Пошук

25.09.2011 10:12   с. Нунэ Цітаян / Catholic.by

«Менавіта любоў „дарэшты“ (Ян 13, 1) надзяліла ахвярапрынашэнне Хрыста збаўчай і выратавальнай, ачышчаючай і пакрываючай каштоўнасцю. Ён усіх нас пазнаў і палюбіў, прыносячы ў дар сваё жыццё, „бо любоў Хрыста ахапіла нас, якія думаюць, што калі адзін памёр за ўсіх, то ўсе памерлі“ (2 Кар 5, 14). Ні адзін чалавек, будзь ён самы святы, не быў у стане прыняць на сябе грахі ўсіх людзей і аддаць сябе ў ахвяру за ўсіх. Існаванне ў Хрысце Боскай Асобы Сына, якая пераўзыходзіць і разам з тым ахоплівае ўсе чалавечыя істоты, учыняючы Яго Главой усяго чалавецтва, робіць магчымым Яго збаўчае ахвярапрынашэнне за ўсіх» (З Катэхізіса Каталіцкага Касцёла).

«Ззяе Крыж, якім свету дадзена збаўленне: Крыж перамагае, Крыж валадарыць, Крыж выганяе ўсе грахі. Аллелюя»

Мая першая ўсвядомленая сустрэча з Крыжом звязана з гісторыяй народа, да якога я належу. Мяне ўразіла карціна, якая з’явілася ва ўяўленні пасля прачытаных судовых дакументаў. Мужчын і жанчын, якія адмовіліся адрачыся ад сваёй веры, салдаты распіналі на крыжы. У той час, калі іх ахвяры курчыліся ў муках агоніі, яны крычалі ім: «Няхай цяпер твой Хрыстус прыйдзе і дапаможа табе». А самае жахлівае ў тым, што яны апускалі ўкрыжаваных людзей у раку, і ад вялізнай колькасці плывучых крыжоў і ўкрыжаваных цел рака выйшла з берагоў, яна памяняла сваё рэчышча. І тады я зразумела: Крыж — гэта ахвярнік.

Як выглядае наш, мой і твой грэх? Мне асабліва часта задавалі гэтае пытанне дарослыя веруючыя людзі. Бо нашы «маленькія свавольствы», «слабасці», «страсці», «жыццёвае павуцінне карыснай хлусні», нявернасць не так ужо і страшна выглядаюць. Бо нічога асаблівага, вартага асуджэння, мы не здзяйсняем у нашым жыцці, цікава, як жа ўсё-такі выглядае мой грэх? Адказ прыйшоў спантанна, як азарэнне. Паглядзі на Укрыжаванага — менавіта так выглядае твой грэх. Хрыстус пацярпеў за нас! Бог учыніў грахом Таго, які не ведаў граху, каб мы ў Ім сталі прыналежныя праведнасці Божай. Страшна? Не тое слова, нават жудасна і прыкра. Мне казалі, абураючыся, як гэта так можа быць. А вось менавіта так выглядае мой і твой грэх. Гэта толькі частка праўды аб нас, людзях. Грэх — гэта заўсёды смерць, грэх — гэта заўсёды боль і рана, грэх — гэта заўсёды параза, грэх — гэта заўсёды рабства і залежнасць. Мы смяротна паранены грахом, але да канца гэтага не ўсведамляем. Мы заблыталіся ў лабірынце ўласнага мыслення. Якое зло крыецца ў чалавеку, якая ўлада цемры, мы знаходзімся пад гіпнозам разбурэння і прабываем у пастаянным пошуку «казлоў адпушчэння». Вінаватыя ўсе навокал, толькі не мы, у нас прэзумпцыя невінаватасці. Такі спосаб мыслення чалавека заганяе ў тупік не толькі яго самога, але і ўсіх, хто аказваецца побач. Але Хрыстус учыніў свае адкрытыя раны на Крыжы калідорам, па якім мы выйдзем з лабірынту крывых і звілістых вуліц у Валадарства збаўленых. Ён грахі нашы сам узнёс целам сваім на дрэва, каб мы, пазбавіўшыся ад грахоў, жылі для праўды: ранамі Яго мы збаўлены. Мы, якія былі раней ворагамі, цяпер з’ядналіся з Богам смерцю Яго Сына.

Святы апостал Ян піша ў сваім пасланні: «Мы пазналі любоў Божую да нас і даверыліся ёй» (1 Ян 4, 16). Як пазнаць любоў Божую? Дзе апостал змог упэўніцца ў любові Езуса Хрыста? У падножжа Крыжа — вось сапраўднае Дрэва пазнання. У падлеткавым узросце ў сваіх марах пра будучага каханага я ўяўляла, як ён мужна змагаецца за мяне і ніякая небяспека не можа спыніць яго. Нават у самых рамантычных марах я не магла ўявіць, што хтосьці згодзіцца памерці за мяне, што хтосьці зможа здзейсніць такі дзівосны абмен: Яго смерць — маё жыццё… У Хрысце гэта становіцца рэальнасцю. Але мы па справах нашых заслужылі вечнае асуджэнне, прысуд Езуса Хрыста — гэта наш прысуд, гэта мы, якія штодзённа забіваюць любоў, заслужылі пракляцце і ганебную смерць. Сапраўды вялікі Пан. І як жа не даверыцца такой нічым не заслужанай, бязмежнай і вялікай Любові.

Бог — гэта спелы плод Крыжа.
Бог — гэта багаты плод Крыжа.
Бог — благаслаўлёны плод Крыжа,
Які мы зрываем падчас збору пладоў
У крыжовым садзе.
(Раман Брандштэттэр, «Дзень Гневу»)


Мы, людзі, забіваем і забіваемыя, смерць упісана у глыбіню нашай істоты. Але ў Езусе няма зла, няма ракавой прысутнасці смерці, ёсць толькі смерць з любові. Як цяжка нам зразумець простае словазлучэнне «смерць з любові»! Любоў моцная, як смерць. Чалавецтва да гэтай пары не можа адназначна паставіцца да знаку Крыжа. Для некага ён сімвал вар’яцтва, адчаю, а для тых, хто верыць у разважлівасць, — спакуса. Дрэва Ганьбы або Дрэва Жыцця, Крыж адчаю або Пасхальны Крыж? Нам неабходна прарабіць шлях ад Ганьбы да Жыцця, ад адчаю да Пасхі, у гэтым сэнс словаў Езуса: «І хто не бярэ крыж свой і не ідзе за Мною — той не варты Мяне». І тады для нас, хто верыць у Езуса Хрыста ўкрыжаванага і ўваскрослага, Крыж стане месцам доўгачаканай сустрэчы, знакам самай вялікай перамогі, аб якой мог бы марыць чалавек. На ім Пастыр, аддадзены як ахвяраванне любові, навекі раскрыў абдымкі, адкрыўшы сэрца, каб мы не правальваліся ў адчай, але прыпадалі да падножжа жыватворнага Крыжа. Бо толькі ён — Крыж Хрыстовы — адкрывае нам шалёную Божую любоў і напаўняе надзеяй. Гэтае Дрэва ад зямлі дасягае саміх нябёсаў, яно — вось свету, яно збірае ўсе нашы смуткі, каб аддаць іх агню Духа Святога.

«О вялікая таямніца любові! Смерць памерла, калі на гэтым Дрэве памерла Жыццё»

Падчас сузірання ўкрыжаванага Хрыста я зразумела, як моцна Бог прагне з’яднання з чалавекам, а чалавек бяжыць ад Яго, узносячы сцяну раздзялення, а потым да гэтай жа сцяны прыбівае Бога. Укрыжаваная Любоў. Адсутнасць Бога — гэта менавіта пекла. У чалавека ёсць два шляхі: або Бога забіць, або ўпасці да Яго ног, паўтараючы: «Пан мой і Бог мой», трэцяга не дадзена, таму што абыякавасць — гэта таксама забойства. Або дрэва жывое, або яно высахлае… Трэцяга не дадзена. Жадаеш пазнаць таямніцу Крыжа? Яна схавана ў сіле крыві Хрыстовай. Яна з вадой выцякае з прабітага сэрца Нябеснага Цара. Ці ўсведамляем мы сілу крыві Хрыстовай? Не тленным срэбрам або золатам адкуплены мы, але каштоўнай Крывёю Хрыста, як беззаганнага і чыстага Ягняці. Мы адкуплены Крывёю адзінароднага Сына Божага, нашы грахі абмыты крывёю Езуса Хрыста. І ў гэтую Кроў пераўтвараецца віно падчас кожнай святой Імшы, становячыся для нас сапраўдным пітвом, якое дае жыццё вечнае.

Хвала Хрысту,
Пакутуючай вінаграднай гронцы,
Сціснутай у давільні,
З якой выцекла да нашых убогіх вуснаў
Беззаганная кроў.
(Раман Брандштэттэр, «Дзень Гневу»)


Дарагі чытач! Прапаную Вам закончыць фразу «Крыж Езуса Хрыста для мяне — …» і пры гэтым прашу Вас быць крайне шчырымі перад сабой.

С. Нунэ Цітаян MSF

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця