Пошук

31.01.2012 09:28   с. Нунэ Цітаян / Catholic.by

Адзін мой знаёмы (вучоны-біяфізік) нядаўна задаў мне пытанне: «Мы, людзі дваццаць першага стагоддзя, здзейснілі вялізны інтэлектуальны скок у развіцці: нанатэхналогіі, генная інжынерыя, мноства навуковых адкрыццяў, а пры гэтым грашым, як пітэкантрапы. Чаму навукова-інтэлектуальнае развіццё не ўдасканаліла чалавека якасна?»

Вельмі цікавае пытанне, ці не так? Сапраўды, хто мы і кім становімся на працягу жыцця? Што чалавека робіць чалавечным? Удумайцеся: невуцтва, страх, грэх, зло, спакусы — яны засталіся такімі ж архаічнымі і банальнымі, як у старажытнасці. У граху няма эвалюцыі, няма развіцця. Грэх — гэта заўсёды рабства, гэта заўсёды дэградацыя і самаразбурэнне. Што маем у дваццаць першым стагоддзі? Сорам рабства, аборты, аднаполыя шлюбы, эўтаназія, дзіцячая парнаграфія, Інтэрнэт-забойствы… Мы і на самой справе грашым, як пітэкантрапы; ніякага развіцця, ніякай дасканаласці, толькі знешні дабрабыт. Можа быць, мы выглядаем маладзей? І жывём крыху даўжэй? У нашым жыцці ўсё тыя ж крывавыя ахвярапрынашэнні, як і ў часы нашых продкаў, толькі ўсё набыло больш «цывілізаваны», «гуманны» характар, можна сказаць, усё набыло больш «таварны» выгляд. Інакш як назваць аборты, калі не ахвярапрынашэннем нашаму ідалу задавальнення і распусты? Можна распусту назваць багіняй Венерай… (Або як вам будзе яшчэ заўгодна?) У ахвяру імгненнаму задавальненню прыносім нашу будучыню. Ці гэта наш выбар?.. А што ў выніку? Наш навукова-тэхнічны апагей завершыцца глабальнай катастрофай. Гісторыкі скажуць мне: гэта нармальна, усе старажытныя цывілізацыі скончылі калапсам. Але справа ў тым, што мы не прынялі Добрую Навіну, засталіся рабамі па-за раем. Мы так і не спазналі Праўду. Не адчулі ў нашым жыцці яе выратавальную моц. Больш за тое, мы намагаемся абвергнуць, дакладней, адрынуць Праўду. Намагаемся даказаць, не ведаю, каму (ва ўсялякім выпадку — не Богу), хутчэй за ўсё самім сабе, што мы самадастатковыя. Мы хочам заняцца вытворчасцю «праўды», хоць на самой справе створаны для таго, каб адкрываць і спазнаваць Праўду. Ствараць сябе ў святле адкрытай і спазнанай Праўды — вось у чым наша прызначэнне. А нам здаецца, што мы зможам выжыць згодна з законамі і правіламі, якія мы самі аднагалосна ўстановім. І гэта — першая і самая вялікая хлусня, у якую мы паверылі, яна заняволіла нас, і мы сталі яе рабамі. Рабамі саміх сябе…

…На занятках па рэлігіі я пытаюся ў дзяцей: што нам даў Езус Хрыстус? Дзеці адказваюць: «свабоду дзяцей Божых», «збаўленне». А што такое збаўленне для нас — людзей дваццаць першага стагоддзя? Мы нібыта і ёсць «свабодныя», у нас ёсць «усё» — мноства магчымасцяў. Але ў нас няма напрамку, мы дэзарыентаваны. Мы нікому не верым, усё падвяргаем сумненню. Куды мы імкліва ідзём? Куды адчайна правальваемся? Мой сябар з Германіі дзяліўся сваімі сумнымі роздумамі і перажываннямі. Аказваецца, самотныя мужчыны пенсійнага ўзросту бяруць сабе маладых індусак, таіландак і іншых дзяўчат з краін трэцяга свету ў якасці секс-рабыняў. І калі такая дзяўчына на працягу пяці гадоў паводзіць сябе добра, скажам прасцей, задавальняе ўсе пажаднасці свайго рабаўладальніка — ён дае ёй свабоду і магчымасць атрымаць права легальнага прабывання ў Германіі. Наступнай у ахвярапрынашэнні можа быць другая сястра і г. д. Рабства цялеснае бярэ пачатак з рабства духоўнага… Раней станавіліся рабамі, таму што прайгралі ў вайне, таму што слабы не мог абараніцца перад моцным. Але чаму саромнае рабства існуе ў наш мірны час? Чаму Ірыну прадаваў у Германіі суценёр і яе ніхто не мог абараніць? Каб пазбавіцца ад рабства, яна зрабіла некалькі спробаў самагубства…

Я задаю гэтае пытанне нам з вамі. Бо Ірына і многія іншыя дзяўчыны, якія падзеляць у будучыні яе лёс, жывуць сярод нас, мы ведаем іх сем’і і іх нялёгкае жыццё. Але часам грахі нашых бліжніх становяцца для нас свайго роду алібі, якое дапамагае апраўдаць нашу бяздзейнасць і абыякавасць. Чаму існуе гандаль чалавечымі органамі? Якая цана чалавечага жыцця? Або як можна зразумець гэта: бацька трапятліва клапоціцца аб сваім сыне, любіць яго, а падчас адпачынку ў Румыніі, забыўшы пра сваё бацькоўства, гвалтуе чужога сына і свае сексуальныя ўцехі распісвае ў Інтэрнэце? А мадэль паводзінаў самога хлопчыка да банальнага простая: не вельмі забяспечаны, ён і на самой справе быў бы рады, што можа пажыць у прыгожым гасцінічным нумары, паглядзець тэлевізар і наесціся дасыта… Скажыце, хіба мы маем права паразітаваць на слабасцях і патрэбах нашых бліжніх?.. І якая, па-нашаму, цана чалавечай годнасці? Адказ прыходзіць спантанна: цана — гэта мука і крыжовая смерць Сына Божага. Так, настолькі каштоўны чалавек і настолькі ён дарагі для Бога. Калі ў сэрцы чалавека няма месца для Бога, у ім адбываецца мутацыя, і тады гора нам, «выратуй нас, Пане, ад саміх сябе!». Мы губляем чуласць, думаючы, што гэта паказчык нашай дасканаласці і моцы; на самой справе ізаляцыя — прыкмета нашага бяссілля і маладушнасці. Хрыстус заклікае нас: накармі галоднага, напаі прагнучага, апрані аголенага, дай прытулак падарожнаму, наведай хворага і вязня; ва ўсім, як хочаш, каб паступалі з табой іншыя, так паступай і ты з імі… Як змагацца з рабствам? У першую чаргу, помніце, рабства цялеснае паходзіць з рабства духоўнага. А потым пастарайцеся быць побач з людзьмі, якія апынуліся ў бядзе, пакуль імі не заняліся «драпежнікі», тыя, якія ўмеюць нажывацца на горы людскім. Я нікога не асуджаю, толькі хачу, каб памяталі аб шматлікіх ахвярах сучаснага рабства. Мы павінны пастарацца дапамагчы ім, калі мы не ў сілах дапамагчы — будзем жа шукаць тых, хто зможа ім дапамагчы, толькі не адварочвайцеся і не маўчыце, стукайце, шукайце, маліцеся і не губляйце надзеі, не бойцеся, таму што Той, хто ў нас, большы за таго, хто ў свеце.

С. Нунэ Цітаян MSF

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця