Пошук

07.06.2012 09:25   с. Нунэ Цітаян / Catholic.by

Самае каштоўнае для мяне ў хрысціянскай веры — гэта сакрамэнт Эўхарыстыі. Я часта задумваюся над тым, ці рашылася б я пайсці за Езусам Хрыстом, калі б Ён не памёр за мяне, ці хапіла б у мяне мужнасці прысвяціць сябе Богу і быць Яму вернай, калі б Хрыстус не карміў мяне штодзённа сваім Целам? Эўхарыстыя, Найсвяцейшае Цела і Кроў Езуса Хрыста — гэта фундамент, залог маёй веры, гэта — крыніца маёй надзеі.

Святы Тамаш уклаў свае пальцы ў раны, а руку — у бок Уваскрослага Пана, а сакрамэнт Эўхарыстыі для мяне нашмат больш, чым акунанне ў раны Уваскрослага Хрыста. Прымаючы Цела і Кроў Пана, мы становімся нашмат бліжэй да Езуса, мы ў Ім, а Ён — у нас. Хто не марыць аб такім адзінстве? Хто не імкнецца да такога шчасця? Гэтыя словы зразумелыя для людзей, якія любілі ўсім сэрцам, усім розумам, усёй душою… Зразумелыя, калі так адчайна любіш, што імкнешся растварыцца ў любімым, злучыцца з ім і стаць адным цэлым. Адно цела, адзін дух, адно жыццё на дваіх… Гэта — сапраўдная любоў, кажам мы, глыбока ўздыхаючы. Хто з нас не марыць аб такой любові, аб такім боскім адзінстве? Кожны чалавек, адкажаце вы мне, і гэта фундаментальная праўда. Сэрца чалавека створана для Эўхарыстыі.

Нашаму сучасніку, перанасычанаму матэрыяльнымі і пачуццёвымі дабротамі, вельмі цяжка зразумець і прыняць праўду аб сакрамэнце Эўхарыстыі. Мы радзей адчуваем пачуццё голаду, і гэта робіць нас бестурботнымі; мы губляем пільнасць і асцярожнасць; перанасычанасць прытупляе нашу чуйнасць да боскага. На самой справе вобраз, які выкарыстоўвае Езус Хрыстус, каб перадаць нам сваю любоў і жаданне адзінства з намі, вельмі блізкі нам, людзям. Расказваючы дзецям пра сакрамэнт Эўхарыстыі, звычайна прыношу ім фатаграфію дзіцяці ва ўлонні мамы. Першае пытанне, якое я задаю дзецям, гэта: чым мы харчаваліся ва ўлонні нашай мамы? Дзеці задумваюцца (мне вельмі падабаецца выраз іх вачэй, твару, калі яны спрабуюць самі дакрануцца і адкрыць для сябе штосьці новае і вельмі важнае). Праз некаторы час з радасцю вялікіх даследчыкаў, якія дасягнулі мэты, яны наперабой тлумачаць мне сэнс сакрамэнту Эўхарыстыі. Праз сакрамэнт хросту мы становімся дзецьмі Божымі, у нас з’яўляецца Божае жыццё. Касцёл — наша мама, Езус корміць нас сваім Целам і Крывёю, і калі мы паміраем, гэта ўсё роўна, што нараджаемся для новага, вечнага жыцця. Па аналогіі нашага жыцця ва ўлонні маці дзеці зразумелі, што нам крайне неабходна сілкавацца Целам і Крывёю Езуса Хрыста, каб жыць, каб мець у сабе жыццё. Эўхарыстыя — гэта пытанне жыцця і смерці…

«„Я — хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта Цела Маё дзеля жыцця свету“. Юдэі спрачаліся паміж сабою, кажучы: „Як Ён можа даць нам есці сваё цела?“ Езус жа сказаў ім: „Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. Бо Цела Маё — праўдзівы спажытак, а Кроў Мая — праўдзівы напой. Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім. Як паслаў Мяне Айцец, які жыве, а Я жыву прaз Айца, так і той, хто спажывае Мяне, будзе жыць праз Мяне. Гэта той хлеб, які сышоў з неба, а не той, які елі айцы вашыя і памерлі. Хто спажывае гэты хлеб, будзе жыць навекі“» (Ян 6, 51–58).

Якое жыццё чалавека без святой Камуніі? Як і кім адчувае сябе чалавек без Цела і Крыві Езуса Хрыста? Як і кім адчувае сябе дзіця ва ўлонні сваёй мамы, калі не можа сілкавацца крывёю маці? Адкажыце, калі ласка, самі на гэтае пытанне. Зразумейце праўду і прыміце яе, а прыняўшы, жывіце ёю.

«Езус жа сказаў ім: „Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця“» (Ян 6, 53).

У гэтым кароткім сказе ўтрымліваецца адказ на пытанні мільёнаў людзей, якія духоўна адчуваюць сябе, як выказалася адна мая знаёмая, «выкідышамі». Гэтае слова гучыць страшна, мне нават складана пісаць аб гэтым, прасцей напісаць труп, мярцвяк, але, дарагія чытачы, я хачу перадаць вам увесь драматызм, усю трагічнасць сітуацыі, у якой знаходзяцца многія людзі. Не маеш у сабе жыцця… Адчуваеш сябе самотным, нікому не патрэбным, нявартым, які не ўяўляе ніякай каштоўнасці і марнуе сваё жыццё… Чаму? Нерэалізаваны, без будучыні, духоўная сірата, беспрытульнік…

Езус Хрыстус адказаў на нашы пытанні, а мы ўсё яшчэ шукаем больш «складаны» адказ, чым той, які прыходзіць сам. Ад нас неабходны толькі давер, паверыць у словы Езуса, Ён ведае, што кажа…

«Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень» (Ян 6, 54).

Колькі радасці і надзеі ў гэтых словах. Акуніцеся ў іх, яны прасякнуты жыццём, дазвольце ім пераканаць сябе, дайце ім пранікнуць у бункер нашай свядомасці, і здзейсняць мірную рэвалюцыю, няхай рассеецца нявер’е, як дым, і растане, як воск, сумненне.

«Як паслаў Мяне Айцец, які жыве, а Я жыву прaз Айца, так і той, хто спажывае Мяне, будзе жыць праз Мяне» (Ян 6, 57).

Езус жыве Айцом, а мы жыць будзем Уваскрослым Хрыстом. Мы дзеці ўваскрасення, Дух Уваскрослага Пана ажыўляе нас. Чаго ж больш?

На сузіранні я часта ўяўляла Езуса Хрыста, які адкрываецца нам і прапануе сваё Цела і Кроў, для мяне гэта вельмі кранальны момант. Бог прапануе не нейкія даброты, а самога сябе, сваё Цела і Кроў, задумайцеся, калі ласка, над гэтым. Ён прапануе сябе. Нам прасцей прасіць аб нейкім цудзе ці аб нейкай дробязі, а Бог прапануе сябе самога. І нас гэта палохае. Наша вера — гэта не філасофія, якую трэба прыняць, або тэорыя, якой трэба быць верным, а асабістыя адносіны з Езусам Хрыстом. І гэтыя ўзаемаадносіны перамяняюць нас. А мы з вамі хочам перамен, мы гатовыя да новага?

Калі Езус адкрыўся сваім вучням у Кафарнауме, «як хлеб, які сышоў з неба», многія з вучняў Яго казалі: якія дзіўныя словы! хто можа гэта слухаць? І з гэтага часу многія з вучняў Ягоных адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім. Гэты ўрывак перапоўнены трагедыяй, таму што гэта — пачатак канца. Вучні Езуса адракліся Яго, і тады Езус звярнуўся да дванаццаці: «„Ці і вы таксама хочаце адысці?“ Адказаў Яму Сымон Пётр: „Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага. А мы паверылі і пазналі, што Ты ёсць Святы Бога“» (Ян 6, 67–69).

Сёння нам з вамі трэба зрабіць выбар: або знайсці апраўданне нашай маладушнасці, паўтараючы за вучнямі, што ўсё гэта цяжка, дзіўна і незразумела, мы яшчэ не гатовыя, або ўвайсці ў вялікую таямніцу і за святым Пятром вызнаць сваю веру, прыняць рашэнне быць з Езусам і дазволіць Яму перамяняць нас.

С. Нунэ Цітаян MSF

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця