Пошук

18.09.2011 11:05   с. Нунэ Цітаян / Catholic.by

«Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстус, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае: смерць ужо не мае над Ім улады» (Рым 6, 8–9).

«…І я зірнуў, і вось, конь бледны, і на ім коннік, якому імя смерць; і пекла ішло за ім следам…» (Ап 6, 8). Смерць з’яўляецца магутным і самым злым ворагам чалавека. Смерці Пан Бог не стварыў — гэта фундаментальная праўда аб смерці. «Бог стварыў чалавека для несмяротнасці, учыніў яго вобразам сваёй вечнасці. Але праз зайздрасць д’ябла ў свет увайшла смерць, і зазнаюць яе тыя, хто мае з ім удзел» (Мдр 2, 23–24). Як ні парадаксальна, але менавіта праз чалавека смерць увайшла ў свет. Яна — адплата за нашы беззаконні, плод нашага граху. «Падчас выпрабавання няхай ніхто не кажа, што Бог выпрабоўвае яго, таму што Бога нельга выпрабаваць злом і сам Ён не выпрабоўвае нікога. Але кожны выпрабоўваецца ўласнай пажадлівасцю, якая прыцягвае і зводзіць. А потым пажадлівасць зачне і народзіць грэх, а калі грэх пасталее, ён прыносіць смерць» (Як 1, 13–15). З ласкі Божай Езус Хрыстус «памёр за ўсіх», каб «смерцю пазбавіць моцы таго, хто валодае смерцю, значыць д’ябла». «Будучы ворагамі, мы прымірыліся з Богам праз смерць Сына Ягонага». Дзе і ў Каго можна вучыцца мастацтву памірання? «Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся? Дык вось, мы пахаваныя разам з Ім хрышчэннем у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос з мёртвых дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці. Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстус, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае: смерць ужо не мае над Ім улады» (Рым 6, 3–4, 8–9).

Вяртаючыся ў думках у дзяцінства, узгадваю адну асаблівую, не да канца дзіцячую гульню, якую сёння я назвала б «Асвойванне смерці». У бабулі быў вялікі, прадаўгаваты металічны таз з ручкамі, у ім яна звычайна замочвала пасцельную бялізну. З равеснікамі, нам тады было па пяць гадоў, мы выкралі яго ў бабулі, таму што яна не дазваляла нам у ім гуляць. Таз быў настолькі вялікім, што можна было спакойна ў ім паляжаць пяцігадоваму дзіцяці. Са здабычай мы ўбягалі высока ў горы, падалей ад дарослых вачэй, і гулялі ў сваю таямнічую гульню. У гэтай гульні былі тры ролі. Галоўную ролю выконваў нябожчык: ён клаўся ў тазік, складваў пакорна рукі і стараўся паказаць адсутнасць жыцця. Другая роля была самая цяжкая, у літаральным сэнсе гэтага слова: двое хлопчыкаў або чатыры дзяўчынкі павінны былі насіць так званую труну з памерлым. Трэцяя роля — самая простая, трэба было зрываць горныя кветкі і кідаць іх на нябожчыка. Пры гэтым яны гучна галасілі, імітавалі плач і пералічвалі заслугі і вартасці памерлага. Я помню, як я выконвала ролю нябожчыка. Лежачы ў цёплым тазіку, які нагрэўся ад горнага палячага сонца, я глядзела на блакітнае неба і воблакі. Мяне неслі, як маглі, спатыкаліся, пыхцелі, саплі, але неслі. Невыказныя адчуванні, калі на тваё цела нечакана падаюць кветкі. З-за водару горных кветак ты забываў, што гэта сумнае жалобнае шэсце. Складвалася ўражанне, што цябе нясуць па сцяжынцы славы. Я ўслухоўвалася ў галашэнні сваіх сяброў і сябровак, і мяне перапаўняла пачуццё гонару, бо яны пералічвалі мае вартасці і казалі: «Што ж мы будзем рабіць без яе, як жа нам далей жыць без яе?» І ў такой атмасферы я знаходзілася да той пары, пакуль рэзка, амаль заўсёды нечакана для «памерлага», пахавальная працэсія спынялася, і мне казалі, што трэба саступіць месца іншаму. Як ні дзіўна, абсалютна ўсе дзеці хацелі быць нябожчыкамі; ніхто не хацеў насіць — пагаласіць згаджаўся кожны. У гэтай дзіцячай гульні мы рэпеціравалі, рыхтаваліся да сустрэчы, асвойвалі таямнічую і страшную смерць. У нашым зямным жыцці мы таксама выконваем гэтыя тры ролі, дакладней ужо не выконваем, а яны становяцца часткай нашага быцця.

У апошні час мяне паралізуе думка аб тым, што мае бацькі ў нейкі вызначаны Богам момант павінны будуць адысці з зямлі жывых і вярнуцца ў дом Нябеснага Айца. Гэтая думка дапамагла мне стаць больш уважлівай і чулай у адносінах да маіх бацькоў. Я часцей тэлефаную ім, кожны раз расказваю аб сваёй любові, аб тым, што я імі ганаруся і дзякую ім за ўсё. Кожная размова заканчваецца маёй просьбай: «Беражыце сябе і адно аднаго для нас». Рэдкія сустрэчы з імі я перажываю з хваляваннем і трапятаннем, бацькі адчуваюць маю цеплыню і трывогу, яны нават спрабуюць мне дапамагчы. Шматразова на малітве я казала і кажу Богу, што бязмежна давяраю Яму, але змірыцца з думкай аб смерці бацькоў пакуль яшчэ не магу. Я не гатова, як кажа мой бацька: «Гэта не змяшчаецца ў ва мяне». Я не магу адпусціць іх нават у думках. Мне прасцей прыняць думку аб уласнай смерці, але толькі не аб смерці маіх бацькоў. Смерць — жорсткая і няўмольная разлучніца. Але я цвёрда веру і ўпэўнена ў тым, што, калі прыйдзе момант расставання, Суцяшыцель будзе са мной. Ён дапаможа мне перажыць разлуку і навучыць мяне новаму спосабу ўзаемаадносінаў з маімі бацькамі. Дакладней, праз Яго і ў Ім я буду ў еднасці з імі. На пахаваннях блізкіх людзей я часта задаю сабе пытанне: «Каго мы на самой справе аплакваем?» Часцей за ўсё мы аплакваем саміх сябе, а не спачылых. Проста як у маёй дзіцячай гульні: як жа мы далей будзем жыць без цябе? Бо наш пратэст, уся барацьба — гэта страх за сябе. Плач над сабою, плач аб сабе…

А калі мы адыдзем у вечнасць, хто будзе плакаць аб нас? Што застанецца пасля нас? Я хачу прапанаваць вам практыкаванне-разважанне, якое дапамагло мне зразумець каштоўнасць жыцця і сэнс смерці.

«Уявіце, што ляжыце ў труне ў касцёле падчас пахавальнай святой Імшы… Уважліва разгледзьце сваё цела, асабліва выраз твару…

Цяпер звярніце ўвагу на людзей, якія прыйшлі на ваша пахаванне… У думках прайдзіце па радах, углядаючыся ў твары… Спыняйцеся перад кожным з прысутных… Паспрабуйце адгадаць, аб чым думаюць гэтыя людзі, што яны адчуваюць…

Паглядзіце на святара… Услухайцеся ў яго гамілію… Што ён аб вас кажа?.. Што вы пры гэтым адчуваеце?..

Зноў угледзьцеся ў твары тых, хто прыйшоў на ваша пахаванне… Уявіце, што яны будуць пра вас казаць добрага, калі пахаванне скончыцца…

Ці хочаце вы што-небудзь сказаць кожнаму з іх, перш чым яны пойдуць, якое-небудзь развітальнае слова ў адказ на ўсё тое, што яны думаюць і адчуваюць ў дачыненні да вас, слова, якое, на жаль, яны ніколі цяпер не пачуюць?.. Усё роўна скажыце гэта…

Пахавальная цырымонія завершана. Вы стаіце над магілай, у якой ляжыць ваша цела, і бачыце, як вашы блізкія пакідаюць могілкі. Што вы адчуваеце, стоячы тут і ўзгадваючы сваё жыццё?.. Ці мела сэнс жыць?..

Вярніцеся ў рэальнае. Вы тут, у сваім пакоі. Усвядомце, што вы жывыя і што ў вас яшчэ ёсць час… Ці змяніліся вашы адносіны да блізкіх вам людзей?.. Як вы цяпер ставіцеся да самога сябе?..»


Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць (Лк 20, 38).

С. Нунэ Цітаян MSF
Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця