Пошук

26.02.2012 09:48   с. Нунэ Цітаян / Catholic.by

«Бог ёсць любоў; Бог стварыў нас па свайму вобразу. Адпаведна, любоў — гэта самая вышэйшая праява вернасці самому сабе. Без любові чалавек няздольны рэалізаваць сябе. Мастак не можа ствараць, калі ён не любіць сваё стварэнне…

Любоў — гэта наш абавязак у адносінах да Бога, які мы павінны Яму вярнуць праз любоў да іншых.

Патокі любові сыходзяць ад Бога, і, як вада ў ручаі бяжыць, не спыняючыся, так немагчыма захаваць у сабе любоў, ігнаруючы іншых; такая прырода любові: яе нельга ўтрымаць — яна цячэ, не перастаючы…» (Гарэгін І, Патрыярх і Каталікос усіх армян, кіраўнік Армянскай Апостальскай Царквы ў 1995–1999 гг.)

На вуліцы я ўбачыў голае дзіця. Яно хацела есці і дрыжала ад холаду. Я раззлаваўся і звярнуўся да Бога: «Чаму Ты дазваляеш гэта? Чаму Ты нічога не прадпрымаеш?» Бог нічога не адказаў. Але ноччу нечакана пачуўся Яго голас: «Я нешта прадпрыняў. Я стварыў цябе».

Штодзень мы сутыкаемся з матэрыяльнымі і маральнымі праблемамі, у якіх апынаюцца нашы блізкія і знаёмыя. Яны церпяць бедствы, некаторыя з іх просяць аб дапамозе, а некаторыя звыкліся з думкай пра паражэнне і моўчкі церпяць крушэнне. Большасць людзей ускладваюць адказнасць за існаванне пакутаў, болю і зла на Пана Бога. Так, дзеці на катэхезе пытаюцца ў мяне: «Сястра, а чаму Пан Бог не спыніць маньяка-забойцу?» Я пытаюся ў іх: «А як вы сабе гэта ўяўляеце?» Дзеці вылучаюць свае крымінальныя версіі, і ў кожнай з іх Бог шляхам насілля і зла спыняе зло. Гэта абсурднае мысленне пра Бога, і, што характэрна, яно ўласцівае многім з нас. Бог, які адкрываецца нам як Любоў, не можа дзейнічаць супраць сваёй сутнасці. Ён не можа ненавідзець і шляхам зла спыняць зло. Ці ведаем мы нашага Бога? Які вобраз Бога мы носім у сабе? Мы не можам Яго спасцігнуць, таму што Ён перарастае нас і застаецца для нас неспасцігальнай і схаванай Таямніцай, якая адкрылася і нястомна аддаецца нам у Хрысце. Мы ў нашага Бога можам верыць, гэта не тое, каб не сумнявацца ў Яго існаванні, пра гэта ведаюць злыя духі і трапечуць перад Ім. Самае галоўнае даверыцца Яму — іншымі словамі, глыбока верыць у тое, што Бог ніколі не памыляецца і нікога ніколі не ўводзіць у зман. Тое, што мы бачым у навакольным свеце, уводзіць нас у спакусу. Звычайна ў нас дзве нясталыя рэакцыі, як у апосталаў у Гефсіманскім садзе: або ўдарыць мячом (насілле, рэвалюцыя, Робін Гуд), або ізалявацца (збегчы, аглухнуць і аслепнуць), каб спакойна жыць у свеце ўласных ілюзій. Мы баімся да канца ўвайсці ў таямніцу смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. Ці верым мы да канца ў перамогу дабра над злом? Ці верым мы ў сілу дабра?

Дзеці не бачаць сапраўднай крыніцы зла, якая знаходзіцца ў сэрцы чалавека, дакладней — у яго боскай здольнасці выбіраць і адвяргаць. Яны думаюць, што зло можна ізаляваць, выразаць, як апендыкс, і выкінуць яго прэч. На самой справе грэх — гэта як выбух атамнай бомбы, яго радыёактыўныя наступствы згубна адлюстроўваюцца не толькі на тым, хто ўчыніў грэх, але і на кожным з нас. Наступствы граху — як радыяцыйныя адыходы, з якімі беспаспяхова намагаецца справіцца чалавецтва. Мы пакутуем ад грахоў нашых бліжніх, а нашы блізкія, у сваю чаргу, пакутуюць ад нашых грахоў. Таму адказнасць за ўбоства, голад, несправядлівасць і насілле мы павінны ўзяць на сябе. А што значыць узяць адказнасць на сябе?

У першую чаргу — гэта пакаянне, шчырае раскаянне ва ўчыненым зле, у тым, што мы не выканалі свой абавязак… Многія людзі спыняюцца на гэтым этапе. Мы адчайна б’ем сябе ў грудзі, але нам не хапае веры і мужнасці, каб паспрабаваць унесці штосьці добрае ў навакольны свет. Мне калісьці ў Баранавічах казалі: «Ты не накорміш усіх галодных, не дапаможаш усім патрабуючым; спыніся, усё гэта не мае сэнсу. Ты нічога не зменіш». Можа быць, для многіх людзей гэта і не мае сэнсу, а для мяне, калі я магу зрабіць штосьці для свайго бліжняга, — гэта сапраўднае Божае Нараджэнне, гэта Валадарства Нябеснае сярод нас. Я не хачу нічога змяняць, дастаткова экспертаў, у якіх гатовы адказы на ўсе пытанні, якія могуць правільна і дакладна растлумачыць прычыну голаду на зямлі, але нічога не зробяць для таго, каб падзяліцца з патрабуючымі скарынкай хлеба. Езус не чакае ад нас, каб мы накармілі ўсіх галодных на зямлі, і, заўважце, Езус не прапаноўвае нам вырашаць глабальныя праблемы голаду на ўсім зямным шары. Ён просіць накарміць канкрэтнага галоднага, таго, якога ты сустрэнеш. Не адварочвайся, не асуджай. Ты можаш дапамагчы яму, і дапамажы яму тым, чым можаш дапамагчы. Калі не хочаш дапамагчы, калі ласка, маўчы і не маралізуй, дастаткова дэмагогіі. Яму і без цябе моташна. Езус кажа нам пра канкрэтных людзей, пра канкрэтную дапамогу; накармі галоднага, напаі спрагненага, апрані нагога, прымі ў дом падарожнага, наведвай хворых і вязняў, хавай памерлых. Усё гэта ў нашых сілах, мы ўсё гэта можам зрабіць для бліжніх, а чаму нас гэта спакушае і мы можам абыякава прайсці каля чалавека, які апынуўся ў бядзе? Мы проста не верым у сілу дабра. Разважаем, маўляў, што ў гэтым асаблівага — падзяліцца хлебам, напаіць спрагненага, наведаць хворага або вязня, пахаваць памерлага, — што ў гэтым асаблівага? Што змяняецца? Бо на наступны дзень мы ўбачым зноў таго ж самага беднага, галоднага і абарванага… На наш чалавечы погляд, можа быць, і нічога не змяняецца, але, паверце мне, адбываецца многае. Мае дарагія чытачы, мы з вамі менавіта такім чынам змагаемся за збаўленне чалавека. Міласэрнасць збаўляе ў нас чалавека.

Але калі, спакусіўшыся, мы адвернемся ад нашых бліжніх, тады будзьце ўпэўнены: тыя, хто нажываецца на чалавечым горы і пакутах, апынуцца побач з імі. Рабства, прастытуцыя, дзіцячая парнаграфія, гандаль чалавечымі органамі, амаральнасць, распуста і насілле — усё гэта, як радыяцыйныя адыходы, будзе атручваць нас і трымаць у пастаянным страху. Яно будзе нагадваць нам пра тое, што мы маглі зрабіць для бліжніх і не зрабілі…

Мы з вамі змагаемся за выратаванне чалавека, калі працягваем яму скарынку хлеба, калі наведваем яго, калі прымаем яго, калі закрываем галізну нашага бліжняга, калі дастойна праводзім яго ў апошні шлях. А больш за тое, мы змагаемся за нашага бліжняга, калі даем параду таму, хто сумняецца, навучаем таго, хто не ведае. Калі настаўляем, а не крытыкуем за спіной, грэшніка. Калі знаходзім сілы і словы надзеі для таго, каб суцешыць смуткуючага. Прабачаем крыўды і цярпліва, менавіта, мае дарагія чытачы, вучымся цярпліва пераносіць дакучлівага чалавека. І, нарэшце, молімся за жывых і памерлых. Такі шлях прадвызначыў нам Пан…

C. Нунэ Цітаян MSF

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця