У сярэдзіне V стагоддзя можна было заўважыць, што Божы Провід, які дзейнічае ў сусветнай гісторыі, вядзе заходнюю і ўсходнюю часткі былой адзінай і магутнай Рымскай імперыі рознымі шляхамі. Такім чынам, і хрысціяне, якія ў сваёй большасці жылі на гэтых тэрыторыях, пачалі адрознівацца.
Некалькі апошніх пасяджэнняў IV Сусветнага Халкідонскага Сабору (451 г.) і наступная перапіска паміж Рымам і Канстанцінопалем добра адлюстроўвае працэс паўстання двух адменных спосабаў эклезіяльнага (касцёльнага) мыслення ў заходніх і ўсходніх хрысціянаў, тады яшчэ маючых моцную свядомасць поўнага адзінства паміж сабою. На жаль, у кароткім артыкуле немагчыма зрабіць дакладны аналіз захаваўшыхся гістарычных дакументаў, таму паспрабую апісаць сутнасць справы ў спрошчанай форме1.
Пасля вырашэння асноўных тэалагічных праблемаў, дзеля якіх гэты Сусветны Сабор быў скліканы, біскупы заняліся справамі меншай вагі — разгледжаннем парушэнняў касцёльнай дысцыпліны. У гэтым кантэксце, з практычных меркаванняў, было вырашана прызнаць за біскупам Канстанцінопаля найбольшую ўладу пасля біскупа Рыма. Працэс гэты — узвышэнне значэння біскупа Канстанцінопаля — быў распачаты яшчэ на папярэднім Саборы 381 года. Вось скарочаны тэкст прапанаванага канона:
(…) пацвярджаем і аднаўляем рашэнні [папярэдняга Сабору] адносна першынства свяцейшага Касцёла Канстанцінопаля, Новага Рыма. Айцы слушна прызналі першынства сталіцы Старога Рыма, бо быў ён горадам імператара. Па гэтай самай прычыне (…) прызналі, што найсвяцейшая сталіца Новы Рым, ушанаваны сядзібай імператара і сената, (…) павінен мець такое ж самае першынства у справах касцёльных, як і Стары Рым, з’яўляючыся другім пасля яго. (…) Мітрапалітаў і біскупаў абласцей Понту, Азіі і Тракіі, а таксама біскупаў краін варварскіх будзе кансэкраваць сталіца найсвяцейшага Касцёла Канстанцінопаля.
Легаты (пасланцы) Папы на Саборы адмовіліся ўдзельнічаць у абмеркаванні гэтага канона, а ў паслясаборнай перапісцы папа Леў Вялікі крытыкаваў гэтае пастанаўленне, таму яно не было адразу ўключана ў спіс канонаў. Аднак пазней, калі гэтае рашэнне цвёрда ўвайшло ў практыку касцёльнага жыцця, яно было далучана да саборных канонаў на ўсходзе.
З тэксту бачна, што біскупы ўсходняй часткі імперыі, з якіх складаўся Халкідонскі Сабор, схіляліся да таго, што першынства ў Касцёле прызнаецца па практычных меркаваннях і яно залежыць ад палітычнай сітуацыі. Пры гэтым першынствам надзяляюць кагосьці самі біскупы, дайшоўшы да згоды на Саборы. І біскуп Рыма таксама мае першынства толькі на моцы саборных пастанаўленняў, і толькі з пашаны да слаўнай свецкай гісторыі, як былой сталіцы імперыі. А хто ж адказны за адзінства Касцёла? Здаецца, што ўсходнія біскупы схіляліся да таго, каб бачыць адказным за гэта імператара і дзяржаву.
Калі параўнаем такі падыход з эклезіялогіяй папы Льва Вялікага (глядзі тут), то можна прызнаць, што непаразуменне з прыняццем 28-га канона, залечанае тады ў V стагоддзі дыпламатычнымі спосабамі, магло пазней зноў і зноў вярнуцца. Аднак варта заўважыць адну важную рэч: погляды св. Льва Вялікага былі добра вядомыя сярод усходніх біскупаў2, і не было абвінавачванняў яго ў ерасі. Таксама і папа Леў аказваў пашану імператару і прызнаваў яго ролю для адзінства Касцёла. Абодва падыходы шанаваліся як узаемнае дапаўненне невымяральнай таямніцы прысутнасці Хрыста ў Ягоным Касцёле.
Бр. Яраслаў Крыловіч
- У рускім перакладзе першакрыніцаў (глядзі тут), на жаль, адсутнічаюць некаторыя важныя лісты з паслясаборнай перапіскі. З даступных ў Інтэрнэце каталіцкіх апрацовак на гэтую тэму глядзі: Ф. Дворнік «Візантыя і Рымскі прымат»; K. Schatz «Sobory Powszechne» III, 3 Sobór i papież — kanon 28; з праваслаўных аўтараў – И. Мейендорф «Единство Империи и разделения христиан» Гл.V, §6 Св. Лев Великий и самосознание папства і Гл.VI, §2 Халкидонский Cобор: церковный порядок. Для больш настойлівых і зацікаўленых самі першакрыніцы тут і тут, а англійскі пераклад — тут.
- Легаты Папы на Саборы падкрэслівалі значэнне біскупа Рыма як наступніка св. Пятра.