Калi параўнаць праваслаўныя іконы Святой Тройцы і 12-ці Апосталаў1, то можна ўбачыць, як таямніца роўнасці Асобаў Святой Тройцы цудоўна адлюстроўваецца ў Калегіі Дванаццаці. Каталіцкае навучанне аб Касцёле ніякім чынам не разбурае гэтай дзіўнай гармоніі, а наадварот, адкрывае шматграннасць гэтай таямніцы.
Супольнасць Хрыстовага Касцёла пабудавана на падмурку дванаццаці Апосталаў — ясна сцвярджае каталіцкае навучанне2. Пры гэтым Катэхізіс спасылаецца таксама і на паэтычныя вобразы Святога Пісання, якія, напэўна, натхнялі іканапісцаў хрысціянскага Усходу:
«Вы (…), умацаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем, на якім кожны складзены разам будынак вырастае як святая ў Пану святыня. У ёй і вы разам будуецеся Духам» (Эф 2, 20-22).
«Мур Нябеснага Ерузалема меў дванаццаць падмуркаў, а на іх — дванаццаць імёнаў дванаццаці Апосталаў Баранка» (Ап 21, 14).
Адначасова, Каталіцкі Касцёл у сваім навучанні выражае таямніцу ўстанаўлення Хрыстом Дванаццаці ў яе поўні — радыкальнай поўні, што можа выклікаць пэўны недавер з боку нашых братоў праваслаўных. Менавіта — паказваючы асаблівую ролю і заданне апостала Пятра.
Чаму тут паўстае палеміка з праваслаўнымі? Таму, што таямніца Касцёла перавышае нашыя чалавечыя ўяўленні. Мы разважаем у катэгорыях тых сацыяльных сістэмаў улады і механізмаў кіравання, якія бачым у свеце. Нам можа здавацца, што Пётр-скала заслоніць сабою Хрыста-Скалу, гаворачы вобразна, або што гэты «памурак Апосталаў» з прычыны першынства Пятра можа атрымацца «перахілены на бок». Але ж гэта толькі чалавечыя вобразы. Можа, варта больш даверыцца Хрысту — Будаўніку, які не памыляецца і сам клапоціцца пра свой Касцёл? Таму Катэхізіс, адначасова з навучаннем аб прымаце Пятра, падкрэслівае і тое, што іерархічнае служэнне ў Касцёле мае калегіяльны (саборны) характар3, а Ян Павел ІІ сцвярджае: «Найвышэйшая ўлада, давераная Пятру, не парушае ўлады, дадзенай іншым Апосталам у Валадарстве»4.
Падобным чынам каталіцкае навучанне раскрывае ва ўсёй шматграннасці глыбокі сэнс словаў Хрыста: «Ты — Пётр скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой» (Мц 16, 18). З аднаго боку «скала», на якой пабудаваны будзе Касцёл, — гэта вызнанне Пятра «Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога»5, але адначасова і сам асабіста апостал Пётр, якому Пан урачыста змяняе імя (Пётр = Кіфа = Скала). Пры гэтым, як добра раз’ясняе Ян Павел ІІ, Пётр не засланяе сабою Хрыста, але дзейнічае ў Ягонае імя і Ягонаю сілаю. Касцёл не стаецца Касцёлам Пятра, але заўсёды будзе Касцёлам Хрыстовым6.
Як бачым, калі паўстае дыскусія з братамі праваслаўнымі на тэму ролі апостала Пятра, то зусім недарэчным было б пераконванне адмовіцца ім ад сваіх поглядаў, а прыняць іншыя. Трэба толькі заахвоціць да адвагі адкрыцца на поўню таямніцы Хрыстовага Касцёла, не губляючы нічога з таго, што яны захавалі праз стагоддзі — на радыкальную поўню, якая чалавечаму розуму можа здавацца супярэчнасцю, падобна як і таямніца Святой Тройцы.
Гэтую адвагу мелі Святыя Айцы першага тысячагоддзя хрысціянства і аўтары праваслаўных літургічных тэкстаў. Напрыклад, у тэксце службы на свята Пятра і Паўла (29 чэрвеня) апостал Пётр асабіста аж 7 разоў названы «камнем, основанием веры», яшчэ некалькі разоў, таксама асабіста, — «камнем, основанием Церкви», 6 разоў «основанием, главой, предводителем» і да т.п. Апосталаў7. А вось гімн-кандак праваслаўнай службы на свята 12 Апосталаў (30 чэрвеня), здаецца, з’яўляецца прыкладам таго, што старажытны хрысціянскі Усход не бачыў супярэчнасці паміж Хрыстом-Скалою і Пятром-скалою: «Камень Хрыстус каменя веры праслаўляе ўрачыста, найвялікшага з вучняў…»8
У Пралозе, старажытным літургічным зборніку павучальных тэкстаў, знаходзіцца пахвальная прамова св. Яна Залатавуснага на свята Пятра і Паўла, дзе спатыкаем: «Хто ж вялікшы за Пятра?», «Пётр — вялікі царкоўны святар», «Пётр — Царква Божая»9. У творах іншага аўтарытэтнага святога — Васіля Вялікага — сустракаем ясныя выказванні аб тым, што Касцёл пабудаваны на асобе Пятра10. Нават вядомы каментатар Святога Пісання Феафілакт Балгарскі, які пісаў у канцы XI ст. (ужо пасля трагічнага падзелу паміж заходнімі і ўсходнімі хрысціянамі), адназначна сцвярджае, што толькі Пятру, як выбранаму з Апосталаў, Хрыстус даручае заданне быць пастырам усяго сусвету11.
Хацеў бы яшчэ раз падкрэсліць, што гэтыя цытаты былі тут пададзеныя не для таго, каб «узброіцца» імі і распачаць палеміку з праваслаўнымі, а каб паказаць адважную адкрытасць старажытных Святых Айцоў і праваслаўных літургічных тэкстаў на прыняцце таямніцы Касцёла ў яе шматграннасці. Я б сказаў: «Не бойцеся вызнаць асаблівую ролю св. Пятра ва ўсёй яе поўні, бо гэта — дар Хрыста для Касцёла, які прызначаны не разбурыць гармонію супольнасці любові на ўзор Святой Тройцы, але наадварот захаваць яе».
Бр. Яраслаў Крыловіч
- Параўнаць можна тут і тут.
- Пар. Ян Павел ІІ. «Веру ў Касцёл…» 37,1; Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла 175
- Пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла 877
- Ян Павел ІІ. «Веру ў Касцёл…» 37,4
- Пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла 424
- Пар. Ян Павел ІІ. «Веру ў Касцёл…» 45,5-6
- Пар. служба 29 чэрвеня: Малая Вечерня, Великая Вечерня, Утреня
- Глядзі ў самым канцы пад датай 30 чэрвеня.
- Пар. тут (на царкоўна-славянскай мове)
- Пар. “Супраць Еўномія”, старонка 65.
- Пар. Толкование Св. Писания, от Иоанна 21