Пошук

09.10.2011 10:45   с. Нунэ Цітаян / Catholic.by

Галоўнай рысай духоўнага шляху Баляславы была глыбокая любоў да Эўхарыстыі і да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. У чэрвені 1991 г. папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў Баляславу, а таксама абвясціў яе апякункай яднання хрысціян.

«Пане! Калі яшчэ не было часу, і Ты, Усемагутны, яшчэ не прамовіў: „Няхай будзе так“, і не вызваў свет з небыцця… Ты паклікаў мяне. Устаў аднойчы перада мною і спытаў: „Баляслава, ці любіш ты Мяне?“ А я, прысаромленая такім пытаннем, нясмела адказала, як Пётр: „Так, люблю, Пане“. Тады Ты ўзяў жменю неапрацаванай гліны і адно слова — Люблю… — Адзіны дар майго сэрца, мой пасаг… А ўзамен Ты стаў для мяне Хлебам надзённым і Небам над галавой» (Са сцэнкі «Тайна паклікання», пастаўленай сёстрамі-місіянеркамі да 100-годдзя ўтварэння Кангрэгацыі Сясцёр місіянерак Святой Сям’і).

Благаслаўлёная Баляслава нарадзілася 3 ліпеня 1862 г. у шматдзетнай сям’і рамесніка ў г. Ловіч. Яе бацька Марцін быў шаўцом, а маці Луцыя займалася домам і выхаваннем васьмярых дзяцей. Вера Баляславы і яе спадзяванне на Божы Провід узрасталі ў сям’і. Мама Луцыя прывівала ёй любоў і дабрыню сэрца. Бацька Баляславы — Марцін Лямэнт, клапоцячыся пра дом і сям’ю, вучыў дзяцей таму, што чалавек з Божай дапамогай можа справіцца з усімі жыццёвымі цяжкасцямі і што няма каштоўнасцяў больш важных для чалавека, чым Бог, радзіма і сям’я. Маладосць Баляславы праходзіла ў вельмі цяжкі час. Яе родны горад Ловіч знаходзіўся ва ўладзе царскай Расіі. Вучоба ў рускай гімназіі аказала на Баляславу вялізны ўплыў, там яна ўпершыню сутыкнулася і адчула на сабе ўсю глыбіню раздораў і міжканфесійных канфліктаў. Скончыўшы на выдатна гімназію, яна вучылася ў Варшаве кравецкаму майстэрству і, атрымаўшы дыплом, адкрыла ў Ловічы сваю ўласную майстэрню.

Перш чым Баляслава адкрыла сваё пакліканне, ёй давялося прайсці нялёгкае выпрабванне. Трагічна загінуў яе дзевятнаццацігадовы брат Стэфан, яна малілася за яго, каб ён стаў святаром. Але ён патануў у рацэ Вісла, ратуючы сябра. Над магілай брата Баляслава пачула настойлівы заклік Бога: «Хачу твайго паклікання, твайго сэрца» (Са сцэнкі «Тайна паклікання»).

«Пане, для сустрэчы Тваёй любові з маёй Ты падрыхтаваў парогі новага дома далёка ў царскай Расіі. У гэты раз я ўжо не пытаюся: „Дзе жывеш, Настаўнік?“ Цяпер я ўжо ведаю Тваю волю. Сваім шчодрым жэстам Ты, Пане, адарыў мяне ўсім тым, што маю, і даў усё, чым я з’яўляюся. Ты адарыў маё сэрца моцай, каб я магла дапамагчы Табе ў ноч Галгофы ратаваць і любіць без меры, каб праслаўляць, узнагароджваць і пакутаваць, каб няспынна палаць ахвярным агнём, як лампадка, што гарыць у цішыні гатычных фрэсак і ў змроку асвятляе боскае аблічча, схаванае ў абразах» (Са сцэнкі «Тайна паклікання»).

Увосень 1903 года Баляслава прыехала ў Магілёў, па парадзе а. Ханарата Казьмінскага, і пачала працаваць у прытулку для сірот. Яе прыняла да сябе Леакадзія Гурчынска, якая дапамагала ёй у працы. Там Баляслава адчыніла майстэрню для дзяўчат. Крыху пазней айцец Яўген Святопелк-Мірскі прыслаў у дапамогу Баляславе маладую студэнтку Луцыю Чахоўску. Благаслаўлёная Баляслава адзначалася глыбокім духоўным жыццём і пабожнасцю, усе бачылі ў ёй схаваную сястру. Леакадзія і Луцыя прасілі яе прыняць у кангрэгацыю. Пасля духоўных практыкаванняў і ўзмоцненай малітвы ў 1905 годзе пад кіраўніцтвам айца Фелікса Вярцінскага благаслаўлёная Баляслава заснавала Таварыства Святой Сям’і, мэтай якога было садзейнічаць яднанню хрысціян каталіцкай і праваслаўнай канфесій і ўмацаванню веры католікаў.

«Благаслаўлёнае тое сонечнае імгненне, калі Бог прыхіліўся да мяне і навекі стаў маім Сябрам. Благаслаўлёная хвіліна, калі я шукала, прыгнечаная пакутай, і не знаходзіла, і зноў шукала, пакуль, нарэшце, Ты, Пане, сам не стаў каля мяне і не зрабіў маю веру падобнай да веры святых. Я благаслаўляю дні цёмныя, благаслаўляю няўдачы, што сталі для мяне ўрокамі пакоры і прынеслі ўва мне добрыя плёны. Плёны, якія, як зачын, абнаўляюць аблічча зямлі» (Са сцэнкі «Тайна паклікання»).

У Магілёве Маці Баляслава пачала працу з дзецьмі, моладдзю і дарослымі. У 1907 годзе пераехала разам са сваімі сёстрамі ў Пецярбург, дзе працавала кіраўніком дзіцячага дома пры касцёле св. Казіміра, а ў 1908 г. заснавала гімназію з інтэрнатам.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. камуністычныя ўлады ліквідавалі ўсе дамы Таварыства Святой Сям’і, і з 1921 г. сёстры былі вымушаны ехаць у Польшчу, дзе з 1926 г. пачалі развіваць сваю дзейнасць: спачатку ў в. Ратава (Плоцкая дыяцэзія), затым у паўночна-ўсходніх дыяцэзіях краіны. Тут таксама замацавалася канчатковая назва: Кангрэгацыя Сясцёр місіянерак Святой Сям’і. У асноўным сёстры працавалі ў сельскіх мясцовасцях, там, дзе не было каталіцкіх храмаў, сярод праваслаўнага насельніцтва: збіралі людзей на малітву, як добры самаранін, служылі бедным, дапамагаючы ім таксама матэрыяльна. З 1927 года Кангрэгацыя Сясцёр місіянерак Святой Сям’і стварыла 23 манаскія супольнасці: у Вільнюсе, Брэсце, Пінску, Слоніме, Баранавічах і Ашмянах, у пасёлках Рачканы і Мядзведзіца, у вёсках Дарава, Крывошын, Лагішын, і таксама ў Шэрашаве, Пружанах, Гальшанах, Росі, Альбертынава, Таліне, Свіры, Канстанцінаве, Кобрыне… Апостальска-экуменічная дзейнасць сясцёр заключалася ў тым, што яны не глядзелі на паходжанне або веравызнанне чалавека, дапамагалі кожнаму, чым маглі. Гэты дух да сённяшняга часу ажыўляе апостальскую дзейнасць сясцёр. У 1935 г. маці Баляслава адышла ад кіравання справамі кангрэгацыі. Жывучы ў Беластоку, яна займалася апостальскай, выхаваўчай і дабрачыннай дзейнасцю. Апошнія пяць гадоў свайго жыцця Баляслава была прыкута да ложка пасля цяжкага паралічу. Памерла 29 студзеня 1946 г. У 1971 г. быў пачаты працэс яе беатыфікацыі, які завяршыўся 5 чэрвеня 1991 г. Слуга Божы папа Ян Павел ІІ ад імя Касцёла аб’явіў яе годнай пашаны.

«Благаславіце Пана, брацкія сэрцы. Сэрцы, якім Ён раздаваў маімі вуснамі, вачамі, рукамі сваю дабрыню, патокі міласці, хлеб, а ў ім сябе самога на кожны дзень. А таксама Духа Суцяшыцеля, які абнаўляе аблічча зямлі, каб мы ўсе сабраліся вакол Святога Алтара хлеба і віна, быццам у Кане Галілейскай. Каб мы, злучаныя з Табою і моцаю Твайго Духа адно з адным, узнеслі малітвы: „Ойча наш, каторы ёсць у небе“» (Са сцэнкі «Тайна паклікання»).

Благаслаўлёная Баляслава вучыць нас сёння: «Трэба палюбіць Божую волю — зліцца з Богам». Менавіта палюбіць яе ўсім сэрцам, прагнуць, жадаць яе і шукаць, каб, пазнаўшы Божую волю, выканаць яе, каб яна стала нашай нівай і ежай. Благаслаўлёная Баляслава нястомна паўтарала: «Наша воля павінна зліцца з Божай воляй, як два кавалкі воску зліваюцца ў адзін». У гэтым заключаўся сакрэт яе духоўнасці. Яна была здольная да энергічных дзеянняў і адначасова жыла ў глыбокай душэўнай раўнавазе ў тыя нялёгкія часы.

Наследуючы прыклад благаслаўлёнай Баляславы, у глыбіні нашых сэрцаў даверым Богу свае клопаты і клопаты ўсяго свету, просячы ў малітве аб Святым Паўсюдным Касцёле, аб нашай радзіме, аб падзеленых братах хрысціянах, аб хворых і церпячых, аб хрысціянскіх сем’ях, аб людзях, прысвечаных Богу; аб усіх, хто страціў веру і любоў, аб тых, хто сумняецца, аб паміраючых і спачылых, а таксама аб нас саміх. Няхай добры Бог, які нястомна чуе нашы малітвы, спашле нам тое, аб чым мы просім Яго праз заступніцтва благаслаўлёнай Баляславы.

С. Нунэ Цітаян MSF
Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.