Пошук

23.10.2011 07:15   с. Нунэ Цітаян / Catholic.by

Айцец Нябесны запрашае нас на Пасхальную вячэру, на якой мы атрымліваем самога Хрыста. Езус цалкам прысутнічае ў Эўхарыстыі ўнікальным і непараўнальным чынам. Прысутнічае рэальна і сутнасна: Целам і Крывёю, душой і Боскай натурай.

 

Петраград 1923 года. У капліцу з вобыскам уварваліся супрацоўнікі НКУС. Адчынілі табэрнакулюм і раскідалі па ўсёй капліцы Найсвяцейшыя Дары, дэманстратыўна і з пагардай пачалі іх таптаць. У капліцы знаходзілася сястра Луцыя Чахоўская, яна ўстала на калені і вуснамі збірала з падлогі Найсвяцейшыя Дары.

З самага дзяцінства слова «хлеб» у мяне атаясамлівалася з жывой істотай. Калі я не могла утрымаць хлеб і ён знянацку падаў на зямлю, бабуля казала па-армянску «mechke», даслоўна — «шкада хлеба». Слова «mechke» мае два сэнсы: першы выражае пачуццё спачування, шкадавання, а іншы кажа аб тым, што грэшна паступаць такім чынам. У мяне склалася ўражанне, што хлеб можа адчуваць боль і крыўду. Памятаю, з якім хваляваннем я падымала кавалачак хлеба, здзьмухвала пыл і пяшчотна цалавала яго, так сама як мая маці, калі я да яе прыходзіла з пабітымі ручкамі ці ножкамі. Для мяне гэта быў нейкі таямнічы незразумелы абрад прымірэння…

Хлеб стаў для мяне сапраўдным знакам яднання пасля таго, як мая бабуля расказала, як армянскія жанчыны ставіліся да нямецкіх ваеннапалонных. Гэта было зімой 1944 года. Мой дзядуля ваяваў на фронце, бабуля з чатырма дзецьмі засталася адна. У Грузію прывозілі нямецкіх ваеннапалонных. Яны працавалі ў гарах пры пабудове гідраэлектрастанцый. Бабуля расказвала, як яна і іншыя армянкі дзяліліся з ваеннапалоннымі хлебам. Мяне ўразіў вобраз, які ўзнік пры той думцы, недзе далёка, за тысячы кіламетраў, ваяваў мой дзядуля, у яго стралялі нямецкія салдаты, а тут, у гарах, жанчыны, дакладней яго жонка, дзялілася з палоннымі ворагамі апошнім кавалкам лавашу. Парадокс і веліч чалавечай высакароднасці… Гэтыя жанчыны, якія жылі ў гарах на вышыні 2500 метраў над узроўнем мора, не ўмелі ні чытаць, ні пісаць, яны не ведалі і не чулі словаў са Святога Пісання: «Не кажы: як ён паступіў са мною, так і я паступаю з ім» (Прып 24, 29) і «Калі галодны вораг твой, накармі яго хлебам; і калі ён сасмаглы, напаі яго вадою» (Прып 25, 21). Яны прайшлі школу «голаду і прагі хлеба», а прага хлеба — гэта не што іншае, як прага жыцця. Голад, прага — гэта крытычныя, але здаровыя і неабходныя пачуцці. Яны фарміруюць у нас чалавечнасць, адкрываюць праўду пра нашу абмежаванасць і залежнасць. Як часта мы адчуваем пачуццё голаду? Сучаснае грамадства пакутуе ад празмернасці і пераядання, а пераяданне, перанасычанасць прытупляюць нашу чуласць, мы прывыкаем да празмернасці і чарсцвеем, як хлеб. А што можна зрабіць з чэрствым хлебам?

Я працавала з дзецьмі, якія часта галадалі, і з дзецьмі з так званых нармальных сем’яў. Дзеці з сацыяльна нядобранадзейных сем’яў былі часам больш шчодрымі і чулымі ў дачыненні да іншых, чым дзеці з нармальных сем’яў. Дзіўна, але факт… Чаму мы чарсцвеем, як хлеб? Мы не ўмеем жыць сённяшнім днём, пастаянна хвалюемся і клапоцімся аб аддаленай і невядомай будучыні. Успомнім гісторыю аб манне нябеснай у пустыні (пар. Зых 16, 1–36). Пан Бог паслаў ізраільцянам манну, ежу з неба, але яны маглі сабраць столькі, колькі было патрэбна на той дзень. Калі яны пыталіся сабраць больш і адкласці ў запас, манна знікала. Яны павінны былі задавальняцца тым, што было ім патрэбна ў той дзень. Як выразіўся адзін рабін: «На кожны дзень — дзённая порцыя, таму што Той, хто стварыў дзень, стварыў і ежу на гэты дзень». А іншы рабін сказаў: «Чалавек, які мае ежу на дзень сённяшні і пытае „А што я буду есці заўтра?“, — гэта малаверны чалавек». Штодзённа паўтараючы словы малітвы Панскай, мы просім: «Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння» (Мц 6, 11). Гэтае маленне вучыць нас жыць сённяшнім днём; яно забараняе празмерны клопат пра дзень заўтрашні, які характэрны для сучаснага грамадства, якое не навучылася давяраць Богу. Усё, што мы з вамі імкнемся «сабраць на заўтра, адкласці на далей», хутка чарсцвее і знікае.

Езус ведаў, што такое голад, пасля саракадзённага посту Ён захацеў есці, і тады спакуснік прапанаваў Яму: «калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні зрабіліся хлябамі». Езус адказаў яму: «не хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсялякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых». Ёсць прыярытэты, як у грамадстве, так і ў жыцці кожнага чалавека. Якія прыярытэты ў нашым жыцці? Жыць хлебам адным або жыць «усялякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых»? Старацца дзеля спажытку тленнага або дзеля спажытку, які прабывае ў жыццё вечнае? Калі ласка, часцей задавайце сабе пытанні і не шукайце хуткіх і спрытных адказаў. Бо вы можаце змяніць у сваім жыцці толькі тое, што разумееце. У Кафарнауме, калі Езус адкрыў сябе як «Хлеб жывы, які зышоў з неба», многія так і не зразумелі Яго. «Юдэі спрачаліся паміж сабою, кажучы: „Як Ён можа даць нам есці сваё цела?“» А «многія з вучняў Ягоных сказалі: „Цяжкая гэтая мова! Хто можа яе слухаць?“» І «з гэтага часу многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім». Вучням здаліся дзіўнымі словы Езуса: «Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім. Як паслаў Мяне Айцец, які жыве, а Я жыву праз Айца, так і той, хто спажывае Мяне, будзе жыць праз Мяне». Што дзіўнага ў гэтых словах? «Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. Бо Цела Маё — праўдзівы спажытак, а Кроў Мая — праўдзівы напой». Няўжо гэтыя словы нясуць з сабою небяспеку? Эўхарыстыя — гэта адкрыццё Божае, гэта крыніца хрысціянскай надзеі, залог нашай веры і прыклад сапраўднай любові. Пан Бог падтрымлівае нас у жыцці сваім Целам і Крывёю. Як дзіця ва ўлонні маці сваёй сілкуецца яе крывёю, а цела яе становіцца прытулкам і домам для яго, так і мы ва ўлонні Касцёла Хрыстовага сілкуемся Целам і Крывёю Сына Божага, каб нарадзіцца для жыцця вечнага. А «калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця». Жыць і «не мець у сабе жыцця» — гэта не да канца ўсвядомлены выбар многіх людзей. Жыць без Цела і Крыві Сына Божага… Хто так можа жыць? Жыць без усведамлення і веры ў тое, што Езус Хрыстус аддаў сваё Цела для нас і што Ён праліў сваю Кроў дзеля адпушчэння нашых грахоў. “Эўхарыстыя з’яўляецца пасхальнай гасцінай, бо Хрыстус, здзяйсняючы сакрамэнтальна сваю Пасху, дае нам сваё Цела і сваю Кроў як ежу і напой, яднае нас з сабою і паміж сабою ў сваёй ахвяры”. (Кампендый ККК 287). Часам мы хочам ад Бога атрымаць нейкі канкрэтны дар, але не Яго Самога. Просім аб інтэрвенцыі Божай, але толькі ў вызначаным моманце нашага жыцця і на абмежаваны час. А Пан Бог хоча аддаць сябе нам «дарэшты», хоча быць з намі вечна. У Эўхарыстыі Ён з’яднаўся з намі вузамі міласэрнасці. Айцец Нябесны запрашае нас на Пасхальную вячэру, на якой мы атрымліваем самога Хрыста. Езус цалкам прысутнічае ў Эўхарыстыі ўнікальным і непараўнальным чынам. Прысутнічае рэальна і сутнасна: Целам і Крывёю, душой і Боскай натурай.

С. Нунэ Цітаян MSF

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа