Таму многія вядучыя багасловы прызнаюць, што эклезіялогія знаходзіцца ў незакончанам выглядзе, на стадыі фармавання1. Існуе, аднак, нешта такое, што можна назваць супольнай эклезіяльнай свядомасцю2 праваслаўных вернікаў, якая сцісла злучана з духоўным вопытам, і яе цяжка выразіць дакладнымі акрэсленнямі. Або, магчыма, яшчэ не знайшоўся такі тэолаг, які б зрабіў гэта так дасканала, як св. Васіль Вялікі і св. Грыгорый Назіянскі выразілі таямніцу  Найсвяцейшай Тройцы, а св. Леў Вялікі — таямніцу Божага Уцелаўлення.

Заслугоўвае ўвагі спроба выразіць эклезіяльную свядомасць Праваслаўнай Царквы пры дапамозе так званай «эўхарыстычнай эклезіялогіі». Пачатак гэтаму багаслоўскаму напрамку даў протапрэзбітар Мікалай Афанасьеў у сярэдзіне XX ст., а развілі яго пазней а. Іаан Меендорф і а. Аляксандр Шмеман3. Паводле іх поўня каталіцкасці Хрыстовага Касцёла здзяйсняецца ў эўхарыстычнай супольнасці мясцовага Касцёла (дыяцэзіі), узначаленай сваім біскупам. Такім чынам, як яны лічаць, не можа быць знешняй улады над біскупам і над мясцовым Касцёлам, бо ў ім існуе поўня сакрамэнтаў і няма сакрамэнту святарства большай ступені, чым біскуп. Неабходнай умовай поўні каталіцкасці з’яўляецца адзінства і братняя сувязь мясцовага Касцёла з усімі іншымі. Аднак  эўхарыстычная эклезіялогія моцна падкрэслівае, што мясцовы Касцёл не з’яўляецца толькі часткай Паўсюднага Касцёла, але Паўсюдны Касцёл існуе ў мясцовых Касцёлах, з’яднаных паміж сабой. Айцец Аляксандр Шмеман прызнае існаванне іерархіі і першынства паміж мясцовымі Касцёламі, але адкідвае першынства як юрыдычнае права ўлады аднаго мясцовага Касцёла, або яго біскупа, над іншымі.

Пазітыўны выклад эўхарыстычнай эклезіялогіі праваслаўныя аўтары часта прыводзяць у канфрантацыі з так званай «універсальнай эклезіялогіяй», якая бачыць Хрыстовы Касцёл як адзіную сусветную супольнасць вернікаў, узначаленую адзіным бачным пастырам — намеснікам Хрыста, Рымскім Папам, а мясцовыя Касцёлы з’яўляюцца толькі «часткамі», падначаленнымі адміністрацыйнымі адзінкамі. Такую эклезіялогію праваслаўные аўтары прыпісваюць Рыма-каталіцкаму Касцёлу, і бачаць несумяшчальнаць з ёй эўхарыстычнай эклезіялогіі.

Ці сапраўды гэтыя высновы справядлівыя? Паспрабуем адказаць на гэтае пытанне ў наступнай частцы артыкула, дакладна аналізуючы каталіцкае навучанне.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. Пар. митр. Иларион (Алфеев) «Православие», т.1, разд.3, гл.5, Церковь, прот. Георгий Флоровский «Церковь: ее природа и задача».
  2. Пра сутнасць таго, што тут называем супольнай свядомасцю, паразважаем у адным з наступных артыкулаў.
  3. Гл. прот. Иоанн Мейендорф «Рим и Православие: проблема авторитета», прот. Александр Шмеман «О понятии первенства в православной экклезиологии».


 

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.