Кожную нядзелю, вызнаючы сваю веру, мы сцвярджаем: «Веру ў адзінага Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, усяго бачнага і нябачнага». Што мы ведаем аб нябачным свеце? Хто яны, духоўныя істоты — жыхары неба, якія атачаюць Бога? Хто яны, таямнічыя стварэнні, якія дыскрэтна дапамагаюць нам дасягнуць Валадарства Божага?
Святы Аўгустын кажа пра іх: «„Анёл“ азначае служэнне, а не прыроду. Ты пытаеш, як называецца гэтая прырода? — Дух. Ты пытаеш пра служэнне? — Анёл. Па тым, што ён ёсць, ён — дух, па тым, што робіць, — анёл». З’яўляючыся духоўнымі стварэннямі, анёлы валодаюць розумам і воляй: яны стварэнні асабовыя і бессмяротныя, а дасканаласцю сваёй пераўзыходзяць усё бачнае тварэнне. Хрыстус з’яўляецца сарцавінай анёльскага свету. Гэта Яго анёлы, яны створаны Ім і для Яго. Усёй сваёй сутнасцю анёлы з’яўляюцца слугамі і вестунамі Бога. Яны нястомна сведчаць пра веліч і ўсемагутнасць Бога.
29 верасня мы святкуем урачыстасць святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала. Чаму тры арханёлы? Таму што анёлы заўсёды з’яўляюцца адлюстраваннем Бога, адлюстраваннем Найсвяцейшай Тройцы. Таму Касцёл успамінае арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала ў адзін дзень. Кожны з іх сімвалізуе адну з трох асноўных рысаў Бога. Арханёл Міхал, імя якога значыць «хто як Бог?» і які змагаўся супраць сілаў цемры, сімвалізуе розум Божы.
«І ўзнялася вайна на небе: Міхал і Анёлы ягоныя ваявалі з цмокам. І цмок ваяваў ды ягоныя анёлы. Але не перамаглі… І скінуты быў цмок вялікі, змей старадаўні, называны д’яблам і сатаною, што зводзіць увесь свет. Ён скінуты на зямлю, і з ім разам скінуты анёлы ягоныя. І пачуў я голас моцны, які казаў у небе: Цяпер настала збаўленне, і сіла, і валадаранне Бога нашага, і ўлада Хрыста Ягонага, бо скінуты абвінаваўца братоў нашых» (Ап 12, 7–10).
Ушанаванне Міхала Арханёла здаўна было звязана з верай у перамогу дабра над злом. У іканаграфіі ён часта выяўляўся як воін — абаронца, апякун народу Божага ў яго барацьбе за свабоду. Айцы Касцёла вучаць, што менавіта Міхал быў херувімам, пастаўленым каля райскіх брамаў абараняць шлях да дрэва жыцця (Быц 3, 24), ён жа быў правадыром ізраільцянаў падчас зыходу з Егіпта (Зых 14, 19; 23, 20), праз яго Бог падарыў на Сінаі дзесяць запаведзяў, ён устаў на шляху Валаама (Ліч 22, 22) і разграміў армію асірыйскага караля Сенахерыба (2 Вал 19, 35). Таксама і ў прароцтвах аб будучых часах мы чытаем аб ім як аб заступніку ў праведнай барацьбе, як зямной, так і нябеснай. У кнізе Апакаліпсісу святы апостал Ян апавядае нам пра вялікую перамогу над сатаной і яго світай, якую атрымалі арханёл Міхал і яго анёлы. Амаль усе важнейшыя падзеі біблейскай гісторыі адбываюцца пры ўдзеле арханёла Міхала. Адносна гэтага святы Грыгорый Вялікі піша, што ў той час як іншыя анёлы з’яўляюцца, каб прынесці людзям якуюсьці вестку, Міхал Арханёл пасылаецца кожны раз, калі павінна аб’явіцца цудоўная моц Божая, і само яго імя, якое ў перакладзе з габрэйскай мовы азначае «хто як Бог?», кажа, што ніхто не можа зрабіць таго, што робіць Усявышні Пан сваёю воляй. Арханёл Міхал стаіць на абароне Божага закону. Ён з’яўляецца даверанай асобай Бога, якая захоўвае ключы ад неба. Ён прыносіць малітвы і ахвяры пабожных людзей да трона Бога і паведамляе людзям адкрыцці і ўказанні Бога. Ён — анёл справядлівасці і суду, але таксама літасці і міласэрнасці. Ён — заступнік людзей перад Богам і спецыяльны анёл хрысціянскага народу, абаронца Касцёла Хрыстовага. Будучы захавальнікам раю, ён дапамагае паміраючым і вядзе іх душы на нябёсы.
Арханёл Габрыэль, імя якога азначае «моц Божая», сімвалізуе прыгажосць Бога.
«І сказаў Ёй анёл: „Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус“» (Лк 1, 30–31).
Арханёл Габрыэль — гэта адзін з сямі галоўных анёлаў, якія, згодна з Кнігай Тобія, «прыносяць малітвы святых і ўваходзяць перад хвалой Святога» (Тоб 12, 15). Арханёл Габрыэль некалькі разоў узгадваецца ў Пісанні як Нябесны вястун, якога Бог пасылае, каб абвясціць людзям свае планы аб збаўленні роду чалавечага. Так, арханёл Габрыэль некалькі разоў з’яўляўся прароку Даніэлю і раскрываў яму таямніцы прышэсця Месіі, ганенняў антыхрыста і канца свету (Дан 8, 16; 9, 21). Перад прышэсцем Сына Божага ў свет арханёл Габрыэль з’явіўся ў храме старцу Захарыі і паведаміў яму аб цудоўным зачацці Прадцечы. Праз шэсць месяцаў ён з’явіўся ў Назарэце Панне Марыі з весткай аб абранні яе быць Маці Хрыста — Збаўцы (Лк 1-я глава). Па меркаванні некаторых Айцоў Касцёла, арханёл Габрыэль пасланы быў для ўмацавання Збаўцы падчас малітвы ў Гефсіманскім садзе і для таго, каб абвясціць Маці Божай дзень яе Унебаўзяцця. Арханёл Габрыэль вучыць нас таму, што шляхі Божыя да часу не бываюць ясныя, але спасцігаюцца праз час шляхам вывучэння Божага слова і паслухмянасці голасу сумлення.
Арханёл Рафал, імя якога азначае «Бог лечыць», сімвалізуе дабрыню Пана.
«Тады Рафал патаемна паклікаў абодвух і сказаў ім: Благаслаўляйце Бога і вызнавайце Яго перад усімі жывымі за тое дабро, што Ён зрабіў вам. Благаслаўляйце і праслаўляйце імя Ягонае, з пашанай абвяшчайце справы Божыя і нястомна вызнавайце Яго. Гэта добра — захоўваць таямніцу караля, але пахвальна таксама — адкрываць і вызнаваць Божыя справы. Рабіце дабро — і вас не напаткае зло» (Тоб 12, 6).
У хрысціянстве і іўдаізме арханёл Рафал лічыцца магутным лекарам фізічных цел — як людзей, так і жывёл. У Бібліі сказана, што ён вылечыў боль, які адчуваў Абрагам пасля таго, як яму, ужо даросламу, здзейснілі абразанне, ён дапамог Тобію знайсці лек і вылечыць слепату Товіта. У Кнізе Товіта Рафал падарожнічае з Тобіем, сынам Товіта, і падчас падарожжа аберагае і ахоўвае яго, дапамагае яму дасягнуць мэты. І таму ён лічыцца апекуном падарожнікаў. Ён дапамагае і тым, хто здзяйсняе духоўныя пошукі, тым, хто хоча знайсці ісціну. Арханёлы Рафал і Міхал часта дзейнічаюць разам.
Арханёлы Міхал, Габрыэль і Рафал з’яўляюцца вобразам усіх анёлаў. Яны таксама паказваюць нам, што і ў нас ёсць анёльскае пакліканне.
Гэтае пакліканне, перш за ўсё, — літургічнае. Анёлы жывуць толькі для праслаўлення Пана. Іх жыццё — пастаянная літургія, пастаянны спеў «Святы, Святы, Святы, Пан Бог Усемагутны». Так і нам трэба жыць, пераўтвараючы ўсе нашы дзеянні і думкі ў праслаўленне Бога.
Арханёлы паказваюць нам таксама наша «дыпламатычнае» пакліканне.
Слова «анёл» у перакладзе з грэчаскай мовы азначае «вястун». Гэта той жа самы корань, што і ў слове «евангелле», «добрая вестка». Як сапраўдныя паслы, яны існуюць пастолькі, паколькі яны з’яўляюцца прадстаўнікамі Пана, яны пасланы для таго, каб дабравесціць. І нам трэба быць вестунамі і выявамі Бога на зямлі.
Па-трэцяе, анёлы паказваюць, што ў нас ёсць пакліканне апекуноў нашых бліжніх. Пан пасылае нас як анёлаў для нашых сяброў, для тых, каго мы сустракаем на нашым шляху, нават калі мы гэтага не ўсведамляем.
Такім чынам, хаця анёлы з’яўляюцца сімвалам неспасцігальнасці свету, таго, што мы не можам да канца зразумець, яны дапамагаюць нам усвядоміць, хто мы і якое наша пакліканне.
Няхай арханёлы Міхал, Габрыэль і Рафал хадайнічаюць аб нас і дапамагаюць нам лепш выконваць наша анёльскае пакліканне.