Пошук


У першым тысячагоддзi паміж непадзеленымi тады яшчэ хрысціянамi Захаду i Усходу голас Апостальскага Пасаду гучаў часам вельмі цвëрда i рашуча. Цi не з’яўляўся ëн адным з тых выпрабаванняў веры, калі мы павінны прыняць бачны знак прысутнасці нябачнага Хрыста ў Ягоным Касцёле?

Сярэдзіна ІІІ стагоддзя. Вельмі востра адчувалася праблема падзелаў паміж хрысціянамі. У галоўным горадзе Паўночнай Афрыкі — Карфагене — біскупам быў св. Кіпрыян, адданы пастыр і аўтарытэтны тэолаг1. Заклапочаны існуючымі падзеламі, ён шмат месца ў сваім навучанні ўдзяляў тэме адзінства Касцёла. Варта, аднак, сказаць, што ў тыя часы веравучэнне пра бачныя межы Каталіцкага Касцёла не было яшчэ так дакладна акрэслена, як чытаем напр. у сучасным Катэхізісе (гл. Кампендый 162), таму дапускалася значная розніца ў багаслоўскіх поглядах.

Святы Кіпрыян бачыў гарантыю адзінства Касцёла ў адзінстве Калегіі Біскупаў, якое вырастала з паклікання Апостала Пятра:

«Пан кажа Пятру: Я кажу табе, што ты — Пётр скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой… (Мц 16, 18-19). Такім чынам засноўвае Касцёл свой на адным»2.

Але св. Кіпрыян не спалучаў непасрэдна і выразна ролю Апостала Пятра з роляй ягоных наступнікаў у Рыме3. Паводле яго навучання, якое вельмі асцярожна і вобразна выкладае таямніцу іерархічнага служэння, адзінства Калегіі Біскупаў вырастае з паклікання Апостала Пятра непасрэдна, як з крыніцы4. Таму Кіпрыян лічыў, што ўсе біскупы роўныя ў сваёй пастырскай уладзе — няма «біскупа біскупаў»5.

Адначасова, аднак, можна у св. Кіпрыяна знайсці мноства тэкстаў, дзе ён асаблівым чынам падкрэсліваў ролю і служэнне біскупа Рыма сярод іншых у Калегіі, казаў аб важнасці заставацца з ім у еднасці, а нават — аб асаблівым захаванні Касцёла Рыма ад зламання веры. Вось некаторыя ўрыўкі:

«Кожнаму адплываючаму [у Рым]… мы наказвалі бараніць і прызнаваць першаўзор (matrix) і корань Каталіцкага Касцёла. (…) Каб усе падтрымлівалі супольнасць з табою [біскупам Рыма], г.зн. — адзінства Каталіцкага Касцёла»6.

«…каб [папа] Карнэлій ведаў, што ты ўжо знаходзішся ў супольнасці з ім, г.зн. з Каталіцкім Касцёлам. (…) Карнэлій стаўся біскупам, калі месца Фабіяна, г.зн. месца Пятра і святарская катэдра, было вакантным»7.

«…[ерэтыкі] адважваюцца яшчэ паплыць да катэдры Пятра і да Касцёла галоўнага, які з’яўляецца крыніцай святарскага адзінства…, не разумеючы, что гэта — тыя Рымляне…, якіх зламанне веры не можа дасягнуць»8.

Такія погляды св. Кіпрыяна на адзінства, як і большасці біскупаў Паўночнай Афрыкі, не давалі яснага адказу на пытанне: які ёсць бачны знак прыналежнасці да Каталіцкага Касцёла? Гэта праявіла сябе тады, калі паўстала разнагалоссе паміж св. Кіпрыянам і папам Стэфанам І адносна сапраўднасці сакрамэнту хросту ў хрысціянскіх супольнасцях, якія аддзяліліся ад Каталіцкага Касцёла. Кіпрыян лічыў, што няма сапраўднага хросту ў аніводнай супольнасці, якая аддзялілася, а папа Стэфан настойваў на аналізе ўмоваў удзялення сакрамэнтаў і пасля гэтага прызнанні іх або не. Пазіцыя біскупа Рыма была вельмі рашучая: свядомы сваёй вярхоўнай улады наступніка Апостала Пятра, ён абвясціў, што адлучыць ад Касцёла, калі афрыканскія біскупы не прымуць практыку Рыма адносна прызнання хросту9. Якая была рэакцыя св. Кіпрыяна?

Ён, з аднаго боку, крытыкаваў Папу за ўладарны тон, кажучы, што нават св. Пётр такім чынам не паступаў10. Асабіста Стэфана І стараўся пераканаць багаслоўскімі аргументамі, падмацоўвачы сваю пазізыю рашэннем мясцовага Сабору біскупаў11. Але з іншага боку — імкнуўся падкрэсліць, што, нягледзячы на розніцу ў поглядах і адменную практыку, застаецца з ім у адзінстве12.

Дыялог Кіпрыяна Карфагенскага і папы Стэфана І застаўся няскончаным, бо ў хуткім часе яны абодва аддалі сваё жыццё за веру ў Хрыста. Практыка адносін да сакрамэнтаў, на якой настойваў папа Стэфан І, аказалася больш правільнай і прымяняецца цяпер як у католікаў, так і ў праваслаўных13.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. Літургічны ўспамін 16 верасня.
  2. «Аб адзінстве Касцёла» (ёсць таксама  іншы варыянт тэксту).
  3. Пар. Лорц «Гісторыя Касцёла» §18, 6б
  4. Пар. Ліст 33 (17) і «Аб адзінстве Касцёла».
  5. Пар. прамова св. Кіпрыяна на Карфагенскам Саборы (c.194)
  6. Ліст 48 (39) да папы Карнэлія
  7. Ліст 55 (43)
  8. Ліст 59 (47)
  9. Пар. Лорц «Гісторыя Касцёла» §17,6 і §18,6б
  10. Пар. Ліст 71 (58)
  11. Пар. Ліст 72 (59)
  12. Пар. Ліст 72 (59) і прамова св. Кіпрыяна на Карфагенскам Саборы (c.194)
  13. Пар. абрады далучэння да Праваслаўнай Царквы.
Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця