Леў, Папа Рымскi (440–461), ва ўсе часы быў шанаваны як католiкамi, так i праваслаўнымi, як святы пастыр i аўтарытэтны настаўнiк веры. У яго творах знаходзiм таксама ясную навуку пра асаблiвую ролю i заданне Апостала Пятра ў новым Народзе Божым1.
У сваiм навучаннi св. Леў Вялiкi паказвае нам Касцëл як адзiную дзяржаву Божую (civitas Dei), сакрамэнтальна аб’яднаную збаўчымi ласкамi так, што стаецца адным Целам. I ў гэтым Целе-дзяржаве, дзе Хрыстус з’яўляецца адзiным Валадаром i Скалой, i крынiцай усiх ласк, Ëн сам устанаўлiвае Апостала Пятра «скалой ад Скалы», «галавой ад Галавы» — бачным для ўсяго народа Божага кiраўнiком над паклiканымi народамi, над Апосталамi i над усiмi Айцамi Касцëла. I хоць Хрыстус устанавiў мноства пастыраў, аднак жа Пëтр, належным толькi яму чынам, кiруе ўсiмi2. Святы Леў не абмяжоўваецца толькi чалавечым разуменнем улады i кiраўнiцтва, але перадусiм бачыць у ролi Пятра сакрамэнт Найвышэйшага святарства (pontifici sacramentum) i лiчыць гэта настолькі важным элементам эканомii збаўлення i iснавання Цела Хрыстовага, што параўноўвае заданне Пятра з галавой у целе i сцвярджае, што анiводная збаўчая ласка не пралiваецца без удзелу князя Апосталаў3.
Леў Вялiкi ў сваiм навучаннi сцвярджае, што Апостал Пëтр быў Духам Святым пасланы ў Рым i асвяцiў гэты горад сваëй мучанiцкай смерцю, каб споўнiлiся спрадвечныя планы Божыя i ў сталiцы сусветнай чалавечай iмперыi — аднаго з валадарстваў, якiя прамiнаюць — паўстала сталiца Божага валадарства, якога «сiлы пякельныя не перамогуць» — Касцëла Хрыстовага4.
Навучанне папы Льва Вялiкага было добра вядома таксама i на хрысцiянскiм Усходзе, аб чым сведчыць вельмi багатая перапiска, i нiколi яго погляды не выклiкалi асуджэння цi сур’ёзнай крытыкi. Гэта сведчыць аб адкрытасцi старажытных Святых Айцоў на багацце Божай Таямнiцы, аб чым была мова ў папярэднiх артыкулах. Такое моцнае, як бачым, падкрэсленне асаблiвай ролi Апостала Пятра ўспрымалася на Усходзе хутчэй як узбагачэнне, дапаўненне да навукi грэчаскiх Святых Айцоў, а не супярэчнасць.
Бр. Яраслаў Крыловіч
- На жаль, вельмі мала знайшлося даступных у Інтэрнэце перакладаў гэтага выдатнага тэолага на славянскія мовы, таму ў артыкуле буду спасылацца толькі на лацінскія першакрыніцы.
- Пар. Казаннi: Sermo 5,4; 4,2-3 (стар. 20 i стар. 17); фрагмент апошняга казання знаходзiцца ў Брэвiярыi, дата 22 лютага; Лiсты: Epistula 10,1(стар. 40).
- Пар. Sermo 4,1, а таксама папярэднiя спасылкi.
- Пар. Sermo 82,3-5 (стар. 154–155).