Цi ëсць памiж католiкамi i праваслаўнымi рознiца ў разуменнi асаблiвай ролi св. Пятра сярод Апосталаў? А можа, паставiм пытанне iнакш: колькi тут сапраўднай рознiцы, а колькi перабольшвання ў вынiку шматвяковага адасаблення i гарачых дыскусiй на гэтую тэму ў канцы XIX — пачатку XX стст.?
Для лепшага разумення гэтай тэмы пажадана мець перад вачыма тэксты наступных фрагментаў Святога Пiсання: Мц 16, 16-19; Лк 22, 31-32; Ян 21, 15-17, а таксама Мц 17, 24-27; Дз 1, 15-26; 2, 14; 2, 37; 5, 291. З мноства сваiх вучняў Езус пасля доўгай малiтвы асабіста выбiрае Дванаццаць i робiць iх удзельнiкамi сваëй мiсii i ўлады, i даручае iм усе даброты Новага Запавету2. Аднак жа Пятру Пан Езус даручае асаблiвую мiсiю быць першым (галавой) у Калегii Апосталаў i пастырам усяго Касцëла3.
У Мц 16, 16-19 бачым, як Хрыстус у прысутнасцi Дванаццацi ва ўрачыстай форме («Я кажу табе») дае Сымону новае iмя «Скала»4 i на гэтай «Скале» веры абяцае пабудаваць свой Касцëл, які нiшто не пераможа. Езус таксама дае зразумець, што Сымон становіцца «Скалой» веры не дзякуючы сваiм заслугам цi чалавечым здольнасцям («не цела i кроў адкрылi табе»), а пры дапамозе асаблівай Божай ласкi, якая не перастане ў iм дзейнiчаць і ў будучыні («Сымоне, …Я папрасiў за цябе, каб не знiкла твая вера», — пар. Лк 22, 31-32). У тэкстах Мц 16, 16-19; Лк 22, 31-32; Ян 21,15-17 можна заўважыць i iншае: толькi Пëтр выразна i асабiста атрымлiвае ад Пана «ключы Валадарства Нябеснага» i заданне «ўмацоўваць братоў сваiх». Уладу «звязваць i развязваць» атрымалi ўсе Апосталы, але Пëтр атрымаў яе асабiста, таксама як i заданне «пасi авечак Маiх». Словы Хрыста ў Мц 17, 24-27 «аддай яго [падатак на святыню] за Мяне i за сябе» св. Ян Залатавусны, арцыбiскуп Канстанцінопаля (IV ст.), тлумачыць прызначэннем Пятра быць першым сярод Апосталаў5. А разважаючы пра ролю Пятра пры выбары дванаццатага Апостала на месца здраднiка Юды (пар. Дз 1, 15-26), св. Ян Залатавусны задае пытанне: «Цi Пëтр сам асабiста не мог выбраць?» I адказвае: «Вельмi нават мог. Але не робiць гэтага, каб не выглядала, што мае свае ўпадабаннi ў некiм, а па-другое — ëн не атрымаў яшчэ Духа Святога»6. На заканчэнне гэтага вельмi скарочанага аналiзу тэкстаў Новага Запавету7 варта дадать, што прыкметным таксама з’яўляецца ўжыванне словазлучэнняў «Пëтр з Адзiнаццаццю», «Пëтр i Апосталы» для акрэслення бачнай касцëльнай улады ў Дз 2, 14; 2, 37 i 5, 19.
Такім чынам, Каталіцкі Касцёл верыць, што Хрыстус паставіў Пятра, каб кіраваў Калегіяй Апосталаў і быў пастырам усяго Касцёла. А як вераць праваслаўныя?
Праваслаўная Энцыклапедыя цытуе словы вядомага тэолага протаіерэя Сяргея Булгакава: «Петру апостолу принадлежало, действительно, особливое, первое место среди Двенадцати, но это был примат не власти, а авторитета, старшинства, первостоятельства, который притом принадлежал ему в соединении со всеми, но не без всех и не помимо всех»8. Як бачым, вельмі асцярожны падыход да місіі св. Пятра і выключэнне яго кіраўнічай ролі. Але ў катэхетычных матэрыялах часцей за ўсё можна спаткаць замоўчванне асаблівай ролі Апостала Пятра. Напрыклад, «Закон Божы» протаіерэя Серафіма Слабадскога, вельмі распаўсюджаны падручнік рэлігіі, навучае, што Апостал Пётр разам з Паўлам названы Первоверховными толькі таму, што больш за іншых папрацавалі для евангелізацыі, а пра ролю Пятра ў Хрыстовай Царкве нічога не гаворыцца9. З вялікага багацця тлумачэння біблійных тэкстаў Святымі Айцамі выбіраюцца толькі тыя, што не падкрэсліваюць кіраўнічай функцыі Пятра. Напрыклад, «Скала» азначае не Пятра, а толькі яго веравызнанне «Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога», таму «Скалой» з’яўляецца кожны вернік, які ў гэта верыць: яны і іх вера складаюць падмурак Хрыстовага Касцёла10. Прот. Серафім Слабадскі пасля словаў «дам табе ключы Валадарства Нябеснага» ставіць двукроп’е і далучае наступную частку «звязваць i развязваць», як бы гэта было толькі раз’ясненне паняцця «ключы», а значыць, Пётр не атрымаў нічога больш, чым іншыя Апосталы, і Хрыстус звярнуўся да яго асабіста толькі таму, што ён храналагічна першы вызнаў веру11. Таксама «пасi авечак Маiх» (Ян 21, 15-17) прот. Серафім Слабадскі тлумачыць не больш, чым вяртаннем Пятру апостальскай годнасці пасля трохразовага адрачэння12.
Падсумоўваючы праваслаўны погляд на ролю Апостала Пятра, можна было б параўнаць яе са Старшынёй Прэзідыума, які мае не ўладу кіраўніцтва, а толькі даручэнне весці сход, як найбольш паважаны дэлегат. Як бачым, розніца ёсць. А ці магчымы дыялог, каб прыйсці да адзінства? Мне здаецца, што так, але пра гэта — у наступнай частцы артыкула.
Бр. Яраслаў Крыловіч
- Тэксты на беларускай мове можна знайсці тут.
- Пар. Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла 109; 162. Улада ў Евангеллі не азначае панавання, але адказнасць і паслугу адпушчэння грахоў, абвяшчэння праўдаў веры і прыняцця дысцыплінарных рашэнняў. Пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла 553.
- Біблійных тэкстаў на гэтую тэму значна больш. Напрыклад, Уваскрослы Езус з’яўляецца Пятру першаму з Апосталаў; у выказах імёнаў Дванаццаці Пётр заўсёды на першым месцы; пасля Пяцідзесятніцы Пётр без нарады з іншымі Апосталамі самастойна абвяшчае асноўныя праўды веры і прымае важныя рашэнні (як хрост язычніцкай сям’і Карнілія); Апостал Павел прыбывае ў Ерузалем, каб убачыцца з Пятром. Гэта далёка не поўны спіс эпізодаў.
- Грэчаскае слова «Пётр» можна перакласці як «Скал» (мужчынскі род), але Езус назваў Сімона па-арамейску «Кіфа» — «Скала» (жаночы род).
- Св. Иоанн Златоуст. Толкование на св. Матфея Беседа 58,2
- Св. Иоанн Златоуст. Беседы на Деяния Апостольские Беседа 3, 2
- Больш падрабязна можна прачытаць тут.
- Правасл.Энц. Апостолы. разд. 12А.
- Пар. «Закон Божы» О святых людях; О девятом члене Символа Веры. Падобна, нічога не ўспамінае пра асаблівую ролю Апостала Пятра Мітрапаліт Іларыён (Алфееў) у раздзеле VII «Царква» сваёй кнігі «Таинство веры. Введение в православное догматическое богословие»
- Пар. пачатак VII раздзела ў Мітрапаліта Іларыёна (Алфеева) “Таинство веры. Введение в православное догматическое богословие”
- Пар. «Закон Божы» Исповедание Петра.
- Пар. там жа Явление Иисуса Христа ученикам при море Тивериадском