У першым тысячагоддзi паміж непадзеленымі тады яшчэ хрысціянамі Захаду i Усходу голас Апостальскага Пасаду гучаў часам вельмі цвëрда i рашуча. Як яго ўспрымалi пастыры i вернiкi мясцовых Касцëлаў?
У XIX–XX стагоддзях з’явiлася шмат добрых гiстарычных i тэалагiчных даследаванняў, аўтары якiх iмкнулiся даць ясны адказ на пастаўленае пытанне. Аднак на дадзены момант самiх толькi фактаў i звычайнай логiкi аказалася недастаткова, каб даследчыкi — прадстаўнiкi розных канфесiй — змаглi прыйсцi да адназначнай згоды. А пытанне гэтае вельмi важнае, асаблiва калi мы яго крыху зменiм: якая была вера Паўсюднага Касцëла адносна ролi бiскупа Рыма?
Каб глыбей зразумець сутнасць праблемы, варта распачаць разважанні ад самасвядомасці Езуса Хрыста. Як яна ўспрымалася? Ужо ад самага пачатку для Божага Дзіцяці было прадказана, што Яно пастаўлена «на знак, якому супраціўляцца будуць» (Лк 2, 34). Для народа Iзраэля не было вельмі складаным паверыць у Бога нябачнага. А вось Бог бачны, якi стаўся чалавекам — менавіта гэта было вялiкiм выпрабаваннем для веры Iзраэля. Для тых, хто яшчэ не паверыў, Езус быў толькi чалавекам, якi «сам пра сябе сведчыць» (Ян 8, 13), якi «будучы чалавекам, робiць сябе Богам» (Ян 11, 33).
Ці гэтае выпрабаванне веры датычылася толькі Ізраэля? Ці іншыя пакліканыя да збаўлення не павінны таксама адказаць на пытанне: «А вы кім лічыце Мяне?» (Мц 16, 15)? Пасля таго, як Хрыстус узышоў на неба і сеў праваруч Айца, Ён стаўся нябачным, але мы спатыкаемся з Ім у таямніцы Яго Містычнага цела — Касцёла, які з’яўляецца на зямлі бачным знакам Божай прысутнасці. Бачым звычайных людзей, чуем чалавечыя словы, а аднак жа верым у прысутнасць Хрыста, чуем голас Адвечнага Слова. Нам, як і калісьці юдэям, вельмі лёгка паверыць у нябачнага Бога, у дадзеным выпадку — Езуса, які стаўся для нас нябачным, але каб сапраўды паверыць, што «Езус Хрыстус прыйшоў у целе» (1 Ян 4, 2; 2 Ян 7), мусім прыняць бачныя знакі Ягонай прысутнасці, што значна цяжэй.
Ці ж наступнікі святога Пятра — скалы ад Скалы, «каменя ад Каменя»1 — не павінны былі, падобна Хрысту, не аднойчы пачуць у адказ на сваё сведчанне: «Кім ты сябе робіш?» (Ян 8, 53) або «будучы чалавекам, робiць сябе Богам» (Ян 11, 33)? Варта заўважыць, што аніводзін біскуп Рыма ніколі не казаў, што «ёсць Богам», а толькі мелі самасвядомасць свайго паклікання быць бачным знакам Хрыста — Галавы Касцёла: знакам, «якому супраціўляцца будуць» (Лк 2, 34), а для тых, чыя вера яшчэ недасканалая, — здавацца чалавекам, які нібы «сам пра сябе сведчыць» (Ян 8, 13).
У наступнай частцы артыкула разгледзім некаторыя прыклады таго, як успрымалася самасвядомасць біскупаў Рыма ў першым тысячагоддзі — факты і сведчанні, якія часта аналізуюцца ў апалагетычнай літаратуры і якія можам пачуць пры размове з прадстаўнікамі іншых канфесій. Але каб нашыя разважанні або магчымыя размовы з некатолікамі на гэтую тэму служылі адбудаванню адзінства паміж хрысціянамі, паспрабуем, улічваючы сказанае вышей, глыбей зразумець дынаміку гісторыі Касцёла. Так, як і Апосталы, Народ Божы знаходзіцца ў пілігрымцы веры, заўсёды патрабуе ачышчэння і аднаўлення, а поўню таямніцы веры адкрывае паступова, праходзячы праз выпрабаванні2, якія вельмі часта, як і ў часы зямнога жыцця Езуса, датычацца прыняцця бачных знакаў Божай прысутнасці.
Бр. Яраслаў Крыловіч