Пошук


 Калі такое пытанне з’яўляецца ў думках веруючага чалавека, то, як кажа Катэхізіс, — гэта дар Хрыста і заклік Духа Святога ў душы1. Не варта марнаваць гэтай ласкі. Там жа далей Катэхізіс тлумачыць, што гэтае імкненне ажыццяўляецца праз навяртанне сэрца, малітву, узаемнае братэрскае пазнанне, тэалагічны дыялог. Паспрабуем паразважаць пра гэта.

Прычынаю падзелаў паміж хрысціянамі і паўстання розных канфесій з’яўляецца грэх. Розныя іншыя фактары — палітычныя, гістарычныя, ідэалагічныя і г. д. — маглі прыспешыць або затрымаць падзел, але прычынай таго, што канкрэтныя групы хрысціян не вытрывалі і паддаліся спакусе раздзялення, заўсёды застаецца грэх нявернасці евангельскаму пакліканню і найважнейшаму загаду любові. І адбывалася гэта часта не без віны людзей з аднаго і другога боку2. Таму шлях да адзінства ідзе праз навяртанне, праз цяжар працы любові — можа, і нялёгкі. Але Катэхізіс кажа менавіта пра навяртанне сэрца. Сапраўды, можна рупліва выконваць хрысціянскія абавязкі, рабіць добрыя ўчынкі, але толькі вернае хрысціянскае сэрца будзе адчуваць боль і ніколі не згодзіцца з тым, што ў Каталіцкім Касцёле і ў Праваслаўнай Царкве на алтар сыходзіць той самы Пан Езус і мы разам збіраемся вакол Яго, але... ніколі разам, католікі і праваслаўныя, мы сабрацца не можам, бо мы падзелены.

Прычынай падзелу з’яўляецца грэх, а галоўны з грахоў — пыха. Гэта яна чыніць так, што нам лёгка заўважыць заганы ў іншых, а свае — не3. Пыха схіляе нас казаць: «Гэта праваслаўныя аддзяліліся ад нас, няхай яны і навяртаюцца», або штосьці падобнае.

Перамагчы гэтыя і іншыя грэшныя схільнасці вельмі цяжка, а нават і немагчыма без Божай дапамогі, таму Катэхізіс нагадвае нам пра патрэбу малітвы. Добры Пан, бачачы нашае шчырае прагненне зрабіць крок для пераадолення падзелаў і гатоўнасць выкараніць перш за ўсё ў сабе самім усе перашкоды да адзінства, удзеліць нам багатыя дары Духа Святога на гэтым шляху, калі мы будзем аб гэтым настойліва Яго прасіць.

Навяртанне з’яўляецца сапраўдным, калі не абмяжоўваецца агульнымі пажаданнямі не грашыць, а датычыцца канкрэтных рэчаў і жыццёвых падзей, таму Катэхізіс нагадвае пра патрэбу пазнання і дыялога. На пачатку — пазнанне каталіцкага навучання, гісторыі, а потым — поглядаў іншай канфесіі. Дыялог павінен весціся з цярплівасцю, любоўю і павагай, але таксама — у праўдзе. І малітва будзе жывой і шчырай толькі тады, калі яна датычыць канкрэтных спраў, якія вынікаюць з пазнання і дыялога.

У наступных артыкулах паспрабуем аднесці вышэйсказаныя словы Катэхізіса да канкрэтных штодзённых пытанняў, а цяпер, на заканчэнне, хацелася б прывесці фрагмент з прамовы Святога Айца Бэнэдыкта XVI:

«У поўнай меры мы самі адказныя за тое, каб рабіць усё, што толькі магчыма для сапраўднага дасягнення адзінства, але існуе яшчэ і іншае вымярэнне — дзеянне Бога, бо толькі Бог можа даць адзінства Касцёлу. Адзінства, збудаванае ўласнымі сіламі, было б адзінствам людскім, а мы прагнем Божага Касцёла, справы і тварэння Бога, які, калі захоча і мы будзем гатовыя, створыць адзінства. (...) Таму мы павінны заўсёды быць гатовыя паддацца ачышчэнню, праз якое Пан учыніць так, што мы будзем здольныя аб’яднацца. Дарагія браты і сёстры, прашу ўсіх маліцца ў інтэнцыі складанай экуменічнай сітуацыі, далейшага дыялога, а таксама аб тым, каб хрысціяне нашых часоў умелі даваць свету новае супольнае сведчанне вернасці Хрысту»4.

Бр. Яраслаў Крыловіч


  1. Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла 164
  2. Пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла 817.
  3. Пар. Ян Павел ІІ. Энцыкліка “Каб усе былі адно!” 15 (перадапошні сказ).
  4. Катэхeза Бэнэдыкта XVI 20.01.2010 г.
Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця