Пошук


Невялiкi экскурс у гiсторыю, якi быў прадстаўлены ў папярэднiх артыкулах, наблiзiў нас да таго, каб прааналiзаваць некаторыя выказваннi вядучых праваслаўных тэолагаў мiнулага стагоддзя, якiя так цi iнакш датычаць каталiцкага дагматычнага навучання аб ролi бiскупаў Рыма ў Паўсюдным Касцëле.

У тэалагічнай спадчыне Святых Айцоў першага тысячагоддзя мы не знойдзем у сістэматызаваным і закончаным выглядзе дагматычнай навукі аб Касцёле (эклезіялогіі). Такія аўтарытэтныя, якія сталі класікай, выклады асноў каталіцкага веравучэння, як «Аб праваслаўнай веры» св. Яна Дамаскіна на Усходзе і «Аб веры, Пятру» св. Фульгенцыя з Руспэ на Захадзе, не маюць нават асобнага раздзела, прысвечанага эклезіялогіі1. Аднак пазнаць навучанне Святых Айцоў пра сутнасць Хрыстовага Касцёла можна ў іх казаннях, лістах, выказваннях падчас Сабораў і іншых творах. Пры гэтым, як было паказана ў папярэдніх артыкулах, выразная, ад першых стагоддзяў, самасвядомасць біскупаў Рыма сваёй вярхоўнай пастырскай улады ў Паўсюдным Касцёле не выклікала  абвінавачванняў у скажэнні Апостальскай Традыцыі і патрэбы дакладнейшага дагматычнага акрэслення на Саборах. Гэта можа азначаць, што грэчаскія Святыя Айцы ўспрымалі такое навучанне як складовую частку тлумачэння невычэрпнай таямніцы Хрыстовага Касцёла.

У XII–XIII стст. трагічным чынам змяняюцца адносіны паміж хрысціянамі лацінскай Заходняй Еўропы і жыхарамі Візантыі. Такія падзеі, як масавае забойства «лацінян» у 1182 г. і разрабаванне Канстанцінопаля ў 1204 г.2, малююць нам вобраз атмасферы міжнацыянальнай і рэлігійнай непрыязні, у якой меў адбывацца тэалагічны дыялог на працягу наступных стагоддзяў. Менавіта ў гэтым гістарычным кантэксце ў праваслаўным асяроддзі паўстаюць першыя творы з паважным асуджэннем рыма-каталіцкага навучання аб першынстве біскупаў Рыма. А тэрмін «ерась папізму», які можна спаткаць у праваслаўных аўтараў XIX–XX стст., хутчэй за ўсё з’явіўся толькі пасля Рэфармацыі.

Як тлумачаць праваслаўныя гісторыкі і багасловы такое доўгае «маўчанне» ўсходніх хрысціянаў адносна выразнай самасвядомасці біскупаў Рыма? В. В. Болатаў тлумачыў гэта абыякавасцю грэкаў да таго, што адбываецца на Захадзе, а таксама пэўным няшчырым паддобрываннем для захавання супакою ў адносінах3. Айцец Іаан Меендорф бачыў прычыну ў незразуменні ўсходнімі хрысціянамі таго, што навучанне аб першынстве Папы адносілі на Захадзе да праўдаў хрысціянскай веры4. А. В. Карташоў і а. Аляксандр Шмеман пісалі пра гэта як пра віну занядбання5.

Падобныя тлумачэнні могуць датычыць палітыкаў пры царскім двары, а таксама сярэдніх, па сваіх здольнасцях і стараннасці, пастыраў і вернікаў. Але ці можна так сказаць пра Святых Айцоў? Тым больш, што многія з іх мелі вельмі цесныя кантакты з рымскім асяроддзем. Прыгадаем для прыкладу з розных гістарычных эпох хаця б такіх выдатных тэолагаў і адданых пастыраў, як св. Атаназій, св. Максім Вызнаўца, святыя Кірыл і Мяфодзій, якія праз доўгі час прабывалі ў Рыме. Мы не знаходзім у іх аніякай крытыкі самасвядомасці Рымскіх Папаў. Усё схіляе да высновы, што Святыя Айцы адносіліся з павагай да рымскай эклезіялогіі і лічылі яе складовай часткай Апостальскай Традыцыі. Чаму ж тады мы не знаходзім у сучасных вядучых праваслаўных аўтараў такога простага тлумачэння? Гэтае пытанне застаецца адкрытым у экуменічным дыялогу.

У наступнай частцы артыкула паспрабуем бліжэй пазнаёміцца з сучаснай праваслаўнай эклезіялогіяй.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. Пар. тут і тут.
  2. Пар. тут і тут, а таксама ў Правасл. Энцыкл.
  3. Пар. В. В. Болотов «Лекции по истории древней Церкви», с. 626-627.
  4. Пар. Иоанн Мейендорф «Апостол Пётр и его преемство в византийском богословии».
  5. Пар. Александр Шмеман «Исторический путь Православия» гл.5, § 5А. В. Карташев «Соединение Церквей в свете истории» (заканчэнне).
     
Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця