Найсвяцейшая Панна Марыя ведала, чаго Яна жадае. «Вось Я, слуга Панская», — так Яна назвала сябе. А як ты назавеш сябе? Кім ты даводзішся Пану Богу? Марыя не разумела ўсяго таго, што адкрываў Ёй Бог, але Яна захоўвала Яго словы ў сваім сэрцы, а самае галоўнае — была Яму верная. Яна атрымала перамогу ў цяжкай бітве, таму што Бог быў з Ёй, а Яна — з Богам. Яна збаўлена. І таму Яна — жанчына, апранутая ў сонца; пад нагамі ў Яе — месяц, і на галаве Яе — вянок з дванаццаці зорак.
Калі я размаўляю з людзьмі пра выбар, у мяне складваецца ўражанне, што многія лічаць, што свет падзелены на тры часткі. Першай часткай кіруе Пан Бог, другая знаходзіцца пад уладаю зла, ну а трэцяй, так бы мовіць, нейтральнай зонай кіруем мы. На самой справе гэта чарговая ілюзія, у якую верыць чалавек, каб хаця б неяк апраўдаць сваю малую веру і маладушнасць. Дарагія чытачы, няма такой часткі свету, якою кіруем мы. Няма такой нейтральнай зоны, у якой мы можам ствараць свае ўласныя законы і бяспечна жыць, назіраючы за тым, як зло змагаецца з дабром. Мяжа паміж дабром і злом праходзіць у сэрцы чалавека. Чалавек з’яўляецца полем бітвы — кіруе ў яго жыцці Пан Бог, або ён знаходзіцца пад уздзеяннем злога духа. Гэта факт, і іншага не дадзена. Выбар — гэта смяротная зброя, якую Пан Бог даў чалавеку. Гэтай зброяй ён можа паразіць старажытнага змея ў галаву і атрымаць самую вялікую перамогу ў сваім жыцці — выйграць армагедон, уратаваць сваю душу. Або можа выкарыстасць выбар не на дабро… Плён нашага выбару, як благаслаўленне або праклён, ідзе за намі ўсё жыццё. У канчатковым выніку, выбар — гэта не толькі аддаванне перавагі дабру, а не злу. Выбар — гэта збаўленне, вечнае шчасце. Або праклён, вечная мука. Увесь драматызм нашага жыцця заключаецца ў тым, што мы сваім выбарам здольныя разбураць сябе. І ў той жа час веліч наша заключаецца ў тым, што адным ціхім «так», сказаным Богу, мы можам вярнуць Яго любоў, Яго апеку, і Пан можа адрадзіць нас, як фенікса з попелу. «Так» ці «не» — на самой справе вось у чым пытанне жыцця і смерці.
На прыкладзе двух вялікіх жанчын, Евы і Марыі, я хачу раскрыць сэнс і сілу чалавечага выбару. Дзве жанчыны, створаныя і ўзлюбленыя Богам… Адна стала для нас сімвалам падзення, а другая — сімвалам збаўлення. Ева — маці ўсіх жывых, наша прамаці, першая сярод роўных… Усе мы звязаны з ёю шчыльнымі сувязямі роднасці. Яна жыве ў кожным з нас. Пры сузіранні я часта адчуваю захапленне, якое ахапіла Адама, калі ён упершыню ўбачыў Еву. У ёй ён распазнаў сваю плоць і косць, у ёй ён прызнаў сваю палавіну, якая дапамагае яму адчуваць сябе ў паўнаце чалавекам. Бог стварыў нас для любові, і ў гэтым — самае першае і самае асноўнае прадвызначэнне чалавека. Любіць Бога і бліжняга, як самога сябе. Бог стварыў нас для любові і паклікаў да паслухмянасці. Ад гэтага часу паслухмянасць цесна пераплятаецца з паняццем выбару. «Так» ці «не» — што мы скажам Богу? Трэцяга не дадзена… Ева сваім учынкам сказала Богу «не», яна выбрала жыццё па-за раем, жыццё без правіл, жыццё, якое заканчваецца смерцю. Ева выбрала вельмі цяжкае жыццё… Не нам судзіць… Аднак верыць ці не верыць Богу — выбіраць нам… Застацца голымі ідаламі па-за раем, якія будуць паддаваць сумніву кожнае слова Стварыцеля, або, як Найсвяцейшая Панна Марыя, пакорна, у радасці прыняць добрую вестку аб збаўленні.
…Вам не здалося, якія «дзіўныя» словы я ўжываю для перадачы сваіх думак. Некаторыя сказалі б мне, што гэтыя паняцці даўно аджыўшыя і архаічныя. Вы толькі ўслухайцеся: «пакорнасць», «ціхасць», «адданасць», «вернасць», «паслухмянасць», «сціпласць», «чыстасць», «нявіннасць», «бескарыслівасць», «высакароднасць»... Цікава было б прааналізаваць, колькі разоў гэтыя тэрміны з’яўляюцца на тэлебачанні і ў іншых сродках масавай інфармацыі? Што нам устарэлае правіла «Не забівай»? Мы можам зрабіць перадачу на тэлебачанні «Эўтаназія, добрая смерць ці ўзаконенае забойства», галоўнае — плюралізм меркаванняў… Ад нашага словаблудства мы вар’яцеем. Банальна, але на практыцы не можам адрозніць «правай рукі ад левай». Куды мы так імкліва правальваемся? «Складанае жыццё», — адкажаце вы мне.
А якім было жыццё Найсвяцейшай Панны Марыі? «Таксама складаным», — адкажу я. І гэта праўда. Але якасць Яе жыцця адрозніваецца ад якасці жыцця многіх нашых сучаснікаў. Пра якое паняцце «якасці» я пішу? Схадзіце, калі ласка, на рынак і паглядзіце на праславутую «якасць»; у сучасных людзей страчана пачуццё «якасці». Мы ведаем: якаснае звычайна дорага каштуе, і нам не па кішэні. А якаснае, сапраўднае жыццё нам хіба таксама не па кішэні? Каб быць верным Богу, трэба шмат грошай? Каб маліцца, неабходна мець вышэйшую адукацыю? Напэўна, для таго, каб прымаць святую Камунію — Найсвяцейшае Цела і Кроў Езуса Хрыста, — трэба быць багатым чалавекам і мець моцныя «плечы» за спіной? Для таго Езус Хрыстус і ўкрыўся ў хлебе, каб кожны чалавек змог без сумніву і збянтэжанасці працягнуць да Яго свае рукі.
Прапануючы выбраць, Езус пытаецца: «Калі хочаш?». Гэтае пытанне для мяне з’яўляецца ключавым у жыцці. У ім так шмат любові, далікатнасці і свабоды! А самае галоўнае — даверу і магчымасці, у якія мы, у лепшым выпадку, з цяжкасцю верым. Так, калі ты хочаш, тады зможаш. У цябе атрымаецца, таму што… Можа, у цябе такі ж адказ, як у аднаго дзесяцігадовага хлопчыка. Ён не чуў маіх словаў, якія я скіроўвала да яго ўжо ў сёмы раз. Нарэшце, спытала ў яго: «Чаму ты так робіш?». Пасля непрацяглай паўзы ён шчыра адказаў: «Не ведаю». Такі адказ многіх падлеткаў на пытанне: «Чаму ты не размаўляеш з тваім Нябесным Айцом кожны дзень і не прыходзіш да Яго? Чаму ты не будуеш свайго жыцця з Богам? Чаму ты Яго не чуеш?». Як не дзіўна, такі ж адказ і многіх «пабожных» католікаў, якія прыходзяць да Бога, прыступаюць да Камуніі, а за сценамі касцёла прапануюць сваёй унучцы зрабіць аборт. Мы ўсе маем права на памылкі, бо мы ўсяго толькі людзі. Але я думаю, што мы не маем права прабываць у памылцы, называючы нормай анамалію. Мы не можам не імкнуцца знайсці адказ на пытанне: «Чаго ж я хачу?». Бо ад таго, які выбар ты здзейсніш сёння, залежыць, якім будзе тваё заўтра.
С. Нунэ Цітаян MSF