Пошук


«Жаданне аднавіць адзінства ажыццяўляецца праз навяртанне сэрца, малітву, узаемнае братэрскае пазнанне, тэалагічны дыялог».

Калi ў дакументах Касцëла iдзе гаворка пра тэалагiчны дыялог, то часцей маюцца на ўвазе сустрэчы памiж афiцыйна прызначанымi адукаванымi i кампетэнтнымi экспертамi з розных канфесiй1. Паспрабуем, аднак, разабрацца, як гэтая справа можа датычыць большасці вернікаў і чаму гэта так важна ў дыялогу з праваслаўнымі.

Чалавек веруючы скарб сваёй веры заўсëды прыкладвае да свайго штодзëннага жыцця. Калi ў гэтай жа штодзëннасцi спатыкаюцца вернiкi розных канфесiй, мiмаволi ўзнiкае пытанне: у што ты верыш? якiя рознiцы? чаму? I так распачынаецца тэалагiчны дыялог — на працы, у дарозе, у змешаным сужэнстве, на інтэрнэт-форуме. Калi кажам пра людзей сапраўды ведаючых, у што яны вераць (а на жаль, не заўсëды ў размовах так бывае), то пазiцыя католiка ў пошуку адказу на пытанне «дзе праўда?» будзе адрознiвацца ад, напрыклад, праваслаўнага тым, што па-рознаму разумеем: ХТО можа вырашыць спрэчныя пытаннi ў нашых веравучэннях. Гэта добра бачна, калі мы супаставім цытаты на гэтую тэму з каталіцкага Катэхізіса і, напрыклад, з праваслаўнай Энцыклапедыі.

Беспамылковасць Настаўніцкага Інстытута Касцёла ажыццяўляецца, калі Рымскі Пантыфік як найвышэйшы Пастыр Касцёла або Калегія Біскупаў, сабраная перадусім на Сусветным Саборы, у еднасці з Папам абвяшчае дэфінітыўным актам дактрыну, якая датычыць веры або маральнасці; а таксама, калі Папа і біскупы, здзяйсняючы сваё звычайнае настаўніцтва, узгоднена падаюць дактрыну, якая мае дэфінітыўны характар. Такое навучанне кожны вернік павінен прымаць у паслухмянасці веры2.

Вселенский Собор — орган высшей власти в правосл. Церкви, догматические решения к-рого обладают статусом непогрешимости. (…) Чрезвычайно труден вопрос о церковном приятии (рецепции) постановлений Собора и в связи с этим о критериях вселенскости Собора. Внешних критериев для однозначного определения непогрешимости, вселенскости Собора нет, ибо нет внешних критериев абсолютной Истины. Поэтому, напр., число участников того или иного Собора или число представленных на нем Церквей не является главным при определении его статуса. Так, нек-рые из Соборов, не признаваемые Вселенскими или даже прямо осужденные, по числу представленных на них поместных Церквей не уступали Соборам, признанным Вселенскими. А. С. Хомяков связывал авторитет Соборов с приятием его постановлений христ. народом3.

Як бачым, у праваслаўных няма такой аўтарытэтнай асобы, як Рымскі Папа, на навучанне якога або на адзінства з якім можна было б абапірацца ў справах веры і маральнасці. Нават калі б вельмі паважаны праваслаўны патрыярх ці вялікая група праваслаўных біскупаў падпісалі з католікамі тэалагічнае пагадненне, то заўсёды можа знайсціся іншая група праваслаўных іерархаў або актыўных свецкіх, якія абвесцяць тых падпісаўшых здраднікамі, а гэта, у сваю чаргу, можа стацца повадам цяжкай унутранай спрэчкі і адбіць ахвоту да экуменічнага дыялога на доўгія годы. Штосьці падобнае было пасля падпісання Фларэнтыйскай Уніі ў 1439 г4.

А што ж тады з’яўляецца для праваслаўных аўтарытэтам, крытэрыем правільнасці? Здаецца, што адказ быў бы такі: усеагульнае духоўнае адзінства ў сусветным саборным разуменні. Іншымі словамі, узаемная любоў праяўляецца ў згодзе хрысціянаў паміж сабою, і гэтая духоўная згода ў агульнацаркоўным маштабе з’яўляецца крытэрыем правільнасці5. Магчыма, што такое акрэсленне цяжка супаставіць з нашым рэальным жыццём, бо такую духоўную згоду не праверыш галасаваннем і падлічэннем колькасці галасоў. Таксама прыклады нязгоды і розніц у навучанні могуць нас схіляць да таго, каб глядзець на гэты прынцып толькі як на нейкі далёкі ідэал. І ўсё ж такі іншага крытэрыя, мне здаецца, яны не маюць і трэба з гэтым пагадзіцца.

Калі добра зразумеем вышэйамоўленую сітуацыю, то становіцца зразумела, якое значэнне мае тэалагічны дыялог, які адбываецца ў штодзённым жыцці як бы «на ніжэйшых узроўнях», часам нават незапланаваны6. І цяпер пытанне: ці мы гэтым дыялогам наблізім чаканае адзінства, ці, наадварот, будзем перашкодай?

Пра гэта — у другой частцы артыкула.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1.   Статуты Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій 747-748
  2.   Кампендый  Катэхізіса Каталіцкага Касцёла 185
  3.   Праваслаўная Энцыклапедыя, Вселенский Собор
  4.   Пар. http://ru.wikipedia.org/wiki/Ферраро-Флорентийский_собор
  5.   Пар. Праваслаўная Энцыклапедыя, Авторитет: апошні параграф «В Православии»
  6.   У часе свайго падарожжа на Кіпр Святы Айцец Бэнэдыкт XVI казаў аб «тэалагічным дыялогу на ўсіх узроўнях» (прэс-канферэнцыя ў самалёце).
Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа