Пошук

16.01.2012 14:55   Віталь Булыга / Catholic.by

«Жыве дзяўчынка і ў сваіх марах і фантазіях чакае і марыць хутчэй сустрэць свайго прынца на белым кані і, нарэшце, збегчы з гэтай абрыдлай хаты. Менавіта таму яна такая далікатная, чулая і спагадная да любога мужчыны, які першы яе абдыме, прылашчыць і абагрэе... Такая дзяўчына калі пакахае, то да канца — на ўсё жыццё. Яна здольная ахвяраваць усім — часам, прэстыжам, прыгажосцю, жаноцкасцю, абы яе каханаму было добра».

Дзяцінства яе было экстрэмальным, хутчэй за ўсё з-за таго, што тата яе быў алкаголікам, а мама была вельмі ўладнай, якая ўвесь час крытыкуе. Дзяўчынка са стараннасцю вучылася ў школе, добрасумленна і педантычна выконвала любое заданне ці працу. Што б дзяўчынка ні зрабіла добрага, колькі б пяцёрак ні прынесла — ім, бацькам, усяго гэтага мала, каб узнагародзіць яе цяплом, ласкай, выразам любові, цёплым дотыкам, каб сказаць: «Мы ганарымся табой, дачушка! Ты ў нас такая выдатная». Яна вельмі жадала пачуць хоць маленькую «крупінку» пахвалы ў свой адрас, але ўсё дарэмна. Мама дасягненняў дачкі не заўважала, будучы занятай барацьбой з мужам-алкаголікам. Мама практыкавала тую атрутную педагогіку, якая не дазваляе хваліць дачку, а то сапсуеш.

Адсутнасць пахвал і частая рэзкая крытыка з боку самых значных і блізкіх людзей — бацькоў — прывялі да таго, што ў дачкі сфарміравалася нізкая самаацэнка.

Дзяўчынка вырасла. Зараз яна ўжо жанчына, якая абярэ сабе мужа, які знешнасцю ці манерамі нагадвае ёй бацьку-алкаголіка. І здаецца, усё па-Божаму, утварылася сям’я. «Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй, і стануць яны адным целам» (Быц 2, 24). Але муж-алкаголік і жонка становяцца адным «хворым целам».

Алкагалізм атручвае ўсю сям’ю. Статыстыка сведчыць: два гады жыцця жонкі з залежным мужам прыводзяць яе да сузалежнасці. Паводле даследаванняў, кожны алкаголік аказвае моцнае негатыўнае ўздзеянне на жыццё, прынамсі, чатырох чалавек. Жыццё на хвалі стрэсу не праходзіць бясследна. Стрэс б’е па слабым месцы арганізму жонкі алкаголіка (сузалежнай): у яе развіваюцца цяжкія захворванні на нервовай глебе (анкалагічныя, хваробы страўнікава-кішачнага тракту і інш.). Дзеці таксама хварэюць, каб прыцягнуць да сябе ўвагу, якой ім не хапае. Сям’я захворвае эмацыйна: усе падаўлены, змагаюцца з выбліскамі непрыязнасці і грахоўнымі думкамі... І гэтае ідэальнае, гарманічнае тварэнне — сям’я, якую Бог стварыў, каб мы вучыліся ў ёй любіць адно аднаго, — руйнуецца...

Як паказваюць сучасныя даследаванні, сям’я алкаголіка ў сярэднім толькі праз сем гадоў пасля з’яўлення відавочных сведчанняў паталагічнай прыхільнасці мужа прызнае, што ў хаце жыве алкаголік. Яшчэ гады члены такой сям’і цягнуць з тым, каб звярнуцца па дапамогу.

Звычайна прынята ўяўляць жонку алкаголіка як ахвяру; бо муж яе п’е, а яна пакутуе. У рэальнасці не ўсё так проста, таму што ўзаемаадносіны гэтых двух людзей будуюцца па прынцыпу «змены некалькіх роляў». Муж-алкаголік і яго сузалежная жонка жывуць нібы ў тэатры, па чарзе мяняючыся ролямі. Гэтых роляў тры: роля ахвяры, роля пераследніка і роля выратавальніка.

Такім чынам, шоў пачалося. П’яны муж вярнуўся з працы дахаты і ўчыніў скандал. Адпаведна ён знаходзіцца ў ролі «пераследніка», а жонка, якая змушана трываць увесь жах п’яных дэбошаў мужа, з’яўляецца «ахвярай». П’яны скандал працягваўся цэлы вечар, але наступіла раніца, і мужу з пахмелля дрэнна, ён просіць у жонкі пахмяліцца. Менавіта ў гэты момант адбываецца так званае «пераключэнне» (змена роляў), і муж з пераследніка ператвараецца ў ахвяру. Зараз галоўная роля ў жонкі, яна крычыць на мужа, усяляк дакарае яго і пераследуе. Ён просіць у яе пахмяліцца, але яна яму не дае. Праз некаторы час яна тэлефануе на працу і хлусіць, што муж яе захварэў, атруціўся, у яго радыкуліт ці па дарозе на дачу зламалася машына, гэта значыць яна яго ратуе. У ролі выратавальніка яна будзе знаходзіцца яшчэ доўга. Жонка дастане з заначкі бутэльку піва, дасць пахмяліцца, бо трэба лячыць мужа-алкаголіка, ратаваць яго. Праз некаторы час муж напіваецца і зноў становіцца пераследнікам, а яна, адпаведна, ахвярай. Рухацца па гэтым трыкутніку, змяняцца ролямі «пераследніка», «ахвяры» і «выратавальніка» можна да бясконцасці.

Каб разбурыць залежнасць мужа і сузалежнасць яго жонкі, каб сапраўды муж змяніўся і перастаў піць, трэба змяніцца самой жонцы. Трэба змяніць стратэгію ўзаемаадносін і дазволіць мужу самому займацца сваімі праблемамі, а не ратаваць яго, не пераследваць. Перш за ўсё, варта адмовіцца ад ролі ахвяры.

«Але я ж перад Богам прысягала, што і ў горы і ў радасці…» — думала яна і ўначы цягне яго, п’янага і несвядомага, з лесвічнага пралёта, паціху, каб суседзі не пачулі.

СТОП! Не трэба больш кантраляваць п’янства алкаголіка і быць заўсёды напагатове, каб прыбегчы яму на дапамогу. Варта проста дазволіць яму пакутаваць самому і несці асабістую адказнасць за наступствы свайго п’янства. Навошта шукаць нагоды і чыннікі, з-за якіх ён увесь час напіваецца? Усю ўвагу жонцы алкаголіка варта пераключыць на сябе. Пачаць гаварыць тое, пра што думае. Алкаголіка-мужа варта ўспрымаць як ужо сталага і самастойнага чалавека. І не трэба больш дазваляць яму атакаваць сябе і дзяцей. Ці варта вінаваціць увесь свет і Бога ў тым, што жыццё не атрымалася, і калі раздавалі шчасце, пра іх забыліся?

Залежным і сузалежным варта паглядзець вакол, проста азірнуцца! Фактычна кожны чалавек носіць у сабе вызначаны эмацыйны боль, траўму, перажывае з-за чагосьці ці пакутуе. Кожны мае свой «імянны» крыж. Таму варта, перш за ўсё, перастаць вінаваціць сябе ў тым, што муж п’яніца. Па-другое, усвядоміць, што ў канфліктах і сямейных скандалах не вінаваты любячы Бог.

Усе рашэнні і ўчынкі, якія прыводзяць да дабра і выздараўлення, належаць і самому алкаголіку, і яго жонцы, і кожнаму з нас. Кожны мае права не грашыць. Чаму ж наша імкненне да волі, наша жаданне незалежнасці, нашу добраахвотную сепарацыю ад Бога мы часта прыпісваем Яму самому?

Ключавую ролю ў выздараўленні залежнага і сузалежнай адыгравае прызнанне ўласнага бяссілля. Чалавек не ідэальны, і кожны з нас мае як добрыя якасці, так і недахопы. Таму не толькі алкаголіку ці яго жонцы, а кожнаму з нас неабходна прызнанне таго, што існуе нейкая Вышэйшая Сіла, якая можа дапамагчы. Гэтая Вышэйшая Сіла — сама Дасканаласць, Моцная і Ідэальная Асоба, Усемагутнасць, Надзея, Каханне… Гэтым крытэрыям адпавядае толькі БОГ.

Варта адкрыцца на дзеянне Бога і прызнаць сваю слабасць, аддаць частку адказнасці Усявышняму, папрасіўшы: «Пане, няхай будзе воля Твая, кіруй мною, я давяраю Табе». Мацнейшым элементам выздараўлення з’яўляецца малітва. Зносіны з Богам, учынкі, матываваныя «для Бога», дапамагаюць вызваліцца ад эгацэнтрызму і ад празмернага «захрасання» на сабе і сваім «болю». Велізарную значнасць падчас выздараўлення маюць сакрамэнты (асабліва пакаяння і Эўхарыстыі).

У сакрамэнце пакаяння Бог дае чалавеку магчымасць пачаць усё з «чыстага ліста». Ніводны псіхолаг, сябар ці знаёмы не дасць чалавеку ачышчэнне ад грахоў. Толькі Усемагутны Бог, Збавіцель, забяспечвае прабачэнне ад усіх памылак мінулага і дае сілу працягваць змагацца за сваё шчасце.

Святая Камунія, умовай прыняцця якой з’яўляецца свабода ад граху, дапамагае кантраляваць духоўную і псіхалагічную гігіену, жыць у адзінстве з Богам. Сур’ёзныя адносіны з Богам развіваюць у чалавеку самакрытычнае мысленне, абараняюць ад эмацыйных пастак залежнасці.

Нельга забываць, што ў сваёй бядзе чалавек не адзін. Не варта хаваць сваё гора ад вачэй іншых. Лепш зрабіць самім першы і самастойны крок у бок дабра і выздараўлення. Сёння ў Беларусі ў кожнай мясцовасці ёсць цэрквы і касцёлы, ёсць магчымасць пагутарыць са святаром. Практычна ў кожным горадзе працуюць прафесійныя псіхолагі-кансультанты і групы самадапамогі (АА — ананімныя алкаголікі; Ал-Анон — групы для сузалежных).

На крывых лініях нашых жыццёвых шляхоў Бог так унікальна ўсё ўладкоўвае, што ўсюды ёсць Яго прысутнасць. Адносіны з Ім напаўняюць новым сэнсам жыццё, нават калі яно поўнае пакут. «Бяры свой крыж і ідзі за Мной», — кажа Езус (пар. Мк 8, 34). А калі чалавек ізноў набярэцца сіл і надыдзе новы дзень, тады раптам адкрыецца, што ён можа дапамагчы іншым перамагчы залежнасць.

Бог змагаецца за сваё дзіця разам з ім самім!

Віталь Булыга

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа