Пошук

13.11.2011 10:24   с. Нунэ Цітаян / Catholic.by

«Марыя, Маці Божая: яна сказала Анёлу „няхай станецца“, велічна развязаўшы трагічны вузел нашай свабоды. У ціхай празрыстасці свайго цела яна нарадзіла Дзіця…

Жанчына: у ёй усялякая жаноцкасць, пяшчота і прыгажосць. Жанчына моцная і ўдумлівая, усё захоўвае ў сэрцы сваім. Заступніца ўсынаўлення, Маці ўсіх людзей…» (Via Crucis — Разважанні і малітвы Усяленскага Патрыярха Барталамея).

У апошні час я збіраю выявы і абразы, якія прадстаўляюць таямніцу Звеставання. Розныя народы і канфесіі на працягу стагоддзяў, ва ўсёй разнастайнасці чалавечага таленту, па-новаму спрабавалі перадаць евангельскую таямніцу зачацця Сына Божага. Адзін і той жа тэкст Святога Пісання на працягу стагоддзяў непакоіць розум і натхняе майстроў на стварэнне бачнага вобразу неспасцігальнай Божай таямніцы. На гэтых выявах Найсвяцейшая Панна Марыя жыве звычайным жыццём: шые, пры дапамозе верацяна прадзе воўну, адпачывае, моліцца, разважае над зместам тэкстаў Святога Пісання, некуды ідзе па справах… Звычайная паўсядзённасць, нічога асаблівага, што б магло прадвяшчаць такую незвычайную і вялікую падзею. Бог уваходзіць у нашу паўсядзённасць, не парушаючы яе звыкласці. А мы ад Бога чакаем заўсёды нейкіх незвычайных з’яваў. А наш Бог — Ён паўсядзённы, хоць і святы. Многаму можа навучыць нас таямніца Звеставання… Неабходна «мець вушы, каб чуць», і вочы, каб бачыць. Не толькі глядзець, але ўбачыць і зразумець, каб стаць саўдзельнымі таямніцы. Што нам адкрывае таямніца Звеставання, пра што яна кажа? Чаму нас вучыць?

Мне падабаецца сузіраць мініяцюру Звеставання з Евангелля канца XIV — пачатку XV стагоддзяў, выкананую ў Татэве (Арменія) мастаком Грыгорам. На ёй прадстаўлена Марыя са збанам, яна ідзе па ваду і па дарозе сустракае таямнічага пасланніка Бога; іх падзяляе гранатавае дрэва, якое сімвалізуе дрэва пазнання дабра і зла. На дрэве дванаццаць спелых і сакавітых пладоў гранату. На гэты раз жанчына не працягвае сваю руку за забароненым. Удумліва ўслухоўваючыся ў словы Анёла, пакорна адказвае: «няхай Мне станецца паводле твайго слова». Марыя не аслухалася Бога, яна прыняла Яго Спрадвечнае Слова, якое стала яе Сынам і нашым Збаўленнем. Адгэтуль Бог стаў яе домам, а яна стала асяродкам Святога Духа. Таямніца Звеставання прасякнута надзеяй, такую надзею можа даць толькі Бог. Не парушыўшы дзявоцтва, нявіннасці Марыі, адбылося зачацце Сына Божага… Вялікая таямніца нашай веры. І ў гэтай таямніцы раскрываецца неспасцігальны і ўкрыты Бог, відаць Яго нябачнае дзеянне і прысутнасць. Не відаць Яго слядоў… Але Ён у сваім Сыне пасяліўся ва ўлонні жанчыны… Бязмежны давер, так можа давяраць толькі Бог. Зачацце новага жыцця заўсёды агорнута таямніцай. У жыцці веруючых людзей больш таямніц, чым яўнага, хоць з часам усё патаемнае становіцца яўным. Парадаксальна, але ў жыцці веруючых людзей больш адказаў, чым пытанняў… Што значыць для нас прыняць таямніцу Божую і захоўваць яе ў сваім сэрцы? А што можа ўчыніць з намі прынятая таямніца Божая? З гэтымі пытаннямі я звычайна іду да Марыі і Юзафа. Мы кажам аб звеставанні Марыі, любім сузіраць гэты вобраз, у апошні час я задумваюся пра звеставанне Юзафа.

Так, у Юзафа таксама была сустрэча, і яму таксама трэба было выбіраць, прыняць або… Вельмі шмат агульнага паміж звеставаннем Марыі і звеставаннем Юзафа. Бо той самы Бог і тое ж дзеянне, той жа Сын. Але з другога боку яны адрозніваюцца, і ў гэтым адрозненні я не бачу розніцы, але ўзаемнае дапаўненне. Гісторыя Марыі і Юзафа — гэта адна гісторыя, у якой у кожнага свая роля. Нам прасцей супернічаць, пераймаць, капіяваць, гуляць ролю, якую мы ўжо бачылі і якая нам знаёмая, чым ісці сваім шляхам і жыць ва ўнісон з самім сабой і з Богам. Узаемна дапаўняць адно аднаго, у гэтым адзінства і выкананне. А мы спаборнічаем у перайманні і імітацыі. Цікава, хто б выйграў у намінацыі «Лепшая копія года»? Фікцыя, падробка — гэта рыса злога духа, гэта яго почырк — ствараць бачнасць, блефаваць, пускаць пыл у вочы, імітаваць, як быццам жывеш. Суцэльная галаграма, нічога сапраўднага і вартага. «Я — гэта ты. А хто ж ты? А хто ж я?» Марыя і Юзаф дзейнічалі не па падрыхтаваным сцэнары. Прабываючы ў пошуках Божай волі, яны знайшлі сябе, яны знайшлі Сына і прынялі Яго. З прыняццем таямніцы заўсёды звязана пачуццё страху, няпэўнасці. Ці баімся мы на самой справе няпэўнасці, таго, чаго не ведаем, або… Чаго мы баімся? Як можна баяцца таго, чаго не ведаеш? Мы баімся згубіць вядомае, часам да болю знаёмае. Нездарма чалавек паддаўся спакусе кланавання і з цяжкасцю адкрываецца на прыняцце новага жыцця. Можна выдаткоўваць нелегальна мільёны сродкаў на кланаванне чалавека і пры гэтым абыякава чытаць статыстыку аб абортах. Новае жыццё, а навошта яно нам? Рэанімаваць мінулае — уліваць новае віно ў старыя мяхі. Але ж сапраўднае жыццё — гэта змена. І гэтую змену ў наша жыццё ўносіць Сын.

«Не бойся, Марыя, бо набыла ты ласку ў Бога…», «не бойся прыняць Марыю, жонку тваю…» Не бойся, Марыя, прыняць Спрадвечнае Слова — гэта ласка ад Бога. Не бойся, Юзаф, прыняць Марыю, яна твая жонка. Марыі Анёл кажа аб тым, кім будзе яе Сын, а Юзафу — што Ён здзейсніць для чалавецтва. Будзе Ён вялікім, назавецца Сынам Усявышняга, будзе валадарыць, і Яго валадарству не будзе канца. Езус збавіць людзей сваіх ад грахоў іх, каб здзейснілася абяцанне Божае. Юзаф з Марыяй так па-сапраўднаму сустрэліся ў Езусе Хрысце. Для жанчыны галоўнае пытанне — «Кім і якім будзе мой сын?», а для мужчыны — «Што здзейсніць мой сын?». Адказ на пытанне, кім і якім будзе мой сын, ляжыць у пытанні: «Хто яго бацька? Які ён?» А адказ на пытанне, што можа здзейсніць мой сын, неабходна шукаць у Бога.

У кожнага з нас сваё звеставанне, але змест паслання адзін і той жа: «Сын дадзены нам…» Прымі Сына!

С. Нунэ Цітаян MSF
Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа