Калі двое людзей становяцца мужам і жонкай, у сваю сям’ю яны абое прыносяць з сабой асабістае мінулае, культуру, манеру зносін. Два розныя стылі жыцця, два жыццёвыя вопыты і два лёсы зліваюцца ў адно цэлае. Але калі муж ці жонка не валодаюць навыкамі зносін і ўменнем разумець адно аднаго, то блізкіх адносін паміж імі не атрымаецца.
Тут варта ўспомніць стары анекдот, калі на прыём да псіхолага прыходзіць мужчына са сваёй жонкай і жаліцца:
— Доктар, вось гэта... Ну, як яе завуць жа?.. Увогуле, вось гэтая скардзіцца, што я ёй дома ўдзяляю мала ўвагі.
Як паказвае рэальнасць і стыль нашага жыцця, жонцы, мужу і іх дзецям аказваецца прасцей і прыемней слухаць тэлевядучага, чым адно аднаго. Можа быць, тэлевізар абараняе чалавека ад цяжкай сітуацыі? Наладжванне сувязі вочы ў вочы — справа трывожная, тут жа ўсплываюць розныя нявырашаныя праблемы, крыўды, прэтэнзіі... І, каб пазбегнуць спрэчак, лепш сесці перад тэлевізарам ці ўзяць газету — так спакайней.
Як паказвае сухая статыстыка сучасных даследаванняў сям’і, паўнацэнныя і шчаслівыя сем’і ў тых пар, якія дзеляцца адно з адным сваімі пачуццямі. Няспынна нарастаючай праблемай у шлюбе сёння становіцца адчужэнне. Многія мужы і жонкі гавораць скрозь адно аднаго, а не адно з адным.
Тут, канешне, многія запярэчаць: «Але ж муж і жонка ўвесь час размаўляюць!» Так, але размаўляць — гэта не азначае наладжваць сувязь. Сямейная пара можа панікнуць пад цяжарам жыццёвых праблем і пагарджаць сваімі зносінамі адно з адным. Часта муж і жонка гавораць толькі аб надзённых жыццёвых праблемах. Канешне, без гэтага не абысціся, але ёсць і іншыя жыццёва важныя тэмы, якія трэба абмяркоўваць, каб зносіны былі паўнацэннымі. Размова з’яўляецца другасным, пасля паведамлення, элементам зносін. Большасць людзей лічаць размову зносінамі — з мэтай сцвярджэння свайго пункту гледжання. Наладжваць сувязь — значыць па-сапраўднаму дзяліцца сабой з іншымі. Зносіны — гэта асноўны спосаб, з дапамогай якога мы больш даведваемся адно пра аднаго. Праблемы ў зносінах часта з’яўляюцца прычынай распаду шлюбу і трагічнага зыходу многіх сямейных адносін.
Якасныя адносіны складаюцца з дзвюх частак: з умення гаварыць і ўмення слухаць. Многія з нас усё яшчэ дрэнныя слухачы. Калі мы не слухаем таго, што нам гавораць іншыя, то мы ніколі іх не зразумеем. Мы павінны вучыцца слухаць. Калі нашы дзеці падыходзяць да нас з пытаннем у той момант, калі мы заняты, усё ж трэба адкласці справы, паглядзець дзіцяці ў вочы, уважліва выслухаць і адказаць. Калі нам штосьці сказалі, а мы недазразумелі, трэба зламаць сваю гордасць і перапытаць. Без умення слухаць нельга па-сапраўднаму наладжваць сувязь. З таго факту, што Бог даў нам два вуха і адзін рот, ірландцы вывелі мудрае заключэнне, што мы павінны слухаць удвая больш, чым гаварыць.
Такім чынам, браты мае любыя, кожны чалавек няхай будзе хуткім на слуханне, але павольным на словы (пар. Як 1, 19).
Трэба акцэнтаваць увагу на некалькіх асаблівасцях, якія перашкаджаюць сямейным зносінам. Першае — гэта тое, што патрэба жанчын у зносінах у сярэднім у паўтара разы перавышае аналагічную патрэбу мужчын. Калі жанчыне яшчэ хочацца вечарам пагаварыць, то многім мужчынам зносін на працягу працоўнага дня дастаткова, і яму хочацца пабыць аднаму. Патрэба ў зносінах цесна звязана з паказчыкамі экстраверсіі-інтраверсіі. Другая прычына ў тым, што мужчыны стамляюцца больш за жанчын, пра гэта гавораць даныя даследаванняў. Арганізм мужчын, як аказалася, менш трывалы: хварэюць яны больш, цяжэй пераносяць хваробы, і працягласць жыцця ў іх меншая, чым у жанчын. Таму жонцы не трэба патрабаваць «пагавары са мной» і крыўдзіцца, калі ён уткнуўся ў газету ці ў тэлевізар. Адпачыўшы, ён будзе больш схільны да зносін. У сваю чаргу, мужчыне трэба ўлічыць павышаную неабходнасць жанчыны ў зносінах і па магчымасці старацца больш гутарыць і наладжваць з жонкаю сувязь.
Якасна наладжваць у сям’і сувязь — гэта: саступаць адно аднаму і лічыцца з інтарэсамі іншага; лічыцца з настроем і інтарэсамі мужа або жонкі, кіраваць сваімі паводзінамі, цаніць адно аднаго і часцей хваліць, увесь час праяўляць увагу да таго, як можна больш наладжваць сувязь.
Гармонія сямейных адносін будуецца на перакананасці мужа і жонкі ў тым, што, уступаючы ў шлюб, кожны з іх зрабіў правільны выбар і глядзеў на свой шлюб як на прадвызначэнне з неба. Менавіта таму гаворыцца, што вянчанне — гэта шлюб, заключаны на нябёсах! Важна не толькі разумець усё гэта, але і выражаць не на словах, а на справе.
Віталь Булыга