Пошук

04.03.2012 10:20   с. Нунэ Цітаян / Catholic.by

«Бо Ён — мір наш, які ўчыніў адно і другое адзіным і мур варожасці, што падзяляў, зруйнаваў у Целе сваім. А закон запаведзяў знішчыў навучаннем, каб з двух стварыць у сабе новага чалавека, усталёўваючы мір, і ў адным целе зноў прымірыць адных і другіх з Богам праз крыж, забіўшы на ім варожасць. І, прыйшоўшы, Ён абвясціў мір вам, якія далёка, і мір тым, якія блізка. Бо праз Яго мы, адны і другія, маем доступ у адным Духу да Айца. Вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграмадзяне святых і дамачадцы Бога» (Эф 2, 14–19).

З адхонаў Аліўнай гары адкрываўся цудоўны выгляд на Ерузалем: увесь горад ляжаў перад вачыма, як на далоні. Езус спыніўся ля павароту дарогі і аплакваў удзел, які чакаў Ерузалем у будучыні, і сказаў: «Калі б і ты ў гэты дзень пазнаў, што служыць для спакою твайго! Аднак цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх. Бо прыйдуць да цябе такія дні, калі ворагі твае абкапаюць цябе валам, і акружаць цябе, і сціснуць з кожнага боку, зраўняюць з зямлёю цябе і дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць каменя на камені за тое, што ты не пазнаў часу адведзінаў сваіх» (Лк 19, 42–44). Езус ведаў, які ўдзел напаткае Ерузалем. У 70 годзе горад быў настолькі разбураны і спустошаны, што праз цэнтр яго была прабаронена плугам баразна. Трагедыя юдэяў заключалася ў тым, што яны не змаглі гэтага пазбегнуць. Слёзы Езуса — слёзы Бога, пралітыя Ім пры выглядзе бессэнсоўных пакутаў і болю, якія самі людзі наклікаюць на сябе сваім неразумным бунтам супраць Яго волі.

Калі я гляджу на сучасны свет, ува многім пазбаўлены сэнсу і супакою, пачуцці болю і суму ахопліваюць мяне. Няўжо гэта наш выбар? Вар’яцтва абортаў, акцэптацыя разбэшчанасці і распусты, рабства, эўтаназія, педафілія, аднаполыя шлюбы, якія мы юрыдычна абаранілі «гуманным» азначэннем «неканстытуцыйнае ўварванне ў асабістае жыццё». Няўжо гэта годныя плёны нашай цывілізацыі? Мы неразважна адвяргаем тое, што служыць свету, і ў гэтым наша трагедыя, а маглі б пазбегнуць бессэнсоўных пакутаў. Мы не ведаем, што служыць нашаму спакою, і ўсё таму, што мы мітусімся і не пазнаём часу нашых адведзінаў. Мы шукаем сябе і не можам знайсці.

На катэхезе аб стварэнні чалавека мы з дзецьмі разважалі пра тое, што ўсё, што створана Богам або чалавекам, мае вызначаную мэту і ўтрымлівае канкрэтны сэнс. Я спытала дзяцей: «Для чаго створаны тэлефон?» Дзеці адказалі: «Для зносінаў, для таго, каб тэлефанаваць». Я пажартавала: «Можа быць, тэлефон створаны для таго, каб забіваць цвікі, або для таго, каб размешваць суп?» Дзеці пачалі мне тлумачыць тое, што я няправільна выкарыстоўваю тэлефон, і калі далей буду забіваць цвікі тэлефонам, то ён у мяне зламаецца; а калі надумаю ім мяшаць суп, то і зусім магу развітацца з ім. Тэлефон створаны для таго, каб званіць; малаток — для таго, каб забіваць цвікі. А для чаго Бог стварыў чалавека? Дзеці знайшлі адказ: для таго, каб любіць. Чалавек створаны для таго, каб любіць Бога, сябе і бліжніх. Чалавек настолькі з’яўляецца чалавекам, наколькі ён любіць. Любоў робіць нас людзьмі.

«А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці. І няхай валадарыць у сэрцах вашых спакой Хрыстовы, да якога вы пакліканыя ў адным целе. І будзьце ўдзячнымі» (Клс 3, 14–15).

Хто можа навучыць нас любіць сябе? У каго мы можам навучыцца безумоўна любіць нашых бліжніх? Што для нас значыць любіць Бога?

Нават не магу ўявіць сабе, як можна палюбіць сябе без Бога, як можна зразумець і прыняць сябе без нашага Стварыцеля. Хто можа нам унушыць здаровую любоў да сябе, як не Бог? Хто можа суняць пясчаныя буры сумненняў, якія пастаянна мучаць нашы сэрцы? Ці любімыя мы? Хто нас любіць? Непакой, страх, недавер напаўняюць сэрца чалавека, які адчувае сябе нелюбімым. Гэтыя раны нелюбові мы носім у сваім сэрцы, як праклён, які ў далейшым вызначае наш лёс. Паняцці спакою і любові цесна ўзаемазвязаны паміж сабой. Няма спакою без любові. Супакой, росквіт, гармонія з’яўляюцца плёнамі любові. Наш Бог адкрыўся нам як Любоў, і першае пасланне, якое абвясцілі пастухам анёлы пры нараджэнні Езуса, было: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі!» (Лк 2, 14). Езус прыйшоў падарыць нам спакой. А які ён — спакой Хрыстовы? Езус казаў вучням: «Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю» (Ян 14, 27). У першую чаргу, спакой Хрыстовы — гэта Валадарства Божае, якое падрыхтаваў нам наш Нябесны Айцец ад стварэння свету. Па-другое, спакой Хрыстовы — гэта дар Святога Духа, які жыве ў нас, як у сваёй святыні. Па-трэцяе, спакой Хрыстовы — гэта стабільнасць і бяспека для тых, хто імкнецца знайсці збаўленне, хто прымірыўся з Богам. Гэты спакой можа быць набыты толькі вераю ва ўкрыжаванага і ўваскрослага Пана нашага Езуса Хрыста. «І спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Езусе. Нарэшце, браты, што ёсць праўдзівае, што годнае, што справядлівае, што беззаганнае, што ласкавае, што хвалебнае, калі гэта нейкая цнота або нешта годнае пахвалы — пра гэта думайце. Чаму навучыліся, і што прынялі, і пачулі, і ўбачылі ўва мне, тое чыніце, і Бог спакою будзе з вамі» (Флп 4, 7–9).

С. Нунэ Цітаян MSF

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа