Пошук

15.01.2012 10:15   с. Нунэ Цітаян / Catholic.by

«Род чалавечы павінен дасягнуць адзінства праз шматлікасць; ён павінен вучыцца быць адзіным Касцёлам, захоўваючы ўсю разнастайнасць формаў мыслення і дзейнасці, культур і цывілізацый» (Ян Павел ІІ, «Пераступіць парог надзеі»).

У 1861 годзе мансеньёр Віллебрандс, які тады яшчэ не быў кардыналам, прыбыў у Аптэліяс для перамоваў з тагачасным кіраўніком Армянскай Царквы, з Каталікосам Зарэхам І. Ён задаў Каталікосу прыкладна такое пытанне: «Калі б Папа склікаў Сабор у Ватыкане і запрасіў прадстаўніка ад Вашай Царквы, згадзіліся б вы ў ім удзельнічаць?» Каталікос, не раздумваючы, адказаў: «Калі чалавек запрашае да сябе роднага брата, хіба будзе ён сумнявацца ў тым, што брат не прыйдзе?» Затым ён дадаў: «Калі мы сфармулюем евангельскія павучэнні ў ста палажэннях, ці не думаеце Вы, што наконт дзевяноста дзевяці з іх нашы меркаванні супадуць? Аднак, на жаль, мы часцей гаворым пра той адзіны пункт, па якім разыходзімся, забываючыся аб тым, як шмат нас аб’ядноўвае…» І ён паказаў на сцяну перад сабой: «Калі б на гэтай абсалютна белай сцяне мы знайшлі маленькую чорную плямку, мы б забыліся пра белізну сцяны і гаварылі б толькі пра гэтую пляму…» Сёння мы павінны глядзець на тое, што нас аб’ядноўвае. У гэтым заключаецца ўся стратэгія экуменізму.

Бог ёсць Любоў, вучыць нас святы апостал Ян; Бог, Адзіны ў трох Асобах, ёсць адзінства. Менавіта дзякуючы любові — сутнасці Бога — Яго адзінства не становіцца маналітам. У 17-й главе Евангелля паводле Яна цалкам ясна засведчана воля Пана нашага Езуса Хрыста: «Ойча святы, не толькі за іх прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно… Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне». Гэта не выпадковае пажаданне, таму што праўдзівасць хрысціянскай веры цесна звязана з пэўнай уласцівасцю касцёльнага жыцця: ці праяўляецца ў ёй падараванае нам Хрыстом адзінства, тое адзінства, якое і ёсць само жыццё Найсвяцейшай Тройцы.

Адзінства — гэта духоўная рэальнасць, сіла, якая мае як быццам тры полюсы: па-першае, адзінства — гэта адносіны з Богам, заснаваныя на вернасці; па-другое, нашы ўзаемаадносіны з іншымі, тымі, хто вызнае аднаго і таго ж Хрыста; па-трэцяе, вернасць самому сабе. Любоў, гэтае цудоўнае пачуццё аднаго чалавека да іншага, у першую чаргу з’яўляецца прыналежнасцю да Адзінага Пачатку, які і ёсць Бог. Гэта пытанне быцця: калі Бог ёсць Любоў, як нам кажа Святое Пісанне, мы таксама павінны быць любоўю, адлюстраваннем Боскай сутнасці. Але любоў не прызнае падзелу, яна — супрацьяддзе падзелу.

Нам часта кажуць пра непадзелены Касцёл першых стагоддзяў; але трэба глыбей унікнуць у значэнне гэтага выразу. Ці азначае ён, што ў першыя стагоддзі не было напружання паміж Цэрквамі, не было канфліктаў, адрозненняў? З першых гадоў існавання Касцёла ў ім была разнастайнасць меркаванняў і нават супрацьстаянне. З Новага Запавету мы добра ведаем, што апосталы вельмі адрозніваліся адзін ад аднаго; нават у час зямнога жыцця Хрыста яны спрачаліся аб першынстве… Але адрозненне і супрацьстаянне паміж імі заўсёды вырашаліся праз узаемнае прабачэнне, праз любоў і пачуццё прыналежнасці да аднаго Хрыста. Нам трэба як мага часцей з адкрытым сэрцам перачытваць той урывак з Першага паслання апостала Паўла да Карынцянаў (1, 10–13), з якога вынікае, што пачуццё прыналежнасці да Хрыста дапамагае пераадольваць падзелы: «Заклікаю вас, браты, дзеля імя нашага Пана Езуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно і тое ж і каб не было паміж вамі расколу, але каб з’ядналіся вы ў адным духу і аднадумстве. Бо ад людзей Хлоі я даведаўся, браты мае, што ўзнікаюць паміж вамі спрэчкі. Я ж паўтараю тое, што кожны з вас кажа: Я — Паўла, я — Апалоса, я — Кефаса, а я — Хрыста. Хіба падзяліўся Хрыстус? Хіба Павел быў укрыжаваны за вас, або ці ў імя Паўла вы былі ахрышчаныя?»

Мноства тэолагаў і іерархаў часта паўтараюць, што адзінства — не тое ж самае, што аднастайнасць. Адзінства — гэта пачуццё прыналежнасці ўсіх да аднаго Хрыста, Адзінароднага Сына Бога Айца ў Святым Духу, усіх, хто вызнае адно і тое ж Евангелле і сведчыць аб ім сваім жыццём. Калі, не губляючы адрозненняў, можна захаваць гэтае пачуццё агульнай прыналежнасці да Пана, значыць, адзінства рэальнае. Існаванне разнастайных нюансаў у выяўленні агульнай хрысціянскай веры законнае. Экуменізм не з’яўляецца здрадай устойлівым традыцыям.

Відавочна, што ў нашых тэалагічных роздумах мы павінны ўдзяляць вялікую ўвагу праблеме ідэнтычнасці і іншасці. Я думаю, што ідэнтычнасць і іншасць — два спосабы існавання, якія не супярэчаць адно аднаму. Калі нехта не ведае, хто ён, калі ён не пазнаў сябе глыбока, то ён не можа весці дыялог з іншымі, ён згубіў сябе ўжо ў пачатку гутаркі. Я як армянка настолькі ўкаранёна ў маім нацыянальным быцці, што магу мысліць толькі знутры гэтай катэгорыі. Але мая ідэнтычнасць уключана ў кантэкст больш шырокай ідэнтычнасці, той, якую я называю Хрыстовай ідэнтычнасцю. Напрыклад, калі я малюся, я ніколі не адчуваю, што як армянка я аддзелена ад іншага чалавека: у гэтай агульнай малітве я выходжу за межы маёй нацыянальнай ідэнтычнасці, не губляючы яе, а нават узмацняючы, бо яна квітнее ў агульнай для нас Хрыстовай ідэнтычнасці, якая дапускае прызнанне адрозненняў, таму што яны складаюць частку Боскага тварэння.

Недахоп святла, які мы адчуваем, змрок як недахоп любові і адзінства — гэта дзеянні «разлучніка». Д’ябал — «абвінаваўца, паклёпнік» — так перакладаецца з грэчаскай мовы слова diabolos, перш за ўсё той, хто раздзяляе, разбурае тое, што было адзіным: такі этымалагічны сэнс дзеяслова diaballein, ад якога і ўтварыўся гэты назоўнік…

Чалавечая гісторыя поўная памылак. Той, хто хоча ўступіць на шлях экуменізму, павінен азірнуцца на гісторыю, выразна ўяўляючы сабе, як і калі нашы продкі сталі губляць гэтую любоў, разбураючы адзінства; але пасля прызнання гэтых памылак трэба імкнуцца да ўз’яднання. Усвядоміўшы падзел, выявіўшы яго гістарычныя прычыны, мы непазбежна прыйдзем да аднаўлення разбуранага або згубленага: да адзінства ў любові. Зло падзелу павінна быць знішчана, пераможана і ліквідавана любоўю, якая ёсць крыніцай усялякага дабра.

Па задуме Езуса Хрыста, Касцёл адзіны, і, нягледзячы на ўсе нашы падзелы, гэтае адзінства застаецца. Адзінства хрысціян існуе, у нас няма неабходнасці шукаць яго недзе звонку, яно ўжо ў нас: у нас адно Евангелле, і мы ўсе ідзём за Хрыстом. Аднак гэтае духоўнае, містычнае адзінства Касцёла, якое мы ўсе вызнаем у Сімвале веры, павінна знайсці знешняе выяўленне ў жыцці розных Цэркваў — такая задача экуменізму.

С. Нунэ Цітаян MSF

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.