Пошук

18.03.2012 09:47   с. Нунэ Цітаян / Catholic.by

«…Тут, на зямлі, Юзафам быў створаны дом, які быў патрэбны Сыну Божаму (…). Вось чаму Касцёл ушаноўвае св. Юзафа. У ім ён бачыць прыклад, якому павінны следаваць усе мужчыны і бацькі, бо іх галоўная задача — узводзіць дом, будаваць сямейны ачаг. Менавіта сюды — у сям’ю — увойдзе новы чалавек, дзіця, якое з’явілася на свет, жаданае і чакаемае мужам і жонкай.

Дом неабходны бацькам, але не менш маюць патрэбу ў ім дзеці. Знешне ён уяўляе сабой вобраз той супольнасці, якую стварае сям’я». (Ян Павел ІІ. Гамілія ва ўрачыстасць св. Юзафа, Кракаў, 19 сакавіка 1978 г.)

«Паслухай, сын. Я прамаўляю гэтыя словы ў той час, калі ты спіш, твая маленькая рука падкладзена пад шчочку, а кучаравыя бялявыя валасы зліпліся на вільготным ілбе. Я адзін пракраўся ў твой пакой. Некалькі хвілін таму, калі я сядзеў у бібліятэцы і чытаў газету, на мяне нахлынула хваля раскаяння. Я прыйшоў да твайго ложка з усведамленнем сваёй віны. Нішто іншае не мае сёння значэння, сын. Я прыйшоў да твайго ложка ў цемры, прысаромлены, стаў перад табой на калені! Гэта слабае выкупленне. Што са мною зрабіла прывычка? Прывычка прыдзірацца, распякаць — такая была мая ўзнагарода табе за тое, што ты маленькі хлопчык. Бо нельга сказаць, што я не любіў цябе. Баюся, што я бачыў у табе ў думках дарослага мужчыну. Ля твайго ложка я разумею, што ты яшчэ — дзіця. Я патрабаваў занадта шмат ад юнацтва і мераў цябе меркай уласных гадоў. Але заўтра я буду сапраўдным бацькам! Я буду сябраваць з табой! Пакутаваць, калі ты пакутуеш, і смяяцца, калі ты смяешся. Я прыкушу свой язык, калі з яго будзе гатова сарвацца раздражнёнае слова. Я пастаянна буду паўтараць, як заклён: „Ён жа толькі хлопчык, маленькі хлопчык!“ Я патрабаваў занадта многага, занадта многага…»

Гэты ўрывак з ліста «Раскаянне бацькі» невядомага аўтара, які тут прыводжу, прывёў мяне ў глыбокі роздум. На самой справе, адкуль у чалавеку з’явілася ідэя бацькоўства? Бо мы ж маглі б спыніцца на чыста біялагічнай функцыі, але мы пастаянна шукаем чагосьці большага, чым фізічнае нараджэнне. Само паняцце «бацька» асацыіруецца ў нас не толькі з чалавецкім, але і з боскім. Менавіта боскае агортвае бацькоўства таямніцай. Дзе і як навучыцца бацькоўству?

У дзяцінстве, калі верыш у тое, што становішся салодкай ад з’едзенай шакаладкі, я любіла сядзець на правым калене майго таты. Гледзячы яму глыбока ў вочы, я з задавальненнем слухала першы вершык, прысвечаны маёй асобе. Ён быў немудрагелісты на армянскай мове. Словы майго бацькі ў мяне ніколі не выклікалі сумнення, і тое, што ён казаў, з’яўлялася для мяне не толькі чыстай праўдай, але гэтыя словы ўвасабляліся ўва мне, яны ляпілі мяне і ажыццяўляліся ўва мне. У гэтым вершыку тата пералічваў вартасці сваёй любімай дачкі. Напачатку я загінала пальчыкі, каб не збіцца з ліку, але з часам запомніла гэтыя чатыры кампліменты на ўсё сваё жыццё. Менавіта яны сталі для мяне тым фундаментам, на якім я будавала сваю чалавечнасць. Перакласці вершык няцяжка. Па-мойму, кампліменты, якія ўтрымліваюцца ў ім, характэрныя больш для армянскага менталітэту. «Мая Нунэ — самая салодкая, смачная, самая разумная і самая прыгожая дачушка ў свеце».

Слова «бацька» асацыіруецца ў мяне з родным і вельмі блізкім чалавекам, якому я многім абавязана. Ён даў мне сваю любоў, сяброўскія адносіны, пяшчоту, клопат і абарону. Ён адказваў на разнастайныя пытанні, якія з’яўляліся ў маім жыцці, словамі і ўласным прыкладам. Самае важная для мяне тое, што мой бацька ніколі не аддаляўся ад мяне, ён заўсёды быў і ёсць у маім жыцці. Калі мой выбар не адпавядаў яго жаданню, ён усё роўна не расчароўваўся ўва мне. Для мяне «ён сапраўдны Бацька».

Вельмі часта сустракаюся з разнастайнымі меркаваннямі пра тое, якім «павінен» быць сапраўдны бацька. Што ён «павінен» рабіць, а чаго ён «павінен» пазбягаць. Пры гэтым выкарыстоўваюцца разнастайныя формы ціску і маніпулявання, каб ён «адпавядаў» мадэлі, узору. Такі спосаб мыслення не толькі стварае нерэальныя стэрэатыпы, але і разбурае паняцце сапраўднага бацькоўства.

Пан Бог у гісторыі ўцелаўлення свайго Сына разбурае розныя міфы і стэрэатыпы аб бацькоўстве, мацярынстве і сапраўднай сям’і.

Марыя, якая рыхтуецца выйсці замуж, аказваецца цяжарнай і паведамляе зусім неверагодную навіну Юзафу: «Я маю дзіця нашага Пана». Сітуацыя скандальная. Што павінен думаць Юзаф; што ён павінен адчуваць? Боль, збянтэжанасць, крыўду? Безумоўна, ён павінен быў адчуваць, што яму здрадзілі. Праведны Юзаф не захацеў раскрыць таямніцу Марыі, бо яе пабілі б камянямі. Высакародна з яго боку, ён проста вырашыў патаемна адпусціць яе.

Але Пан патрабуе ў Юзафа яшчэ большай справядлівасці — Ён хоча, каб ён узяў Марыю да сябе і стаў зямным бацькам Езуса Хрыста.

І міф: «Аб главе сям’і»


Звернем увагу на тое, што Святая Сям’я — гэта Езус Хрыстус, Марыя, якая беззаганна зачала ад Духа Святога, і Юзаф — грэшны чалавек. Езуса Хрыста і Маці Божую Пан Бог даручае, аддае ў апеку самаму недасканаламу з трох. Калі чытаем Святое Пісанне, мы бачым, што ўсе рашэнні, звязаныя са Святой Сям’ёй, Пан Бог даручае менавіта Юзафу. «Не бойся прыняць Марыю…», «устань і бяжы ў Егіпет…», «вяртайся…», «ідзі ў Галілею…» Чаму Пан Бог не кажа гэтага свайму Сыну або Маці Божай? Бог, абіраючы главой Святой Сям’і Юзафа, паказвае нам бессэнсоўнасць нашага мыслення, што той, хто з’яўляецца главой у сям’і, павінен быць лепшы за ўсіх. У выпадку са Святой Сям’ёй — зусім наадварот: за самыя важныя рашэнні ў гэтай сям’і адказвае менш дасканалы з усіх членаў сям’і. Нашы бясконца высокія чаканні — да чаго яны нас прыводзяць? І што яны робяць з нашымі бліжнімі?

ІІ міф: «Аб сталасці»

«Я не адчуваю сябе настолькі сталым, каб быць бацькам». Ніколі мужчына не будзе адчуваць сябе настолькі сталым, каб быць бацькам. Бацькамі становяцца, выхоўваючы сваіх дзяцей. Гэта дзіця ўчыняе з мужчыны бацьку. Гэта дзіця вучыць мужчыну сталасці.

ІІІ міф: «Біялагічнае бацькоўства»

Углядаючыся ў асобу св. Юзафа, разумееш, што самы важны працэс у бацькоўстве — гэта перарастанне з Бацькі фізічнага ў Бацьку духоўнага. Бацькоўства рэалізуецца на духоўным узроўні. Можа, гэта занадта смелае сцвярджэнне: бацькоўства — або духоўнае, або яго зусім няма.

IV міф: «Дзіця — мая ўласнасць»

Для некага прасцей памерці, чым прызнаць свабоду яго выбару. Пакліканне бацькі — любіць, але не валодаць дзіцём. Цудоўна паказвае нам гэта дванаццацігадовы Езус у храме. Бацькі шукаюць яго, непакояцца, а Ён ім адказвае, што існуе іншы парадак, перад якім Ён павінен быць паслухмяным. І бацькі павінны перад гэтым парадкам схіліць свае галовы і быць яму паслухмянымі.

А тым сынам і дочкам, якія не знаходзяць радасці ў слове «бацька», я кажу: «Усё, чаго не далі вам зямныя пасрэднікі, і нават больш за гэта вы можаце атрымаць ад самой Крыніцы — дасканалага Айца, які падарыў жыццё ўсім нам».

С. Нунэ Цітаян MSF
Абноўлена 30.11.2017 14:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця