Пошук

20.07.2011 01:00  

Адной з самых супярэчлівых прафесій, якія можна сабе ўявіць, з’яўляецца прафесія крытыка. Шырокай папулярнасцю карыстаюцца музычныя, літаратурныя, кінастужкавыя крытыкі. Ужо ад гучання гэтага слова становіцца неяк не вельмі прыемна, а тым, хто з гэтым сустракаўся, нават млосна.

Да меркавання крытыкаў і далейшага вырашэння праблем усе павінны прыслухоўвацца і безагаворачна прымаць прапанаваны імі пункт гледжання. Крытыкі прапускаюць працу арыгінальных творцаў праз сваю ўнутраную прызму, як праз сіта, выбіраючы самае лепшае. Невядомай дагэтуль неардынарнасці яны надаюць агульнапрынятыя рамкі і дапасоўваюць для зразумення большасці. Тут можна добра ўбачыць свае плюсы і мінусы. Дабром з’яўляецца тое, што крытыкі аберагаюць нашу свядомасць і культуру ад рознага бруду. Негатыўнае ж тое, што праз крытычны суб’ектывізм не можа прабіцца новая крэатыўная ідэя. Кожны з крытыкаў з’яўляецца прафесіянальным майстрам сваёй справы, і ўсё, што ён «крытукуе», робіць толькі дзеля карысці зацікаўленых у дадзеным тавары!

Мы разабраліся, хто такія прафесіянальныя крытыкі. Аднак варта заўважыць, што існуе і мноства так званых «бытавых» крытыкаў. Для іх сваё меркаванне не толькі важнае, але і адзінае. Што, дзе, калі — яны ведаюць лепш за ўсіх і гатовы амаль задарма, налева і направа даваць свае парады. Ім зусім не перашкаджае той факт, што іх меркавання ніхто не пытаў, а гэтыя дамарошчаныя прафесіяналы адчуваюць унутраны абавязак крытыкаваць і даваць парады. Бо хто акрамя іх мае такі вялікі жыццёвы вопыт? Такая тактыка пачынае дамінаваць, пакуль не перародзіцца ў штосьці іншае. І тут пачынаецца найгоршае. Кожная крытыка павінна будаваць, даваць сілы да творчага развіцця, выяўляць лепшае і ўдасканальваць. А тут выходзіць зусім наадварот: замест мабілізацыі і росту, абрубаюцца жыццядайныя карані творчасці і раўняюцца з зямлёй ўсе высокія імкненні. Гэтыя «бытавыя» дарадчыкі зусім перастаюць прыслухоўвацца да ідэй і патрэб іншых людзей. І не важна, з якім пытаннем ці жыццёвымі абставінамі сутыкаецца чалавек, яны ўжо загадзя маюць гатовы адказ на ўсе праблемы і гатовы варожа крытыкаваць любую дзейнасць, якая паходзіць без кіраўніцтва. Гэта працэс: крытыка пераўтвараецца ў крытыканства. Людзі, меркаванне якіх з’яўляецца сапраўдным крытыканствам, лічаць сябе геніямі. Калі ж дакрануцца да сутнасці справы, становіцца зразумела, што гэтыя вялікія знаўцы думак чавечых абяжоўваюцца толькі словамі — крытыканствам. Яны аказваюцца няздольнымі да наватарскіх ідэй і нетрадыцыйных падыходаў, да рашэння праблем няйначай, як толькі праз выпрацаваныя імі шаблоны і рамкі. Усё новае іх не проста нервуе, яны гатовы разнесці гэта ўшчэнт сваёй, як яны кажуць, «тонкай крытыкай».

Кожны з нас па-свойму творчы і непаўторны, бо мы ў сваёй душы носім адбітак найбольшага Мастака ў свеце. Абавязкам кожнага з’яўляецца развіццё сваіх талентаў і дапапога ў гэтым іншым. Крытыканства ў такім выпадку — гэта тушаванне творчага, больш таго, Божага пачатку ў чалавеку.

Раман Хацян

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця